Воспитанники Владимира Лапицкого не раз становились победителями соревнований различного уровня
Званку Людмілы Калінчык, прызёркі чэмпіянату свету па біятлоне, а зараз супрацоўніцы Беларускай федэрацыі гэтага віду спорту, якая прасіла прывезці на тэсціраванне траіх вучняў, Уладзімір Мікалаевіч Лапіцкі не здзівіўся – за сваю багатую працоўную біяграфію ён меў зносіны і знаёмы з многімі вядомымі асобамі ў спартыўнай сферы. Вось толькі працуе гэты чалавек не ў Міністэрстве спорту і турызму ці Алімпійскім камітэце, як можа падацца, а ў Вялікадолецкай школе. І ўся яго дзейнасць звязана з фізічнай падрыхтоўкай сельскіх дзяцей, якія з ушацкай глыбінкі падымаліся на вяршыні самых прэстыжных спаборніцтваў.
Людзі прыходзяць у прафесію па-рознаму. Адны вызначаюцца з ёй яшчэ задоўга да заканчэння школы, на выбар іншых рашаючае значэнне аказваюць бацькі, родныя, знаёмыя.
– Мае тата і маці – простыя вясковыя людзі, – кажа Уладзімір Мікалаевіч. – Бацька, напрыклад, меў усяго некалькі класаў адукацыі. Але яе недахоп кампенсаваў такой жыццёвай мудрасцю, грунтоўнасцю, што да яго за парадай звярталіся сёстры, мае цёткі! А яны, між іншым, працавалі завучам школы і начальнікам раённага аддзела народнай адукацыі ў горадзе. Так сталася, што і мы ўсе знайшлі сябе ў педагагічнай дзейнасці, праўда, спецыяльнасці розныя: сястра Надзея займаецца з вучнямі малодшых класаў ва Ушачах, брат Міхаіл – гісторык, дырэктар школы №34 у Віцебску.
Уладзімір Мікалаевіч мае разрады адразу па некалькіх відах спорту, з якімі сябраваў з дзяцінства, бо рос моцным і выдатна падрыхтаваным фізічна. Таму хлопца ўзялі не абы-куды, а ў эліту арміі, аб службе ў якой многія толькі марылі – ён баявы плывец, падводны спецназавец.
З глыбінь Ціхаакіянскага флоту ён “усплыў” у родным раёне. Армія яшчэ больш загартавала, і на працягу пяці год марылі быць падобнымі на свайго фізрука дзеці з наваколля Завячэлля – Уладзімір Мікалаевіч педагагічную дзейнасць пачынаў у мясцовай васьмігодцы і паралельна завочна вучыўся. Потым вярнуўся на малую радзіму і на працягу апошніх дваццаці пяці гадоў працуе ў Вялікадолецкай школе.
Бацькоўскую грунтоўнасць ён, безумоўна, пераняў. Да ўсяго, за што бярэцца, падыходзіць важка і сур’ёзна. А падмацаваныя адпаведнай адукацыяй энергія і ўменне працаваць з дзецьмі, зацікавіць іх, у сукупнасці давалі і даюць вынікі. Вялікадолецкія школьнікі нязменна станавіліся лепшымі або былі прызёрамі на раённых спартакіядах. А устаноў адукацыі тады было ў разы больш.
– Не памятаю ўжо дакладна ў якім годзе, але на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы мы набралі ў суме дзесьці 2200 ачкоў, – прыгадвае яскравыя моманты Уладзімір Мікалаевіч. – Каманда, якая стала другой – на тысячу менш… У скачках у вышыню іншыя школьнікі заканчвалі апошнюю спробу на адзнацы 1,50 метра, а нашы з 1,55 толькі пачыналі. А Сяргей Жураў у лепшай спробе ўзяў 1,86!
Дзяцей у тыя часы было больш, але ў рэспубліцы ўсё роўна не маглі паверыць, што каманда Віцебскай вобласці, якая выйгравала фінальныя спаборніцтвы па настольным тэнісе сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства, прадстаўлена не тое што адным раёнам, а адной вясковай школай! А перамог такіх, дарэчы, было чатыры.
– Меў тады магчымасць выбару, – У.М.Лапіцкі ўвесь час стараецца прынізіць свае заслугі. – Але пагаджуся, каманды ў нас былі моцныя. Абласныя спаборніцтвы выйгравалі “гуляючы”, а на рэспубліцы Сцяпан і Іван Глазко, Андрэй Крыштопенка, Таццяна і Дар’я Казлоўскія, Яраслаў Волах, Антон і Антаніна Лянец, Таццяна Юшчанка і іншыя “рубіліся” на роўных і перамагалі кандыдатаў у майстры і нават майстроў спорту. Я заўсёды стараўся трэніраваць па ўласных напрацоўках, сваіх методыках, бо калі каго капіраваць – наўрад ці атрымаецца лепш арыгінала. Таму і “рэзалі” мае вучні накладкамі з шыпамі, чым прыводзілі ў шок сапернікаў, бо яны гэтым бокам ракеткі ў той час гулялі толькі ў абароне. Памятаю, падчас адных рэспубліканскіх спаборніцтваў мяне пазнаёмілі з Аляксандрам Палавінкам. У маладыя гады ён быў вельмі перспектыўным тэнісістам, нават абыгрываў легенду еўрапейскага настольнага тэніса Яна-Уве Вальднера, што да яго не ўдавалася нават нашаму знакамітаму Уладзіміру Самсонаву. Але рана закончыў і пачаў трэніраваць у сталіцы. Дык вось, прадставілі мяне яму як трэнера. “Трэнер? Ну назаві хоць аднаго свайго выхаванца!” – скептычна паглядзеў ён на мяне (мінчане заўсёды ставіліся да рэгіёнаў крыху з вышыні). Я паспеў толькі сказаць “Таня Юшчанка…” і ён мяне спыніў: “Усё, хопіць!” Справа ў тым, што для Таццяны на тых спаборніцтвах не было аўтарытэтаў – ёй прайгравалі нават прызнаныя фаварыты, у тым ліку і выхаванцы Аляксандра. “Адно суцяшэнне, што землякам саступіў!” – казаў ён, бо бацька А.Палавінкі – з вёскі Пола нашага раёна.
За гады працы Уладзімір Мікалаевіч, які даўным-даўно з’яўляецца настаўнікам вышэйшай катэгорыі і кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізкультуры, атрымаў дзясяткі ўзнагарод, падчас уручэння якіх яму паціскалі руку пасадныя асобы самага высокага рангу. А некаторыя нават не стрымліваліся і… абдымалі!
– Было і такое, – смяецца Уладзімір Мікалаевіч. – Намеснік міністра спорту і турызму пасля адной з нашых перамог на рэспубліцы не мог усвядоміць, што ў складзе нашай каманды няма навучэнцаў спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ і што мы прадстаўляем звычайную сельскую ўстанову адукацыі з колькасцю вучняў крыху за сотню. А калі ўдакладніў, што гэта і сапраўды так, то сказаў “Малайчына, Валодзя! Ну і прыабняў…
Прыпамінаючы лепшых тэнісістаў Вялікадолецкай школы, з-за прыроджанай сціпласці не назваў трэнер-бацька Кацярыну Лапіцкую. Між тым, дачка Уладзіміра Мікалаевіч з ліку тых, пра каго кажуць кіношнае “спартсменка, актывістка, разумніца і проста прыгажуня”. Яна ўносіла вялікі ўклад у перамогі вялікадолецкіх тэнісістаў і паспявала выдатна вучыцца. А зараз прадаўжае бацькоўскую справу – скончыла сталічны лінгвістычны інстытут, магістратуру, аспірантуру і працуе ў альма-матар выкладчыкам. Аб узроўні яе падрыхтоўкі сведчыць і той факт, што Кацярына мае прапанову на працу ў Стамбуле, дзе беларуская дзяўчына будзе вучыць туркаў нямецкай мове.
У сценах Вялікадолецкай школы зараз значна цішэй, чым яшчэ некалькі год таму, узнагарод і кубкаў – у разы больш за колькасць сённяшніх навучэнцаў. Але яны працягваюць з зайздросным пастаянствам папаўняць скарбонку спартыўных дасягненняў установы адукацыі, выстрэльваючы на самых прэстыжных спаборніцтвах, як, напрыклад, сёлетні “Снежны снайпер”, дзе адзіны медаль камандзе Віцебшчыны прынёс пяцікласнік Рома Лабецкі.
“Уся справа ва ўпартай працы і трэніроўках, – сцвярджае Уладзімір Мікалаевіч. – Ну а на саміх стартах трэба крыху ўдачы!” Са сваім падыходам да новага біятлоннага сезона юных спартсменаў ён рыхтуе… ужо сёння: “Крос бегаем, развіваем вынослівасць”.
Калі на шыі ва Уладзіміра Мікалаевіча няма свістка, а ў руках секундамера, калі ён змяняе спартыўны касцюм на цывільнае адзенне, то яго можна прыняць, напрыклад, за спецыяліста-агранома. Тым больш што працы на зямлі ён заўсёды аддае значную частку свайго часу. Гэта сялянскае, гэта ад бацькоў, у крыві. Вось толькі вольная хвіліна звычайна ў дэфіцыце, бо пры падрыхтоўцы да чарговых спаборніцтваў ён заўсёды працуе са школьнікамі звышурочна і не толькі на трэніроўках – падкажа, дапаможа, падтрымае.
Таму дзеці заўсёды адносіліся і адносяцца да яго з павагай.Таму ёсць і павага, і цікавасць да прадмета, удзячнасць да настаўніка. Яе не надрукуеш на прыгожым бланку са словам “Грамата”. Але гэта ўзнагарода самая простая, і разам з тым такая дарагая для любога педагога.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.