На званіцы царквы Святой Жываначальнай Троіцы ў вёсцы Месткавічы ўсталяваны тры новыя званы

Источник материала:  
22.05.2018 — Разное
>   Гэтыя «галасы» былі заказаны і адліты на ахвяраванні прыхаджан царквы на знакамітым звонавым заводзе Мікалая Шувалава ў Яраслаўскай вобласці.

 Самі вернікі, не стрымліваючы радасці і слоў падзякі, кажуць, што гэта стала магчыма дзякуючы сям’і царкоўнага старасты Іосіфа Красоўскага, якая прыклала нямала сіл і сродкаў для таго, каб царква атрымала неабходныя галасы. Сам Іосіф Фёдаравіч — карэнны жыхар суседняй вёскі Красава, ужо больш за пяць гадоў ён з’яўляецца старастай царквы. Гэта прыхадская «пасада» хоць і ганаровая, але патрабуе вялікай адказнасці, арганізатарскіх здольнасцей, працавітасці. Тут стараста і панамар, і загадчык гаспадаркі, і майстар…

 Больш за дзесяць гадоў пастырам гэтага прыходу і настаяцелем Свята-Троіцкай царквы з’яўляецца руплівы святар — протаіерэй Віктар Сачкоўскі. За гэты час было зроблена нямала добрых спраў. Па благаславенні высокапраасвяшчэннага Сцяфана, архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага, на ахвяраванні жыхароў вёсак Стайкі, Вялікія Дзіковічы, Завідчыцы ў гэтых населеных пунктах пабудаваны капліцы.

 Тэрыторыя Свята-Троіцкай царквы добраўпарадкавана. На сённяшні дзень на званіцы царквы шэсць званоў. З іх дзеючых «галасоў» пяць: тры новыя, стары звон і самы вялікі – Благавест, які быў адліты на ахвяраванні вернікаў 20 чэрвеня 1928 года. Адзін невялікі звон трэснуў і не гучыць. Доўгі час мелодыю тут выдавалі дзве чыгуначныя рэйкі.

 Ёсць нейкі сімвал у тым, што тры новыя званы на званіцы з’явіліся праз стагоддзе пасля таго, як адсюль былі зняты чатыры старыя. Архіўныя матэрыялы сведчаць, што падчас Першай сусветнай вайны салдаты кайзераўскіх войскаў «знялі і вывезлі званы 45, 25, 16 і 14 пудоў». Выкарыстанне звонавай бронзы ў гады ліхалеццяў для вайсковых патрэб было не рэдкасцю. Вось і з гэтай палескай вёскі немцы вывезлі чатыры званы агульнай вагой 1638 кг.

 У нашыя дні царква ў вёсцы Месткавічы з’яўляецца духоўным цэнтрам для жыхароў вёсак Красава, Стытычава, Сачкавічы, Завідчыцы, Вялікія Дзіковічы, Іванікі, Хойна. На набажэнствы сюды прыязджаюць з Пінска, іншых куточкаў Беларусі. Гэта намоленая стагоддзямі зямля. Нягледзячы на шматлікія войны і ліхалецці, жыхары Месткавічаў заўсёды імкнуліся, каб у іх сяле быў Божы дом. Сёння можна казаць аб існаванні шасці (!) храмаў. Тая царква, што стаіць зараз, была збудавана напрыканцы XIX стагоддзя. За ўсю яе гісторыю тут ніколі не спынялася служэнне Богу.

 27-28 мая, на свята Святой Троіцы, у вёсцы Месткавічы адбудуцца Боская літургія і свята вёскі з нагоды 120-годдзя асвячэння царквы. Сардэчна запрашаем землякоў прыняць удзел ва ўрачыстасцях!

 Вадзім ЛОСЬ, гісторык. г. Гомель


←Российские биатлонистки рассматривают вариант продолжения карьеры в Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика