Крымінал-дайджэст
Двайная смерць
22 мая сын і бацька П. з Капцэвічаў пайшлі на рыбалку на вадаём, якія мясцовыя называюць Бугучка. Праз суткі ў раённы аддзел Следчага камітэта паступіла паведамленне, што рыбакі дадому так і не вярнуліся.
Супрацоўнікі РАСК выехалі на месца здарэння. Як высветлілася, рыбалка была толькі падставай – мужчыны без меры распівалі спіртное. З імі быў яшчэ адзін таварыш, але ён пайшоў раней дадому.
Цела старэйшага пацярпелага знайшлі ў той жа дзень у вадзе, а 24 мая – цела яго сына. Праводзіцца праверка.
Аварыя з летальным зыходам
11 мая на дарозе “Кобрын-Гомель” у напрамку Расійскай Федэрацыі легкавы аўтамабіль выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з грузавым.
Легкавым аўтамабілем кіравала жанчына, якая памерла на месцы здарэння, бо ўдар прыйшоўся на яе бок. Вадзіцель жа грузавіка атрымаў лёгкія раненні.
На чужыя грошы гарэлка смачней
К., раней судзімы, у Старых Кацурах дапамагаў пенсіянерцы па гаспадарцы. Калі даведаўся, што жанчына страціла па дарозе ў краму 140 рублёў, вырашыў адправіцца на іх пошукі.
Грошы знайшоў на траве ў двары, але пенсіянерцы іх не вярнуў, прапіў.
Узбуджана крымінальная справа па частцы 2 артыкула 205 Крымінальнага Кодэкса
Прасвідруе і пафарбуе
Невядомы ў перыяд часу з 10:00 10 мая па 22:20 24 мая пранік у дом па вуліцы Першамайскай у Бабунічах, адкуль выкраў ўдарны дрыль і 30 літраў фарбы. Маёмасная шкода склала 150 рублёў.
Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа.
… А чаму б не паслухаць радыё?
Ураджэнец Чачэрскага раёна пранік у дом у Лучыцах, адкуль выкраў балон з газам і радыёпрыёмнік “VEF-216”.
Узбуджана крымінальная справа па частцы 2 артыкула 205 Крымінальнага Кодэкса.
Падабаецца красці?
Р., раней судзімы за крадзёж, у перыяд з верасня 2017 па люты 2018 года ў Муляраўцы з хаты выкраў газавую пліту са злучальным абсталяваннем, газавы балон, ложак з матрацам, тумбачку, дзве пары ручак для дзвярэй, дзве люстры, металічную скрыню.
Маёмасная шкода ацэнена ў 806 рублёў.
А я сяду на веласіпед …
У Конкавічах невядомы пранік на тэрыторыю домаўладання па вуліцы Маладзёжнай, адкуль украў веласіпед “Аист” коштам 200 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Занадла каштоўнае святло
З аб’екта “Аўтатранспартны цэх” на тэрыторыі Петрыкаўскага ГАК невядомы выкраў свяцільнік “ВЭЛАН 33”, які належыць ААТ “Будтрэст № 3 Ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі”. Урон склаў 867 рублёў 60 капеек.
Узбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага Кодэкса
…Што змог знесці
Невядомы па вуліцы Чапаева ў Пцічы выкраў электрапілу “Форвард”, ручную цыркулярную пілу “Диолд”, электрычны падаўжальнік, набор шасцікутнікаў і прадукты харчавання. Узбуджана крымінальная справа.
Н. ЧАРНЯЎСКАЯ,
па матэрыялах РАСК.