Найвышэйшая ўзнагарода – багаты ўраджай
Наш сённяшні субяседнік — галоўны аграном адкрытага акцыянернага таварыства «Навасёлкі-Лучай» Вера Васільеўна Мукель. Яе стаж работы на гэтай пасадзе — 45 гадоў. У тым, што гаспадарка з года ў год атрымлівае высокія ўраджаі, несумненная заслуга галоўнага тэхнолага палёў. У напружаную пару пасяўной Веры Васільеўне няпроста было выкраіць час на аб’ёмнае інтэрв’ю, і ўсё ж яно адбылося.
— З чаго, як не з пасяўной, і пачынаць размову з галоўным аграномам. У чым асаблівасці сёлетняй?
— Намнога большыя аб’ёмы работ, чым леташняй вясной, таму што з-за крайне неспрыяльнага надвор’я мы многае не паспелі зрабіць восенню. Калі ў спрыяльныя гады засявалі па 1800—1900 гектараў азімых, то мінулай восенню ўсяго 763 гектары на зерне і 160 — на зялёны корм. У нас было ўсё: насенне, паліва, тэхніка, але падвяло надвор’е, немагчыма было ўз’ехаць на палі. Зараз тыя плошчы засяваем яравымі культурамі. Акрамя таго, па рашэнні райвыканкама нам перададзена 1893 гектары ворнай зямлі, якая да гэтага належала сельгаспрадпрыемству «Дунілавічы-агра». Вялізны план веснавога ворыва — 2554 гектары (зноў жа з-за таго, што восенню не змаглі ўзараць зябліва). Так што напружанне вельмі высокае.
— Аблвыканкам патрабуе палову плошчаў засеяць зерневымі і зернебабовымі. Зможаце зрабіць гэта?
— Напярэдадні пасяўной я ў ліку іншых спецыялістаў і кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна ўдзельнічала ў відэаканферэнцыі, якую праводзіў аблвыканкам і на якой абмяркоўвалася ў тым ліку і гэта пытанне. Выказала сваё меркаванне. Напрыклад, нашай гаспадарцы вобласць давяла заданне пасеяць 4000 гектараў зерневых і зернебабовых. Па-першае, гэта нерэальна, а па-другое, немэтазгодна, бо нам трэба рабіць стаўку на кармавыя культуры, паколькі маем вялікае пагалоўе жывёлы. Згодная, што бабовыя — гэта крыніца бялку, але ж не менш яго ўтрымліваецца і ў рапсе, якога штогод сеем шмат. Сёлета пасеем каля 600 гектараў. Летась сабралі 11,8 тоны насення гэтай культуры (высявалі суперэліту і эліту), дзве тоны нават прадалі. У цэху па перапрацоўцы рапсу атрымліваем з яго тэхнічнае масла, якое прадаём, а грануляваны жмых скормліваем жывёле. Вялікія плошчы займаюць травы. Клопатаў з імі няшмат, а аддача добрая. Выдатна родзіць кукуруза. Сёлета зоймем ёй 1100 гектараў. Ужо шмат гадоў у тандэме з вучонымі праводзім доследы з гэтай культурай, высяваем самыя розныя сарты. Эксперыменты — справа вельмі клопатная, але цікавая і карысная. Найвышэйшая ўраджайнасць, якую атрымлівалі на эксперыментальных участках, — 108 цэнтнераў зерня з гектара.
— А ці праўда, што некалі калгас імя Суворава (цяперашняе ААТ «Навасёлкі-Лучай») спрабаваў развесці баршчэўнік Сасноўскага?
— Праўда. Падчас майго студэнцтва вучоныя даводзілі нам, што гэта нетрадыцыйная культура дае высокую ўраджайнасць і прыгодная для закладкі сіласу. У першыя гады маёй працы ў калгасе імя Суворава ў праўленне прыйшла пасылка з насеннем баршчэўніка. Сеялі яго ўручную ва ўрочышчы Баравіннікі. Але новая культура на тым полі чамусьці не прыжылася, затое распаўзлася па каналах і ўзбочынах дарог. Эксперымент аказаўся няўдалым, ураджаю не атрымалі, а вось праблему нажылі. Пазней баршчэўнік быў прызнаны агрэсіўным пустазеллем, як яно і ёсць на самай справе, і мы яго знішчаем да гэтага часу.
— Усяго тры гаспадаркі ў раёне — ААТ «Хацілы-агра», «Камайскі-агра» і ваша — вырошчваюць бульбу. Прычым тыя ўсяго па 5 гектараў, а вы — 40. Выгадна?
— На жаль, не. Памятаю гады, калі адводзілі пад гэту культуру да 300 гектараў. Радзіла добра, і попыт на яе быў. Бульбу адгружалі ў Маскву, Ленінград і мелі ад гэтага прыбытак. Зараз ёсць праблемы са збытам, таму і скарацілі плошчы пад бульбу.
— Ці ёсць у галоўнага агранома любімыя палі?
— Любімыя — тыя, на якіх з’яўляюцца дружныя ўсходы, дзе наліваецца буйны колас, а потым збіраем багаты ўраджай. А ўвогуле, я ведаю кожнае поле як свае пяць пальцаў і тое, дзе якую культуру пасеяць, каб атрымаць найбольшую аддачу.
— Ваша гаспадарка штогод атрымлівае высокія ўраджаі, неаднаразова прызнавалася пераможцай не толькі раённага, але і абласнога, рэспубліканскага спаборніцтваў. А ці маеце асабістыя ўзнагароды за плённую працу?
— Маю ордэн «Знак Пашаны», медаль «За працоўныя заслугі», два сярэбраныя і адзін бронзавы медалі Выстаўкі народных дасягненняў у Маскве. Але для мяне найвышэйшая ўзнагарода — гэта добры ўраджай. Самым шчодрым стаў 2015 год: тады намалацілі з гектара ў сярэднім больш за 50 цэнтнераў збажыны. А вось летась з-за неспрыяльнага надвор’я не змаглі атрымаць той ураджайнасці, на якую разлічвалі.
— Выбар прафесіі быў абдуманым?
— Вёска, у якой я нарадзілася і вырасла, знаходзіцца ўсяго за сорак кіламетраў ад Гродна, таму бацькі і сарыентавалі мяне на вучобу ў гэтым горадзе, бліжэй да дому. Выбрала агранамічны факультэт сельскагаспадарчага інстытута і ніколькі не шкадую пра гэта. Прафесія падабаецца, інакш не аддала б ёй столькі гадоў.
— Зараз шмат гавораць пра сіндром выгарання на працы. Вам ён не пагражае?
— У мяне іншы «дыягназ» — працагалізм. Калі іду ў водпуск, дома сумую без любімай работы. Разумею, што знаходжуся ўжо ў такім узросце, калі можна і, напэўна, варта было б адпачываць. Многія мае равеснікі, і нават маладзейшыя, здзіўляюцца, што ўсё яшчэ працую. Канечне ж, стамляюся, але і задавальненне ад работы атрымліваю. А з хатнімі справамі дапамагае ўпраўляцца муж.
— Хто раней устае: вы або сонца?
— Зараз бывае, што і ў чатыры гадзіны прачынаюся, а палове шостай ужо аб’язджаю палі. Працуе шмат тэхнікі, і на розных участках. Трэба паглядзець, што зроблена за ўчарашні дзень, у начную змену, а што засталося на сёння і наступныя дні, устанавіць нормы высеву, праверыць работу сеялак, на зерняскладзе распарадзіцца, якое зерне загружаць, у якіх прапорцыях змешваць насенне шматгадовых траў, па тэлефоне дамовіцца пра закупку гербіцыдаў і гэтак далей. Пытанняў даводзіцца вырашаць шмат.
— Якая пара года найбольш падабаецца?
— Усе, за выключэннем зімы. Вясной абуджаецца прырода, ажываюць палі. Напружанне, безумоўна, вялікае, але і прыгажосць немагчыма не заўважаць. Летам з задавальненнем назіраю, як расце на палях ураджай, наліваецца зернем калоссе. Затым радасна ўбіраць вырашчанае рукамі земляробаў. А вось зіму не люблю: холад, мароз, не той рытм жыцця.
— Раскажыце, калі ласка, пра свае карані і малую радзіму на Гродзеншчыне.
— Гэта вёска Казакоўцы, што за дзесяць кіламетраў ад Скідзеля. Там яшчэ стаіць бацькоўскі дом, але ў ім ужо ніхто не жыве. Памерлі не толькі бацькі, я страціла і двух братоў. Абодва памерлі раптоўна і заўчасна. Засталася толькі сястра, якая зараз цяжка хварэе. Родныя мясціны ўспамінаю часта. У нас была мнагадзетная сям’я, бацькі працавалі ў калгасе. Тата вельмі добра граў на гармоніку, баяне, акардэоне, у якасці музыканта яго заўсёды запрашалі на вяселлі. Дома мы, дзеці, іншы раз забіраліся на печ і спявалі, а тата падыгрываў нам на гармоніку. Весела было!
— А цяперашняя ваша сям’я — гэта…
— …муж Браніслаў, дачка Юлія, зяць Валодзя, унукі Ільюшка і Алёшка. Праўда, маладыя жывуць асобна ад нас — у Кураполлі, але ўсё роўна гэта наша сям’я. У дачкі і зяця — таксама сельскагаспадарчыя прафесіі. Юля закончыла той жа інстытут і той жа факультэт, што і я (зараз гэта ўніверсітэт), працуе ў райдзяржінспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. Валодзя — галоўны інжынер ААТ «Кураполле-агра».
— Бачу, як упэўнена адчуваеце сябе за рулём. Ці даўно водзіце машыну?
— Вадзіцельскія правы атрымала ў 1970-м, калі вучылася ў інстытуце. У калгасе дзесяць гадоў ганяла на матацыклах, «з’ездзіла» тры «Усходы» і адзін «Мінск». Бывала, што і хуліганіла на іх, калі ніхто не бачыў. Потым былі ГАЗ-69, УАЗы, «Волга», зараз «Ніва». Ды яшчэ і ўласную «Ладу» па калгасных палях дабіла.
— Дарэчы, успомніце, як пачыналі працаваць у Навасёлках.
— Пасля заканчэння інстытута прыехала сюды па размеркаванні ў лютым 1972-га. Старшыня калгаса Алег Адольфавіч Валодзька прапанаваў узначаліць паляводчую брыгаду. Адмовілася: як гэта я, вучоны аграном, буду ўсяго толькі брыгадзірам? Звярнулася ў раённае ўпраўленне сельскай гаспадаркі. У выніку мяне назначылі аграномам-насенняводам. Не прайшло і года, як перавялі на пасаду галоўнага агранома. Канечне, было цяжка, бо вопыту не мела. Але мне пашанцавала, што трапіла ў гаспадарку, дзе быў такі прагрэсіўны старшыня. У яго і ў спецыялістаў можна было многаму навучыцца. І з цяперашнім кіраўніком Юрыем Францішкавічам Шымчыкам працаваць вельмі цікава, бо ён таксама моцны кіраўнік і вялікі прыхільнік усяго новага і перадавога.
— Ці шкадуеце пра нешта, што магло б адбыцца ў жыцці, але не адбылося?
— Шкадую, што рэдка наведвалася да бацькоў, пра многае не распытала ў іх, што ў маладосці не ездзіла ў экскурсійныя паездкі і не пабачыла свет. Ды і ўласны дом не пабудавалі, жывём у калгаснай кватэры, якую прыватызавалі. Зрэшты, што толку шкадаваць. Трэба жыць тым, што маем, і жадаць лепшага дзецям і ўнукам. Не ведаю, якія прафесіі выберуць Ільюша і Алёша, але галоўнае, каб выраслі годнымі людзьмі. А ўвогуле, лічу, што маё жыццё склалася шчасліва.
Гутарыла Фаіна КАСАТКІНА