Наша моладзь
З ЧЛЕНСКІМ БІЛЕТАМ… І Ў МАГАЗІН
Члены БРСМ, вылучаныя дэлегатамі 43-га з’езда гэтай грамадскай арганізацыі, у ліку першых атрымалі маладзёжныя білеты новага ўзору.
– Да канца 2018 года на Міншчыне плануецца забяспечыць білетамі новага ўзору ўсіх членаў БРСМ. Для нашай раённай арганізацыі неабходна больш за 1200 білетаў, – адзначыла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.
Ацэнка новаму членскаму білету дадзена моладдзю самая высокая. Дакумент выраблены ў выглядзе пластыкавай карткі і змешчаны ў арыгінальную вокладку-кішэню, аздобленую нацыянальным арнаментам. Але такія «навароты» – толькі знешні бок, прывабнае афармленне. Істотна важна тое, што праз гэты дакумент ЦК БРСМ сумесна з кампаніяй «Мобіл Аўта Хэлп Компані» рэалізуе праект «Маладзёжны білет – твая сацыяльная падтрымка».
Гэта азначае, што ўладальнік такога білета аўтаматычна становіцца ўдзельнікам праграмы лаяльнасці арганізацый-партнёраў «Мобіл Аўта Хэлп Компані», а іх у рэспубліцы больш за тысячу, і налічваецца больш за тры тысячы кропак прыёму такіх картак. Такім чынам, член БРСМ з новым членскім білетам зможа карыстацца скідкамі і прэферэнцыямі, якія дзейнічаюць, фактычна на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Варта падкрэсліць, што ў гэтай праграме ўжо ўдзельнічаюць такія вядомыя арганізацыі і ўстановы, як ГУМ, ЦУМ, «Гандлёвы дом на Нямізе», медыцынскія цэнтры «Экамедсэрвіс» і «Нардзін», Прыорбанк, Белдзяржстрах, гасцініца «Беларусь», многія станцыі тэхабслугоўвання аўтамабіляў і т. п.
– У сістэму лаяльнасці паступова будуць уключацца і гандлёвыя кропкі на тэрыторыі раёна, – выказала меркаванне Анастасія Калодзінская.
НА ЗДЫМКАХ: білет члена БРСМ – у выглядзе пластыкавай карткі; яго вокладку ўпрыгожвае нацыянальны арнамент.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ
ВЫБІРАЮЦЬ БЯСПЕКУ
Моладзь Стаўбцоўшчыны разам з прадстаўнікамі з іншых рэгіёнаў Міншчыны прыняла ўдзел у абласным маладзёжным форуме «БРСМ: час наперад!» Трэндам сустрэчы сталі пытанні бяспекі і ролі моладзі ў арганізацыі бяспечнай жыццядзейнасці.
Адкрыты дыялог у рамках форуму быў прысвечаны ў першую чаргу ўрокам трагедыі ў Кемераве. Пытанні бяспекі шматгранныя – ад асабістай бяспекі да бяспекі ў сям’і, быце, на рабоце і т. п. Абмеркаванне ішло з удзелам гасцей і экспертаў: першага намесніка начальніка абласнога ўпраўлення МНС Сяргея Лапановіча, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Людмілы Канановіч, старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктара Маліноўскага, загадчыка сектара маладзёжнай палітыкі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Вольгі Шыбко, першага сакратара абласнога камітэта БРСМ Дзмітрыя Варанюка, старшыні абласной ветэранскай арганізацыі Казіміра Чарапкоўскага і іншых. Па выніках форуму прынята рашэнне штомесяц праводзіць семінары па пытаннях бяспекі сярод моладзі Міншчыны.
Форум праходзіў, як адзначыла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская, на базе ТАА «Сэрвісны цэнтр Веста» ў Дзяржынскім раёне. Яго ўдзельнікі пасадзілі на паркавай тэрыторыі яблыню. Гэтае дрэўца – сімвал працвітання і дабрабыту будзе расці ў змешанай зямлі, таму што кожная дэлегацыя Міншчыны прывезла з сабой часцінку малой радзімы. Асаблівасцю форуму стаў і таварыскі матч па валейболе – паміж камандай супрацоўнікаў абласной арганізацыі БРСМ і камандай з ліку маладзёжнага актыву. Перамагла дружба і, безумоўна, веснавы сяброўскі настрой.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ
СТАРТ ПРАЦОЎНАМУ СЕМЕСТРУ
У раённым камітэце БРСМ працягваецца запіс падлеткаў, якія дасягнулі 14 гадоў і хацелі б у летні перыяд папрацаваць. Запрашаюць да працаўладкавання і тых, хто дасягнуў 18 гадоў.
На пачатку мая ў рэспубліцы адбылося ўрачыстае адкрыццё трэцяга працоўнага семестра. Па добрай традыцыі, старт яму быў дадзены на плошчы Дзяржаўнага сцяга, з удзелам кіраўнікоў профільных міністэрстваў, ветэранаў студатрадаўскага руху, ганаровых гасцей з розных абласцей Беларусі. Ад Стаўбцоўшчыны ўдзел у адкрыцці трэцяга працоўнага семестра ўзялі супрацоўнікі раённага камітэта БРСМ і малады спецыяліст, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Нававёскаўскай сярэдняй школы Аксана Юдэнка.
Перад тым як моладзі былі ўручаны працоўныя пуцёўкі, прагучалі пажаданні і наказы. Сваё прымяненне моладзь знойдзе сёлетнім летам у будаўнічых, экалагічных, сельскагаспадарчых, сэрвісных, медыцынскіх і вытворчых атрадах, а пакуль, акурат пасля адкрыцця працоўнага семестра, яна стала ўдзельніцай працоўнай акцыі «Маладосць. Традыцыі. Будучае». У памятным месцы, на гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна», быў закладзены яблыневы сад, ачышчаны зялёныя зоны, пабелены архітэктурныя элементы.
Супрацоўнікі раённага камітэта БРСМ, а таксама кіраўнік гуртка Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Дзіна Багданец (дзяўчына будзе працаваць у педагагічным атрадзе на базе аздараўленчага лагера «Нёман»), сталі ўдзельнікамі ўрачыстага адкрыцця трэцяга працоўнага семестра Міншчыны, які праходзіў у Салігорску.
– Месца ўрачыстасці выбрана не выпадкова – Салігорскі тэрытарыяльны штаб студэнцкіх атрадаў па выніках работы за 2017 год прызнаны лепшым у Мінскай вобласці, – паведаміла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.
Адбыўся круглы стол, падчас якога салігорцы падзяліліся сакрэтамі паспяховай работы, адказалі на пытанні.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ