«У ружжо!» на добрыя справы
Ускапаць агарод ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, дапамагчы сабрацца ў школу дзецям з малазабяспечаных і мнагадзетных сем’яў, падарыць ім навагоднюю казку, выступіць суарганізатарамі спартыўных і ваенна-патрыятычных мерапрыемстваў. Усё гэта і многае іншае па сілах актывістам пярвічнай арганізацыі БРСМ пагранкамендатуры «Паставы» і пагранзаставы «Ярэва», якую ўзначальвае капітан Дзмітрый Бурак.
Дзмітрый — намеснік начальніка рэзервовай пагранзаставы пагранічнай камендатуры «Паставы». Менавіта ад яго залежыць агульны настрой воінскага калектыву, бо хто, як не ён, падбадзёрыць, навучыць, выхавае, зарадзіць энергіяй? Тое ж, па сутнасці, патрабуецца і ад сакратара пярвічкі маладзёжнай арганізацыі. І са сваімі абавязкамі ён спраўляецца.
— Адказны, мэтанакіраваны, спагадны, адкрыты насустрач новым ідэям. Яму можна даверыць любую справу і не хвалявацца за вынік, — такім убачыла Дзмітрыя Бурака за час сумеснай працы выконваючая абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Вераніка Казлоўская. — У нас ёсць план сумесных мерапрыемстваў. У год іх бывае, як мінімум, 25. І ўсе яны праходзяць на высокім узроўні.
За чатыры гады службы ў якасці ідэолага Дзмітрый Бурак наладзіў сувязь з усімі грамадскімі аб’яднаннямі, многімі арганізацыямі і школамі раёна, царквой і касцёлам. У пагранічнікаў шмат сумесных акцый і мерапрыемстваў са школьнікамі. Асабліва плённа атрымліваецца працаваць з Камайскай сярэдняй школай і ваенна-патрыятычным класам СШ №4. Бывае так, што Дзмітрыю прыходзіцца ахвяраваць сваім выхадным, каб той ці іншы праект рэалізаваць на практыцы і парадаваць салдат тэрміновай службы зменай абстаноўкі.
— Нікога не трэба ўгаворваць, каб паўдзельнічаў у мерапрыемстве, наадварот, усе самі імкнуцца рэалізаваць свой патэнцыял. Напэўна, такая аддача ёсць таму, што вайскоўцы бачаць: гэта робіцца не для птушачкі, а для іх. Адсюль ініцыятыва, станоўчыя адносіны да службы і грамадскага жыцця, — дзеліцца назіраннямі Дзмітрый.
Старанні маладых пастаўскіх пагранічнікаў заўважылі і за межамі раёна. На семінары, які адбыўся нядаўна ў Дзяржпагранкамітэце, былі падведзены вынікі работы пярвічак ГА «БРСМ» воінскіх часцей органаў пагранічнай службы. Сярод узнагароджаных і Дзмітрый Бурак. Ён адзначаны граматай за ўдзел у сумесных з БРСМ праектах па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі.
Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ