Пытанні жыццёвыя, адказы – шчырыя
На прыём грамадзян да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алены Анісім звярнуліся жыхары Стоўбцаў з жыццёва важнымі пытаннямі.
Грамадзянка Б. расказала Алене Мікалаеўне сваю жыццёвую сітуацыю. Яе сын загінуў, нявестка была пазбаўлена бацькоўскіх правоў. Дваіх унукаў жанчына забрала на выхаванне ў сваю сям’ю. Зараз яны ўжо дарослыя людзі. Але пажылую жанчыну-бабулю хвалюе праблема: яе дарослых унукаў не ставяць на чаргу для атрымання жылля. Дзе яны будуць пражываць, калі раптам яе не стане? Сапраўды, пытанне патрабуе дадатковага вывучэння.
Жыхарка М. з г. Стоўбцы (мікрараён Акінчыцы) агучыла дэпутату сітуацыю, якая яе вельмі хвалюе: пачынаюцца канікулы, дзеці гуляюць у мяч на праезджай частцы да позняга вечара. Бацькі не прымаюць ніякіх мер для бяспекі сваіх дзяцей. Пытанне накіравана для разгляду ў РАУС.
Індывідуальны прадпрымальнік Г. звярнуўся да Алены Анісім з просьбай дапамагчы разабрацца, чаму Мінскім аблвыканкамам яму зменены графік работы і маршрут.
Усе пытанні, узнятыя падчас прыёму грамадзян, узяты на кантроль.
Нэлі АСТРЭЙКА,фота аўтара
