Укралі… в’етнамскую свінню
01.06.2018
—
Разное
У Івацэвіцкі РАУС звярнулася з заявай жыхарка в. Гошчава, якая паведаміла, што з хлява, дзе ў яе ўтрымліваецца дамашняя жыўнасць, неўстаноўленая асоба ўкрала в’етнамскую свінню; гаспадары ацанілі яе кошт у 350 рублёў. Калі міліцыя пачала разбірацца, то сутыкнулася з наступным фактам: доступ у хлеў быў свабодны. Злодзей не меў перашкод, у хлеў ён зайшоў, не маючы нават мінімальных праблем. Хіба, можа, толькі свіння магла аказаць яму супраціўленне?!
Узбуджана крымінальная справа.
Гэта абуральная статыстыка, але за бягучы год 39 з зарэгістраваных у нашым раёне 55 крадзяжоў здзейснены шляхам свабоднага доступу. Карацей, матэрыяльныя каштоўнасці або ляжалі пад адкрытым небам, або не закрываліся на замок, калі знаходзіліся ў памяшканні.
Крадуць веласіпеды, мабільнікі і г. д., якія паставілі-паклалі і “забылі”, а злодзей “не забыў”... З двара жылога дома па вул. Быценскай вёскі Заполле ўкралі дзевяць чыгунных металаканструкцый… Такія злачынствы раскрываюцца цяжка – злодзей пакідае мала слядоў, бо доступ свабодны, а пасля здарэння праходзіць нямала часу. Шаноўныя грамадзяне, зрабіце “рэвізію” сваёй гаспадаркі і сваёй маёмасці! Тое, што мае нейкі кошт, што можа зацікавіць злодзея, павінна захоўвацца пад замком – гэта спыніць многіх!
Яўген МІХНЮК, начальнік аддзялення аховы грамадскага парадку і прафілактыкі Івацэвіцкага РАУС.