Комплексная меліярацыя зямель на Палессі бярэ пачатак у 60-х гадах мінулага стагоддзя. Цяпер цяжка ўявіць, але яшчэ паўвека таму на Століншчыне ўдавалася сабраць з кожнага гектара максімум па 10-12 цэнтнераў збожжавых, 100 цэнтнераў бульбы. Прыгодных для вырошчвання сельскагаспадарчых культур угоддзяў было зусім мала. Затое хапала балот, якія хавалі ў сваіх чаротах будучыню высокіх ураджаяў.
Калі агледзець мінулы час у сэнсе асваення забалочаных угоддзяў, дык гэта можна назваць цэлай рэвалюцыяй у пераўтварэнні нашага краю. Цяпер практычна ўся сельскагаспадарчая прадукцыя вырошчваецца на месцы былой багны, а па ўзроўні ўраджаяў Століншчына адзначаецца ў ліку лепшых у краіне.
Перасовачная механізаваная калона № 62 – жывая гісторыя, дзейсны сведак усіх пераўтварэнняў на столінскіх землях. Створаная з цэнтрам у вёсцы Плотніца, гэтая арганізацыя за мінулыя дзесяцігоддзі аказала рашаючы ўплыў на карэннае паляпшэнне выкарыстання прыродных рэсурсаў рэгіёна.
На цяперашнім этапе меліяратары займаюцца капітальным рамонтам і рэканструкцыяй зношаных і састарэлых меліярацыйных сістэм. ПМК-62 вядзе работы на трох аб’ектах.
На меліярацыйнай сістэме “Відзібор” да жніўня гэтага года будзе здадзена ў эксплуатацыю 285 гектараў ворыва. На аб’екце ўкладзены працягласцю 24 кіламетры дрэнаж з рэгуляваннем паверхневага сцёку, пачышчаны старыя каналы, пакладзены трубы-пераезды, выдалены хмызнякі, зроблена ўзорванне, дыскаванне, планіроўка.
На рэканструкцыі аб’екта “Марочна” ў якасці субпадрадчыка арганізацыяй да канца года будзе ўведзена ў эксплуатацыю 120 гектараў, дзе таксама робіцца падчыстка каналаў, укладваецца дрэнаж, вертыкальная планіроўка.
Новая меліярацыйная сетка ствараецца на пераўвільготненых землях у раёне вёскі Старына. На 280 гектарах тут будзе закладзены дрэнаж працягласцю 28 кіламетраў, пабудавана 6,3 кіламетра дарогі і асвоена палавіна запланаваных сродкаў па меліярацыі аб’екта.
Сярод тых, хто вызначаецца плённай работай на пераўтварэнні зямель, машыністы экскаватараў Мікалай Мікалаевіч Вабішчэвіч, Васіль Савіч Савашынскі і Аляксандр Рыгоравіч Несцяровіч, якія мяняюць аблічча былога балота, механізатар-трактарыст Андрэй Іванавіч Прылуцкі, які пракладвае першую баразну на аб’ектах. Стараннасцю вызначаюцца ў працы вадзіцель грузавога аўтамабіля Анатоль Мікалаевіч Шэлест, вадзіцель аўтобуса Мікалай Мікалаевіч Гузавец, рабочы Анатоль Яфімавіч Яхнавец.
Фёдар ШУМКО
Фота
Аўтара