У замку Радзівілаў у Нясвіжы прайшоў другі, заключны, этап алімпіяды па гісторыі і культуры Нясвіжа “Мой горад — мая любоў” (фота 2), арганізаванай сумесна Нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам “Нясвіж” і аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Яна адбылася ўжо ў пяты раз і сёлета набыла статус міжнароднай, прыняўшы ў шэрагі сваіх удзельнікаў школьнікаў з Латвіі.
Першым этапам алімпіяды стаў інтэрнэт-тур, у якім удзельнічалі вучні нашага, Уздзенскага і Капыльскага раёнаў, а таксама горада-партнёра Нясвіжа — латышскага Аўцэ. Дамова аб удзеле ў алімпіядзе школьнікаў з гэтага горада была дасягнута падчас візіту дэлегацыі Нясвіжчыны ў Аўцэ ў верасні мінулага года. Заданні былі разасланы ўсім удзельнікам па электроннай пошце, і тыя, хто набраў найбольшую колькасць балаў, атрымалі запрашэнне да ўдзелу ў другім этапе, які праходзіў непасрэдна ў Нясвіжы.
Пытанні алімпіяды дазволілі яе ўдзельнікам праверыць свае веды па самых важных момантах з гісторыі і культуры нашага горада — ад даты яго заснавання да прозвішчаў ганаровых грамадзян.
У склад журы, якое ўзначаліла загадчык вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Вайтовіч (на фота 1), увайшлі старшы навуковы супрацоўнік Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Шкрабіна, старшыя навуковыя супрацоўнікі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Андрэй Блінец і Вячаслаў Мазалеўскі, настаўніца гісторыі СШ №1 г. Нясвіжа Валянціна Хілько.
У выніку два першыя месцы былі прысуджаны вучням першай Нясвіжскай школы Анастасіі Лобавай (на фота 1) і Ільі Кухто (фота 3), чатыры другія месцы — яшчэ адной прадстаўніцы СШ №1 г. Нясвіжа Дар’і Петручэня, Святлане Дэмух і Марыі Панаевай з СШ №3 г. Нясвіжа, а таксама гімназістцы Маргарыце Бядуля.
Трэцяе месца раздзялілі паміж сабой Аліна Сідаровіч з СШ №4 г. Нясвіжа, Надзея Русак з СШ №3 г. Нясвіжа, Аляксандра Мажылоўская з Ліпскага НПК дз/с-СШ, Дзіяна Шышко з Азёрскай СШ Уздзенскага раёна, Павел Юнкевіч з Салтанаўшчынскага НПК дз/с-СШ і Аманда Бекерэ з Аўцкай СШ. Яны ўзнагароджаны дыпломамі І, ІІ, ІІІ ступеняў. Астатнія вучні атрымалі дыпломы ўдзельнікаў, і ўсе без выключэння — памятныя падарункі ад НГКМЗ “Нясвіж”.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.