«Вясковы экстрым» – трапна гумарым
Спяваюць, танцуюць, жартуюць. Так коратка можна ахарактарызаваць творчасць тэатра песні «Вясковы экстрым» Камайскага сельскага Дома культуры. Калектыву сёлета спаўняецца пяць гадоў, усе яго выступленні гледачы суправаджаюць залівістым смехам і гучнымі апладысментамі.
— У нашым СДК вакальная група існавала і раней, а пяць гадоў таму мы стварылі яшчэ і мабільную, у сэнсе невялічкую, групу артыстаў, якая стала выступаць не толькі ў Камаях, але і ў іншых населеных пунктах Пастаўшчыны і на раённай сцэне, — расказвала пра ўзнікненне тэатра песні дырэктар Камайскага СДК Галіна Бразюль. — Наша мэта — развесяліць гледачоў, прымусіць іх забыць пра паўсядзённыя турботы.
У першапачатковы склад калектыву ўваходзілі чатыры чалавекі. Зараз ён крыху пашырыўся. Цудоўны настрой гледачам дораць Галіна Бразюль, Эмілія Паўлава, Кацярына Дзісько, Алена Кашаева, Наталля Смільгін, Анастасія Невядомская, Ліана Каравацкая і Ян Каськевіч. Гэта работнікі не толькі сферы культуры, але і медыцыны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, абслугоўвання. З прыходам у калектыў Яна, які грае на баяне, часткова адмовіліся ад фанаграмы.
Рэпертуар «Вясковага экстрыму» складаюць сюжэтныя песні, жарты, анекдоты, гульні, вясёлыя танцы. Над яго стварэннем і пашырэннем працуюць усе. Аднак асноўная частка сабранага і творча апрацаванага матэрыялу належыць кіраўніку калектыву.
— Сюжэтныя песні з польскай і рускай моў перакладаю на беларускую, з вядомых песень мінулых гадоў складаю папуры, бо людзям падабаецца чуць знаёмы рэпертуар, падпяваць артыстам. Кур’ёзныя, недарэчныя сітуацыі падкідвае само жыццё. Усё гэта ўтрыруецца і адаптуецца пад нашу мясцовасць, — дзялілася прафесійнымі тонкасцямі Галіна Бразюль. — Вынік — паўтары гадзіны здаровага смеху.
Тэмы для жартаў — сельскае жыццё, здароўе, каханне, дзеці, святы, падсобная гаспадарка, грошы, гандаль, пахудзенне і нават космас. Адным словам, усё, што хвалюе і цікавіць людзей. Са сваёй праграмай альбо вытрымкамі з яе камайцы выступалі на многіх пляцоўках раёна, прадстаўлялі Пастаўшчыну на «Дажынках» у Талачыне, конкурсе тэатралізаваных пляцовак брэндаў гарадоў і раёнаў вобласці на «Славянскім базары ў Віцебску». Без іх удзелу не абыходзяцца ні адно свята вёскі ў сельсавеце, выніковыя сходы ў гаспадарцы, раённыя кірмашы і Масленіца. Завітваюць павіншаваць юбіляраў на дом, падбадзёрыць трактарыстаў і камбайнераў падчас уборачнай кампаніі ў поле, стварыць настрой выбаршчыкам на выбарчыя ўчасткі. У планах — паездка на рэгіянальнае свята «Яблычны Спас» у вёску Алашкі Шаркаўшчынскага раёна. Жартуюць, што, каб мелі ўласны транспарт, то аб’ехалі б увесь свет. Пакуль жа з ім дапамагаюць старшыня сельскага Савета Генадзій Урбанайць і намеснік па ідэалагічнай рабоце ААТ «Камайскі-агра» Юрый Плюта. Апошняга «экстрэмалы» задзейнічаюць у сваіх выступленнях яшчэ і ў якасці вядучага. Убачыць калектыў падчас фестывалю можна будзе на аглядзе-конкурсе сельскіх падворкаў.
Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ