24 мая 2018 года ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі пройдзе абласны этап Рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме”.
У гэтым годзе конкурс праходзіць пад дэвізам “Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!” і прысвечаны Году малой радзімы.
Асноўнымі мэтамі мерапрыемства з’яўляюцца павышэнне цікавасці дзяцей і падлеткаў да чытання, выхаванне падрастаючага пакалення на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры, прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы чытання, пошук і падтрымка таленавітай моладзі.
Абласному этапу конкурсу папярэднічалі раённыя адборачныя туры, у якіх прынялі ўдзел больш за 1500 школьнікаў Міншчыны. Гэтая актыўнасць – сведчанне таго, што вучні не толькі цікавяцца беларускай літаратурай, але і шануюць сваю спадчыну.
Плануецца, што ў складзе журы абласнога этапу будуць працаваць члены Мінскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» – паэткі Святлана Быкава і Бажэна Ганушкіна; празаік, дзіцячы пісьменнік Сяргей Клімковіч; вядучы фотакарэспандэнт газеты «Звязда», паэт Яўген Пясецкі; а таксама аўтар навукова-папулярных і энцыклапедычных выданняў Дзмітрый Кашавар, супрацоўнікі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
Лепшыя юныя чытальнікі прадставяць Міншчыну на заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме”, які адбудзецца падчас святкавання Дня беларускага пісьменства на Брэстчыне.
Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама і абласны інстытут развіцця адукацыі.
Упраўленне адукацыі Мінаблвыканкама.