На дапрацоўку законаў – у рэгіёны
У мінулую пятніцу Паставы ў поўным складзе наведала Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканамічнай палітыцы.
Дэлегацыю вышэйшых службовых асоб краіны дапоўнілі прадстаўнікі Міністэрства эканомікі, Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі, ад абласной вертыкалі — першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч.
Для дэпутатаў пакідаць свае прывычныя працоўныя месцы ў Доме Урада і выязджаць у рэгіёны — звычайная практыка. Асноўная мэта такіх выязных пасяджэнняў — наладзіць зваротную сувязь з канчатковымі «спажыўцамі» законаў, якія яны прымаюць.
— Без удакладненняў і заўваг тых, хто займаецца правапрымяняльнай практыкай, немагчыма стварыць добры закон, — гаварыў наш зямляк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Зямчонак. — Наша асноўная задача — усебакова разгледзець практыку прымянення заканадаўства ў сферы інвестыцый і прадпрымальніцкай дзейнасці.
Дэпутатаў невыпадкова цікавіла вывучэнне менавіта гэтых дзвюх сфер. На актуальнасць і важнасць тэматыкі выязнога пасяджэння ў Паставах звярнуў увагу старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па эканамічнай палітыцы Уладзіслаў Шчэпаў:
— У бліжэйшы час у другім чытанні плануецца разгледзець два законапраекты — аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон аб інвестыцыях і закон аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці і пераўтварэнні дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у акцыянерныя таварыствы. Калі ў рамках гэтага выязнога пасяджэння мы адзначым для сябе нейкія канцэптуальныя заўвагі, то абавязкова ўлічым іх пры дапрацоўцы законаў.
Спачатку парламентарыі наведалі некаторыя прамысловыя прадпрыемствы нашага горада, у прыватнасці малочны завод, «Паставымэблю» і ПМЦ. На кожным былі арганізаваны экскурсіі, каб госці маглі скласці максімальна поўнае ўяўленне пра іх работу. Пастаўскія прадпрыемствы пакінулі ў іх добрае ўражанне. Асабліва жывы інтарэс выклікаў паркетны цэх ПМЦ. Гэта адзін з апошніх найбольш буйных і ўдалых прыкладаў рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у раёне.
Намеснік дырэктара ПВУП «Пастаўскі мэблевы цэнтр» Генадзій Сіповіч расказваў, што за змену тут можна выпускаць тысячу метраў квадратных паркетнай дошкі, але пакуль на такія аб’ёмы не выйшлі. Яшчэ актыўна ідзе прапрацоўка партнёрскіх зносін. У ліку краін, з якімі ўжо наладжана цеснае супрацоўніцтва па збыце прадукцыі, — Канада, Расія, Аўстрыя, Італія. Новае прадпрыемства абсталявана па апошнім слове тэхнікі. У кацельні і сушыльнай камеры стаяць аўстрыйскія катлы, і іх вытворцы самі кантралююць іх работу ў анлайн-рэжыме. Калі здараецца нейкі збой, то адказным спецыялістам прадпрыемства прыходзіць паведамленне, якая праблема менавіта ўзнікла і як яе вырашыць.
Пасля знаёмства з мясцовымі прадпрыемствамі ўдзельнікі пасяджэння перамясціліся ў райвыканкам. У непасрэдным абмеркаванні заяўленай тэмы запрасілі прыняць удзел прадстаўнікоў мясцовых дзяржаўных органаў кіравання, а таксама Генадзія Сіповіча, дырэктара малочнага завода Георгія Касцяня і старшыню Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Пастаўскім райвыканкаме Вольгу Вярцінскую.
Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ