Прыносіць карысць дзецям

Источник материала:  
30.05.2018 — Разное

Прыносіць  карысць  дзецям
“Хацелася забраць іх сабе”, – такія пачуцці былі ў метадыста па ахове правоў дзяцінства Таццяны Пінчук пры першым адбіранні чатырох дзяцей ад маці. А дзеці хаваліся, не хацелі ехаць у інтэрнат. Падобных гісторый за 24 гады яе працы ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама нямала: “Не пералічыць, колькі дзяцей перадала ў дом дзіцяці, колькі было адказнікаў…”. І ўсе выпадкі яна прапускае праз сваё сэрца. “Гэта вельмі цяжка, – прызнаецца жанчына. – Але я ніколькі не шкадую, што столькі гадоў тут працую. Гэта тая работа, якая мне блізкая – быць на баку непаўналетніх і сірот, абараняць іх правы і інтарэсы. Мне неабы­якавы лёс кожнага дзіця. Мы імкнёмся даць кожнаму з іх магчымасць жыць у сям’і. Гэта маё – прыносіць карысць дзецям”. Шмат гадоў боль ад ня­шчасцяў розных сем’яў з Т. Пінчук раздзяляе яе калега Галіна Плюскевіч. Сама Таццяна Іванаўна метадыстам пачала працаваць у 1994 годзе. Дагэтуль рабіла спачатку намеснікам старшыні “Таварыства аматараў кнігі”, пасля ліквідацыі таварыства выкладала рускую мову і літаратуру ў школе. Працавала з задавальненнем, бо па адукацыі – настаўніца, скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны – пайшла па слядах маці. Таму пакідаць школу было шкада. Педагагічны ўніверсітэт скончыла і дачка Таццяны Іванаўны Алена. Зараз сям’я рыхтуе яшчэ аднаго філолага – маленькую ўнучку Дыяну, якая на раённай алімпіядзе ўжо атрымала дыплом 3 ступені.
“Яна навучыла мяне ўсяму, перадала свой вялікі вопыт, за што я вельмі ёй удзячна”, – сказала суразмоўца пра свайго першага начальніка ў аддзеле адукацыі гарвыканкама Валянціну Доб­русеву. Аб’ём працы метадыста па ахове правоў дзяцінства вялікі. Падчас размовы Таццяна Іванаўна нагадвае розныя свае абавязкі. “Частыя госці ў судзе”, – кажа яна. Метадыст займаецца пытаннямі па адбіранні дзяцей, пазбаўленні бацькоўскіх правоў, устанаўленні апякунства, жыллёвымі пытаннямі сірот, спрэчкамі па выхаванні дзяцей… “Вельмі складаная работа – і маральна, і юрыдычна, і фізічна”, – падзялілася суразмоўца. Яшчэ яна курыруе метадычнае аб’яднанне педагогаў сацыяльных, з’яўляецца засядацелем абласнога суда. Таццяна Іванаўна працуе ў службе “Адно акно”, дзе вядзе 14 адміністрацыйных працэдур. Так, Дэкрэт № 18 дае магчымасць бацькам, якія выправіліся, на працягу 6 месяцаў вярнуць дзіця. І многія з іх, па словах спецыяліста, выпраўляюцца – ка­дзіруюцца, уладкоўваюцца на працу, атрымліваюць жыллё. Менш стала адказнікаў, ахвотней знаходзяцца апекуны са сваякоў. Шмат прайшло праз метадыста і ўсынаўленняў, за ўвесь час работы – недзе 40-45 дзяцей. Т. Пінчук адкрывала першы дом сямейнага тыпу, шукала бацькоў-выхавальнікаў, адкрывала і першы дзіцячы прытулак. На сёння ў раёне 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дзе выхоўваюцца 19 дзяцей, 14 прыёмных сем’яў. У апякунскіх сем’ях знаходзяцца 35 дзяцей-сірот. За шматгадовую добрасумленную працу метадыст атрымала нямала грамат – райвыканкама, упраўлення адукацыі аблвыканкама.
Сваіх дзяцей у жанчыны двое – дачка Алена і сын Віталій, двое ўнукаў – 10-гадовая Дыяна і Павел, які нядаўна толькі нарадзіўся. “Жыццё ідзе недарэмна, я рэалізавала сябе”, – сказала Таццяна Іванаўна. Па натуры сваёй яна – аптыміст, стараецца не перажываць, заўсёды верыць у лепшае. “Пакуль жыву – спадзяюся”, – з такім дэвізам ідзе па жыцці гэта энергічная, адкрытая, шчырая жанчына. Твар яе свеціцца дабрынёй, з вуснаў не сыходзіць усмешка. У Таццяны Іванаўны шмат захап­ленняў, уласны дом, ёсць агарод і гаспадарка. “Кветак у мяне – мора. Гэта маё хобі, мая сла­басць”, – сказала суразмоўца. Вясна пачынаецца з цюльпанаў, нарцысаў, затым красуюць гіяцынты, лілеі, ружы, касачы, да самых маразоў радуюць хрызантэмы. Жанчына любіць адпачываць на прыродзе, асабліва рыбачыць. Іграе на баяне (скончыла музычную школу), спявае, раней удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Лета праводзіць з унучкай: “Усе кніжкі з ёй перачытаем”. Сіл Таццяна Пінчук набіраецца падчас адпачынку ў цёплых краінах, кажа: “Мяне заспакойвае толькі мора”.
Анжэліка Саўчанка.

←«Львенок» и «Art Kids»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика