Паляцела дзяцінства паветраным шарам
Надзвычай прыгожа прайшла ў сераду святочная лінейка, прысвечаная апошняму званку, у Мышанскай сярэдняй школе. Упрыгожаны паветранымі шарамі ганак школы, старанна выведзены рознакаляровай крэйдай надпіс “Выпуск 2018” на асфальце, мора кветак і прыгожых сукенак – усё неяк узнімала настрой.
Дваістыя пачуцці былі ў гэты дзень у выпускнікоў 11 класа: радасць ад таго, што завяршыўся навучальны год, і смутак ад раставання з любімымі настаўнікамі, з сябрамі і ўрэшце з бесклапотным дзяцінствам. А слёзы на вачах дзяўчат паказалі, наколькі рабяты за гады вучобы з’ядналіся і сталі, нібы адна дружная сям’я.
15 выпускнікоў пасля здачы выпускных іспытаў зробяць першыя крокі ў самастойнае жыццё. Павіншаваць іх з заканчэннем школы і пажадаць поспехаў у далейшым завіталі ў гэты дзень ганаровыя госці – старшыня райсавета дэпутатаў Сяргей Макарэвіч, старшыня Мышанскага сельвыканкама Ірына Баяшэнка, начальнік мышанскага ўчастка КУП “Петрыкаўскі райжылкамгас” Уладзімір Раманюк, кіраўнік аддзялення “Мышанка” УП “Палессе-Аграінвест” Людміла Кілбас.
Шмат шчырых пажаданняў прагучала на адрас выпускнікоў. Не засталіся ў баку і першакласнікі.
Былі традыцыйныя падарункі і ўзнагароды. Сяргей Макарэвіч ад імя райсавета дэпутатаў уручыў школе сертыфікат на бульбачыстку, а Ірына Баяшэнка ад дэпутацкага корпуса – набор мячоў. Дарэчы, такія наборы ад райсавета дэпутатаў і сельвыканкамаў атрымалі і астатнія школы раёна. Лепшыя ж вучні школы, а таксама пераможцы і прызёры рэспубліканскага, абласнога і раённага этапаў конкурсаў і алімпіяд атрымалі Ганаровыя граматы і дыпломы.
Кветкі адзінаццацікласнікі ўручылі ўсім настаўнікам і працаўнікам школы, якія былі побач з рабятамі ўсе гэтыя гады. Асаблівую ўдзячнасць выпускнікі выказалі свайму класнаму кіраўніку Ларысе Шэвель.
Вось і наступіў самы хвалюючы момант – апошні званок. Яго для вучняў і выпускнікоў далі адзінаццацікласніца Аляксандра Карабун і першакласніца Соф’я Нямцова. Адразу ж пасля яго ўзвіліся ў блакіт неба 15 паветраных шарыкаў – сімвал дзяцінства, якое перадае эстафету новаму этапу ў жыцці рабят.
Пажадаем выпускнікам паспяхова здаць іспыты і цэнтралізаванае тэсціраванне, паступіць у жаданыя навучальныя ўстановы, адвучыцца і вярнуцца на сваю малую радзіму дыпламаванымі спецыялістамі. Поспехаў вам у жыцці!
Дзмітрый БЯЛЬКО.
Фота аўтара.