Увага да людзей прыносіць плён

Источник материала:  
31.05.2018 — Разное

Увага да людзей прыносіць плён

Зацверджана Дошка гонару Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, на якую занесены фотаздымкі дванаццаці лепшых прафсаюзных лідараў і сацыяльных партнёраў прадпрыемстваў і арганізацый сферы АПК вобласці. Гэта прызнанне заслуг прафсаюзных работнікаў, іх дзейнасці па ўрэгуляванні сацыяльна-працоўных адносін у калектыве, павышэнні ролі і аўтарытэту прафсаюзаў у грамадстве. Сярод адзначаных старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ТАА «СЖК «Налібакі» Міраслаў Грыгаровіч, які працуе ў таварыстве інжынерам па ахове працы. Міраслава Лёнгінавіча павіншаваў, уручыў пасведчанне старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода (на здымку).

Прафсаюзная пярвічка ў сельскагаспадарчым жывёлагадоўчым комплексе ўтварылася шэсць гадоў назад.

– Менавіта пасля таго, як таварыства ўзначаліў новы кіраўнік Віталій Кушнер, – расказвае Міраслаў Грыгаровіч. – Ён у ліку першых напісаў заяву. Разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамарай Калошыч мы пабывалі на кожнай ферме, пагаварылі з работнікамі. Людзі не адразу паверылі ў тое, што ў іх шэрых працоўных буднях нешта можа змяніцца, таму на арганізацыйным сходзе па стварэнні прафсаюзнай пярвічкі галасавалі не ўсе. З 168 працаўнікоў устрымаліся тады васямнаццаць, але неўзабаве і яны сталі членамі прафсаюза.

– Міраслаў Лёнгінавіч, а з чаго пачалася ваша работа як старшыні прафсаюзнага камітэта?

– Разам з кіраўніцтвам таварыства мы адразу ж пачалі падрыхтоўку праекта калектыўнага дагавору, у які ўнеслі ўсе рэкамендаваныя нормы па паляпшэнні ўмоў працы і адпачынку работнікаў. З яго прыняццем нашы працаўнікі адчулі той немалы клопат, які праяўляюць прафсаюзы аб сваіх членах, бо ў гэтым дакуменце прапісаны ўсе іх сацыяльныя правы і гарантыі. У прыватнасці прадугледжана выплата сярэднямесячнага заробку за кожны працэнт страты працаздольнасці пры атрыманні работнікам калецтва або прафесійнага захворвання, як занатавана ў галіновым тарыфным пагадненні. Аказваем дапамогу шматдзетным сем’ям, віншуем работнікаў з дзяржаўнымі святамі.

Усе пункты і палажэнні дагавору ў нас выконваюцца ў поўным аб’ёме.

– Якія захады прымаюцца для таго, каб палепшыць умовы працы людзей?

– Наводзіцца парадак у бытавых памяшканнях, усе яны ацяпляюцца. Устаноўлены воданагравальнікі для душавых, набыты новыя гардэробныя шафы. Абсталяваны кабінеты брыгадзіраў фермаў. На кожнай ферме ўстанавілі пральныя машыны-аўтаматы. Рэгулярна работнікам выдаюцца спецадзенне, сродкі індывідульнай аховы, сродкі гігіены. Занятыя на палявых работах працаўнікі забяспечваюцца гарачым харчаваннем. У сталовай праведзены рамонт, набыта новае абсталяванне для кухні. Дырэкцыяй і прафкамам многае робіцца для таго, каб у працаўнікоў была дастойная заработная плата, якая павялічваецца з кожным годам. Увага да людзей прыносіць плён: яны працуюць з большай аддачай, што вядзе да росту прадукцыйнасці працы. Паказчыкі работы ў жывёлагадоўчай галіне ў ліку лепшых у раёне, некалькі гадоў запар нашы жывёлаводы ў лідарах і па вытворчасці малака.

– Як арганізаваны вольны час работнікаў таварыства?

– На правядзенне культурна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы на рахунак прафкама наймальнікам кожны месяц пералічваецца 0,3 працэнта ад фонду аплаты працы. Нашы працаўнікі пабывалі ў экскурсійна-турыстычных паездках у Санкт- Пецярбург, Адэсу, Маскву, Нясвіж, Мірскі замак, Дукорскі маёнтак. Набываем білеты на канцэрты, цыркавыя прадстаўленні. Разам з сельскім выканаўчым камітэтам, мясцовым Домам культуры праводзім навагоднія агеньчыкі, святы вёсак.

– Якія яшчэ перавагі адчулі людзі пасля стварэння прафсаюзнай арганізацыі?

– Нашы работнікі цяпер прымаюць актыўны ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, атрымліваюць граматы і падзякі за сваю нялёгкую працу. За справаздачны перыяд 14 членаў прафсаюза ўзнагароджаны граматамі і падзякамі абкама прафсаюза работнікаў АПК, 12 – райкама прафсаюза. Ушаноўваюцца жывёлаводы па выніках работы за год і ў рамках рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод». Аператар машыннага даення Алеся Дубіцкая прымала ўдзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным ушанаванню лепшых жывёлаводаў рэспублікі, якое праходзіла ў рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў. Прымаем актыўны ўдзел у злётах перадавікоў, раённых спартакіядах – сёлета занялі другое месца ў зімовай спартакіядзе.

– Пажаданні прафсаюзнай пярвічцы і ў далейшым плённа працаваць на карысць людзей.

– Дзякуй. Мы стараемся. Многае ўжо зроблена для паляпшэння ўмоў працы жывёлаводаў, навядзення парадку на прыфермскіх тэрыторыях, а таксама на мехдвары, але нямала яшчэ трэба выканаць. Будзем надалей рабіць усё для таго, каб людзям лепш жылося, разнастайваць іх вольны час. Пастаўленыя перад намі вышэйстаячымі прафсаюзнымі органамі задачы будзем паступова выконваць.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

←Светлана Алексиевич отмечает 70-летие

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика