Знаёміліся з дзеяннямі службаў
16 мая ў Паставах прайшоў семінар-нарада з работнікамі органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Віцебскай вобласці на тэму арганізацыі правядзення часовага адсялення насельніцтва, эвакуацыі матэрыяльна-культурных каштоўнасцей у бяспечныя раёны пры пагрозе або ўзнікненні надзвычайных сітуацый у мірны і ваенны час.
Удзельнікамі семінара сталі начальнікі гарадскіх і раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях Віцебшчыны, іх намеснікі па аператыўна-тактычнай рабоце, кіраўніцтва і спецыялісты абласнога ўпраўлення МНС, прадстаўнікі мясцовай улады і работнікі прадпрыемстваў і арганізацый горада, якія адказваюць за правядзенне эвакуацыйных мерапрыемстваў. Месцам іх збору была вызначана актавая зала СШ №1.
Адкрываючы семінар-нараду, начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях краіны Аляксандр Клобук адзначыў: Паставы выбраны месцам яго правядзення таму, што знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад дзвюх атамных электрастанцый — Ігналінскай у Літве і Беларускай у Астраўцы, якая ў хуткім часе пачне працаваць. І, як паказала аварыя на Чарнобыльскай АЭС, калі не будзе дакладнага плана ўзаемадзеяння ўсіх службаў і канкрэтна пастаўленых перад імі задач, могуць узнікнуць незваротныя працэсы. Пра арганізацыю эвакуацыйных мерапрыемстваў пры пагрозе або ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі ў мірны і ваенны час, распрацоўку плана мерапрыемстваў у выпадку аварыі на Беларускай АЭС прысутным расказаў галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі забеспячэння дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны абласнога ўпраўлення Ігар Лазараў. Быў прадэманстраваны невялікі відэафільм пра бяспеку нашай атамнай электрастанцыі.
Затым прысутныя раздзяліліся на дзве групы. Начальнікі гарадскіх і раённых аддзелаў вобласці адправіліся знаёміцца з варыянтам разгортвання пункта збору і адпраўкі часова адселенага насельніцтва з зоны радыеактыўнага заражэння, які размясціўся тут жа, у школе. Ён уключаў у сябе пакоі псіхолага, маці і дзіцяці, стол даведак, пост аховы грамадскага парадку, пункты радыяцыйна-хімічнага назірання, сувязі і апавяшчэння, а таксама медыцынскі. Старшыня эвакуацыйнай камісіі — намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў агучыў легенду, згодна з якой адбыўся выкід радыеактыўных рэчываў з блокаў Ігналінскай АЭС. А першы намеснік начальніка Пастаўскага РАНС Віктар Жук расказаў пра сам пункт збору і адпраўкі насельніцтва і з дапамогай валанцёраў раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа прадэманстраваў яго практычную работу.
Тым часам намеснікі начальнікаў аддзелаў па аператыўна-тактычнай рабоце на школьным стадыёне знаёміліся з дзеяннямі падраздзяленняў МНС пры радыяцыйнай аварыі. Пасля яны прадоўжылі работу ў школе, правёўшы абласны савет і абмеркаваўшы на ім актуальныя пытанні. А кіраўнікі Г(Р)АНС пераехалі ў пажарную аварыйна-выратавальную часць №1, дзе таксама правялі рабочую нараду.
Пасля абеду адбылася адпрацоўка дзеянняў па разгортванні пункта прыёму і размяшчэння часова адселенага насельніцтва на заводзе «Беліт». Тут дакладваў старшы інжынер дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны РАНС Віталій Ожаль. У многім гэты пункт аказаўся падобны да таго, які ўдзельнікі семінара бачылі ў першай школе. Тыя ж пасты радыяцыйна-хімічнага назірання і аховы грамадскага парадку, стол даведак, група прыёму і размяшчэння насельніцтва, пункты сувязі і апавяшчэння, медыцынскі, пакой маці і дзіцяці. Але былі і некаторыя адрозненні ў выглядзе спецыяльна абсталяваных пакояў рэчавага забеспячэння і размяшчэння грамадзян, сталовай, процірадыяцыйнага сховішча. Усё гэта прысутныя змаглі ўбачыць у дзеянні.
Ацэньваючы вынікі семінара-нарады, начальнік абласнога ўпраўлення МНС Аляксандр Клобук адзначыў добрую арганізаванасць усіх службаў і зладжанасць іх дзеянняў у час правядзення камандна-штабной трэніроўкі.
Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара
Больше фото в наших группах с соцсетях: