Мужчына агаліўся на вуліцы перад дзяўчынай і папрасіў зняць яго на тэлефон
Здымак з архіву. Фота: Еўрарадыё
У Мінску мужчына агаліўся на вуліцы перад дзяўчынай і папрасіў зняць яго на мабільны тэлефон. Здарэнне адбылося ў раёне Ільямскай вуліцы, дзе гуляла дзяўчына. Яна перапалохалася і ўцякла, а пасля звярнулася ў міліцыю.
Як інфармуе афіцыйная прадстаўніца Цэнтральнага РУУС Мінска Алена Свірыдава, аператыўнікі праглядзелі запісы камер відэаназірання на гэтай вуліцы. Высветлілася, што мужчына сеў у аўтамабіль, на якім з'ехаў. Знайсці яго было не цяжка. Зламыснікам аказаўся жыхар горада Масты, які прыехаў у сталіцу з мэтай продажу аўтамабіля. Раней яго ўжо прыцягвалі да адказнасці за здзяйсненне аналагічнага правапарушэння.
У дачыненні затрыманага распачалі крымінальную справу, артыкул — "Хуліганства". Яму пагражае арышт ці абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, ці пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да шасці гадоў.