У вёсцы Стаўбун правялі абрад “Пахаванне стралы”

Источник материала:  
25.05.2018 — Разное

У вёсцы Стаўбун правялі абрад “Пахаванне стралы”

Упэўнены, што кожны жыхар Веткаўшчыны калі не ўдзельнічаў непасрэдна ў абрадзе “стралы”, то хаця б чуў пра яго. Чуў ад ад сваіх бабуль ці дзядуль, бацькоў ці суседзяў, а можа, назіраў фота на стронках газеты ці відэа з тэлеэкрана.

Калі яшчэ два-тры дзясяткі год таму ні пра якія “спісы” і “падтрымку” дзяржаўных органаў традыцыйных абрадаў і размовы не йшло, то ў нас час гэта ледзь не пытанне нумар адзін у сферы культуры. Што ж адбылося? Свет змяніўся? А можа — людзі? На гэтыя пытанні можна разважаць доўга. Вяртаючыся да сучасных рэаліяў, трэба сказаць, што ў Гомельскай вобласці на дадзены момант болей дзясятка “аб’ектаў” унесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны і патрабуюць падтрымкі з боку дзяржавы. У гэтым спісе знаходзіцца і абрад “Ваджэння і пахавання стралы” ў вёсцы Казацкія Балсуны. Што гэта дае абраду? Магчыма,  на адміністрацыйным узроўні нешта гэты спіс і вырашае, але вось сітуацыя на месцах заўжды ставіць пытанне. Пытанне, бо, у першую чаргу, гэта наша з вамі спадчына і мы самі павінны клапаціцца пра яе. Носьбіты абраду, і традыцыі ў цэлым, паціху “здаюць пазіцыі”, гэта факт, і ад яго нікуды не дзенешся. Так, наведаўшы ў гэтым годзе абрад у Казацкіх Балсунах, з замілаваннем слухаеш песні, назіраеш за архаічнымі дзеяннямі, прыгожымі квяцістымі ўборамі бабуль. Але адначасова з гэтым хараством у галаву закрадваецца думка пра далейшае жыццё трыдыцыі — хто будзе яе прадаўжальнікам? А пакуль мы чуем прыгожыя спевы, удзельнічаем у шэсці ўздоўж вёскі, абрадавых карагодах у полі, абкручваем спіны зялёным жытам і качаемся па зялёнай ніве, каб набрацца моцы і сілы ад прыроды, датуль традыцыя жыве. І, дай Божа, каб мы былі годнымі прадаўжальнікамі гэтай унікальнай культуры, якая налічвае не адну тысячу гадоў.


У вёсцы Стаўбун правялі абрад “Пахаванне стралы”

Прыехаўшы на абрад “Стралы” ў Стаўбун, адразу заўважаецца нейкая нетыповая для сучаснай вёскі рухавасць. Людзі спяшаюцца на машынах, веласіпедах, пешшу… Хто з царквы, хто ў госці, а хто з гасцей. Уся вёска нібы “згаварылася” задаваць адно і тое ж пытанне: “На Стралу сёння пойдзеш?”

Падыходзім да мясцовага Дома культуры, дзе нас сустракае кіраўніца фальклорнага гурта “Стаўбунскія вячоркі” Святлана Іванаўна Парашчанка.

“Вось і першыя госцейкі да нас завіталі!”

Забягаючы наперад, адразу скажам, што гасцей на “Страле” заўжды дастаткова з розных сталіц і заграніц.

У Доме культуры кіпіць жыццё: нехта прымярае святочныя строі, нехта гармонь наладжвае, гатуюцца пачастункі, дзяўчаты прыхарошваюцца каля люстэрка. Так, сітуацыя крыху змянілася з ранейшай. Ужо не самі бабулі выходзяць са двароў “заводзіць Стралу”, а мясцовы калектыў стаў асноўным захавальнікам традыцыі. Узяўшы адказнасць за правядзенне абраду на свае плечы, штогод выходзяць удзельнікі “Стаўбунскіх вячорак” на вуліцы вёскі, збіраюць вакол сябе аднавяскоўцаў, і рушаць са спевамі і карагодамі ў жытняе поле. Ідуць, каб паяднацца з прыродай, роднай зямелькай і сонцам. Ідуць, каб, узнавіўшы архаічныя дзеянні, заклікаць на палі ўрадлівыя дажджы, адвесці маланку (пагрозу) ад вёскі і падзякаваць Богу за жыццё, якое ён даруе нам. Немалаважным у абрадзе з’яўляецца і ўдзел мясцовай моладзі, бо менавіта яны становяцца не проста ўдзельнікамі абраду, яны займаюць пачэснае месца ў традыцыі побач з тымі, хто захаваў гэты ўнікальны абрад да нашых часоў.

Шмат гасцей збірае “Страла”. Кожны едзе за нечым сваім: хтосьці проста, як на канцэрт, паназіраць за абрадам і паслухаць спевы, хтосьці набрацца вопыту і напісаць дыпломную ці абараніць дысертацыю, а хтосьці імкнецца стаць часткай традыцыі, хаця б дакрануцца да яе і адчуць яе сілу. Ва ўсялякім разе, кожны ў выніку артымлівае тое, за чым прыехаў, і “асвечаны” традыцыяй вяртаецца ў сучаснасць нібы павандараваўшы на тысячы гадоў назад.

Веткаўскі музей, знаходзячыся ў цэнтры культурнага жыцця рэгіёна, не абыходзіць краем і такі ўнікальны абрад, як “Страла”. Ужо сорак гадоў супрацоўнікі музея назіраюць і фіксуюць матэрыялы, звязаныя з гэтай традыцыяй выязджаючы кожны год у шматлікія экспедыцыйныя вандроўкі. На аснове гэтых даследаванняў мы ўпэўнена можам сказаць, што “Страла”, як абрадавае дзеянне, было вельмі важнай падзеяй у жыцці насельніцтва Падняпроўя, Пасожжа і Палесся… Далейшыя тэрыторыі яшчэ чакаюць сваіх адкрыццяў. Як паказваюць экспедыцыйныя матэрыялы, абрады і песні «Стралы» сутракаюцца ў Веткаўскім, Буда-Кашалёўскім, Добрушскім, Чачэрскім, Рэчыцкім, Гомельскім, Нараўлянскім, Жыткавіцкім і Жлобінскім раёнах Гомельскай вобласці, а таксама ў суседніх раёнах Браншчыны і Чарнігаўшчыны. Дзякуючы навуковай працы музея, штогод выдаюцца навуковыя артыкулы, ладзяцца выставы па тэме “Стралы”, праводзяцца лекцыі і здымаюцца фільмы. А гэта напрамую садзейнічае захаванню і развіццю нашай з вамі Спадчыны.

Пятро ЦАЛКА.

Фота i відэа С. Коршыкавай

Больше фотографий с события смотрите в наших группах  Вконтакте,   Одноклассниках  и  Facebook.

Яндекс.Метрика