У двары – дыван з кветак
Аб’яднанне камунальных службаў акрэсліла самыя прыгожыя стаўбцоўскія двары і актыўных удзельнікаў конкурсу на званне «Лепшы двор», прысвечанага 425-годдзю Стоўбцаў.
– Конкурс працягваецца, – папярэджвае намеснік дырэктара Стаўбцоўскага АКС Галіна Гараднік, – але мы вырашылі праехаць па дварах, пагутарыць з людзьмі. Убачылі вельмі цікавыя прыклады, за якія хочацца выказаць падзяку тым, хто не паленаваўся і стварыў прыгажосць для сябе і іншых.
Сярод іх – двор па вуліцы Цітова, 16. Прыемна паглядзець на яго добраўпарадкаванне, зробленае рукамі саміх жыльцоў. Яны пачалі шчыраваць яшчэ ў мінулым годзе. Так, стала кветнікам… старая дзіцячая каляска. У двары «разгульваюць» сімпатычныя чарапашкі, можна прысесці за адзін са столікаў і палюбавацца на гэтыя і іншыя малыя архітэктурныя формы, падказаныя фантазіяй жыльцоў. Гэта вабіць да сябе дзяцей і з іншых дамоў, і нават з іншых мікрараёнаў горада. Кожны з жыльцоў унёс сваю лепту, але найбольш пастараліся Л. Я. Цеўшчакава, В. Э. Дзенісенка.
У двары па вуліцы Цэнтральнай, 11, створаны свой утульны куточак, у якім «дзумкаюць» пластыкавыя пчолкі, «падрастаюць» драўляныя грыбочкі і, безумоўна, кветкі і іншыя насаджэнні, аздобленыя каменьчыкамі. Завадатары сярод жыльцоў «дзевяціпавярхоўкі» ў аздабленні двара – А. А. Змачынская, Н. М. Арлова.
Варта адзначыць і двары дамоў № 25 па вуліцы Свярдлова, № 11 па вуліцы Царука, дзе заўсёды шмат кветак і не адвесці вачэй ад квітучага дывана.
– Аздоба нашым дварам робіцца, як правіла, са спадручных матэрыялаў і прыносіць задавальненне і дарослым, і дзецям, – падводзіць вынік Галіна Гараднік.
Падвесці вынікі конкурсу на званне «Лепшы двор» мяркуецца напрыканцы чэрвеня, акурат да святкавання 425-годдзя Стоўбцаў. Упрыгожвайце свае двары і ўдзельнічайце ў конкурсе!
Ад рэдакцыі варта дадаць, што стаўбцоўскія камунальнікі не ўпершыню аб’яўляюць падобны конкурс. Раней спаборніцтва на лепшую сядзібу праходзіла сярод жыльцоў вуліцы Першамайскай, і яно таксама дало штуршок да таго, каб праявіць фантазію і ўпрыгожыць сваю вуліцу. Ад гэтага прыемна было не толькі тым, хто жыве на Першамайскай, а і ўсім, хто рухаўся па гэтай транзітнай вуліцы.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ