Зрабілі дзецям падарунак

Источник материала:  
28.05.2018 — Разное

Якой павінна быць дзіцячая пляцоўка, каб дзецям на ёй было на самай справе цікава? Жыхар пасёлка Птушкафабрыка Вадзім Главацкі ўпэўнены – у першую чаргу яна павінна быць незвычайнай. Так па яго ініцыятыве і з дапамогай мясцовых жыхароў у пасёлку вырас вялікі драўляны карабель, які ўжо зараз нібы магнітам прыцягвае мясцовых дзяцей.

Калі мы паглядзім на самы распаўсюджаны варыянт дзіцячай пляцоўкі, то ўбачым некалькі ярка пафарбаваныя жалезныя канструкцыі, ці аднатыпныя драўляныя гарадкі, — расказвае Вадзім Главацкі. – Між тым дзіцячае разуменне шчасця значна адрозніваецца ад нашага. Дзяцей не вабіць стандарт, а пляцоўкі, створаныя толькі дзеля спакою дарослых, дзе дзеці цалкам абмежаваныя ў сваёй прасторы, не вучаць самазахаванню і адказнасці, не развіваюць індывідуальнасць і пазбаўляюць свабоды выбару.

Зрабілі дзецям падарунак

Так нарадзілася ідэя карабля, якую Вадзім рэалізаваў разам з мясцовымі мужчынамі. Матэрыял для палубы прадаставіла ПУВП “Анюта”, а на абшыўку бартоў склаліся ўсім пасёлкам. Пачыналі работу ўчацвярых — разам з Сяргеем Філіманюком Вадзім насцяліў палубы, Мікалай Блядай дапамог абшыць барты, а Павел Кардзялюк – зрабіць каркас, на розных этапах падключаліся і іншыя жыхары. Паказальны факт: з самых першых крокаў будоўля імгненна захапіла дзяцей, якія разам з дарослымі старанна пілавалі, стругалі, закручвалі самарэзы – адным словам, прымалі дзейсны ўдзел, а разам з тым атрымлівалі карысныя навыкі работы з інструментам. Хаця карабель яшчэ цалкам не закончаны, ужо сёння ён выглядае вельмі рэалістычна – касы нос, нацягнутыя барты, сматравыя вокны і вялікія трумы, па якіх можна доўга і весела лазіць, сходні і нават штурвал, стоячы за якім можна адчуць сябе сапраўдным капітанам. Прынамсі, адным караблём справа не абмяжоўваецца. Ужо зараз побач з ім пачынаюць праяўляцца контуры новага плэйграўнда – драўлянага гульнявога комплексу, які будзе завершаны ў бліжэйшы час.


Зрабілі дзецям падарунак

Як адзначае Вадзім Пятровіч, зрабіць нешта падобнае для сваіх дзяцей можа кожны – такія інсталяцыі на самай справе патрабуюць больш працы, чым грошай. Ён упэўнены — менавіта такія крэатыўныя пляцоўкі, якія не проста “займаюць” дзяцей, а даюць ім магчымасць уключыць фантазію пры выбары гульнявога сцэнарыя, “праверыць сябе на трываласць”, а значыць – глыбей пазнаць навакольны свет, з’яўляюцца для падрастаючага пакалення самымі прывабнымі. Так дзякуючы шчырай працы мясцовых жыхароў у дзяцей яшчэ аднаго куточка нашай Кобрыншчыны з’явілася цікавае і незвычайнае месца, якое, можна быць упэўненым, адцягне іх ад віртуальнай рэальнасці на карысць актыўнага жыцця.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Вадзім Главацкі каля штурвала свайго карабля.

←Антимонопольное регулирование в ЕАЭС может быть либерализовано в 2019 году

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика