Вітаем шчыра фестываль! Няхай талент правіць баль!
Юрый Бондар, міністр культуры Рэспублікі Беларусь:
Паважаныя арганізатары, удзельнікі і госці фестывалю! Шчыра вітаю вас на XХIХ Міжнародным фестывалі народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік»!
Чарговы раз гасцінны горад Паставы, дзе гістарычна склаліся і развіваюцца цікавыя музычныя традыцыі, збірае разам лепшых выканаўцаў, даследчыкаў і аматараў народнага музычнага мастацтва.
Нацыянальны каларыт, шчырасць, душэўнае цяпло, яскравы тэмперамент кожнага ўдзельніка фестывалю і мэтанакіраваная работа яго арганізатараў ствараюць у гэтыя дні сапраўднае свята народнай музыкі, дзе пераплятаюцца розныя віды і жанры мастацтва.
Сёлетні фестываль накіраваны ўразіць сваёй шматграннасцю і каляровай палітрай песенных і танцавальных мелодый, сольных і ансамблевых найгрышаў у выкананні народных музыкаў з усіх рэгіёнаў Беларусі і замежных краін. А панаваць будзе беларуская дуда, якая прайшла цярністы шлях свайго адраджэння ў тым ліку на гэтым фестывалі.
Дзякую кожнаму з вас за шчодрасць і адданасць народным мастацкім традыцыям, захаванне і развіццё нацыянальнай культурнай спадчыны. Упэўнены, што фестываль стане для вас сапраўдным незабыўным святам, падорыць шмат цікавых знаёмстваў і новых сяброў.
Жадаю ўсім натхнення, надоўга захаваць яркія ўражанні і радасныя пачуцці ад чарговай сустрэчы з народнай творчасцю і, несумненна, гасціннасцю і дабразычлівасцю пастаўчан.
Мікалай ШАРСНЁЎ, старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта:
Шаноўныя госці, удзельнікі фестывалю, жыхары Пастаўшчыны! Сардэчна віншую вас з адкрыццём XXIX Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» у горадзе Паставы! Сёлетні фестываль асаблівы, бо ён праходзіць у год, абвешчаны ў нашай краіне Годам малой радзімы.
Для Віцебскай вобласці правядзенне фестывалю стала добрай традыцыяй. Ён стаў сапраўдным святам для жыхароў і гасцей рэгіёну. Народная музычная культура выконвае важную ролю ў нашым жыцці. Дзякуючы ёй мы адчуваем сувязь са сваёй гісторыяй і продкамі, пераймаем закладзеныя імі маральныя асновы.
Прыемна, што сёлета ў фестывалi прымуць удзел прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі, а таксама госці з Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Iндыі. Знакавай падзеяй фестывальнага жыцця з’яўляецца конкурс «Хто каго?», які штогод адкрывае новыя імёны таленавітых музыкантаў з розных краін свету. Упэўнены, што сёлетні фестываль будзе багаты на яркія мерапрыемствы і цікавыя сустрэчы, стане адметнай з’явай у культурным жыцці не толькі Віцебшчыны, але i ўсёй Беларусі.
Жадаю ўдзельнікам фестывалю святочнага настрою, творчага натхнення, міру і дабрабыту!