Пасяджэнні саюза наймальнікаў і савета дырэктараў адбыліся на Смаргонскім ЛМЗ
Спачатку для ўдзельнікаў двух мерапрыемстваў арганізавалі кароткую экскурсію па заводскай тэрыторыі, вытворчых цэхах, паказалі выпускаемую прадукцыю. Кіраўнік прадпрыемства Эдуард Падгайскі расказаў аб мадэрнізацыі прадпрыемства, а крыху пазней, ужо ў актавай зале адміністрацыйнага корпуса – аб вытворчай дзейнасці і перспектывах развіцця ліцейна-механічнага завода.
Затым слова было прадастаўлена госцю з Мінска, трэнеру персанальных кіраўніцкіх навыкаў, майстру-практыку нейралінгвістычнага праграмавання аднайменнага сталічнага інстытута Юрыю Бяспалаву. Ён распавёў пра тое, як кіраваць камунікацыямі, абставінамі, іншымі людзьмі, быць стрэсаўстойлівым.
Аб рабоце Гродзенскага абласнога саюза наймальнікаў паведаміла намеснік дырэктара выканаўчай дырэкцыі ГАСН Вольга Вольтэр. Яна папрасіла кіраўнікоў прадпрыемстваў звяртацца з невырашальнымі праблемамі ў абласны саюз наймальнікаў, які перашле іх для разгляду ва ўрадавыя колы.
Пасля заканчэння пасяджэння саюза наймальнікаў пачаўся савет дырэктараў. У ім прыняў удзел старшыня райвыканкама Генадзь Харужык. Былі разгледжаны вытворчыя і гаспадарчыя пытанні, заслуханы справаздачы некаторых кіраўнікоў аб паляпшэнні работы прадпрыемстваў і арганізацый.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.