Экскурсавод, краязнаўца і аматар падарожжаў Таццяна Хвагіна адзначыла юбiлей

Источник материала:  
20.05.2018 — Разное
>

Экскурсавод, краязнаўца і аматар падарожжаў Таццяна Хвагіна адзначыла юбiлей
Творчая сустрэча, прысвечаная вядомаму экскурсаводу, аўтару шматлікіх кніг і турыстычных даведнікаў пра Палессе Таццяне Хвагінай, адбылася ў Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Я. Янішчыц. Нагода для цікавай імпрэзы вельмі значная – у красавіку Таццяна Аркадзьеўна адзначыла юбілей, а 15 мая споўнілася 40 гадоў яе нястомнай плённай працы ў сферы турызму і падарожжаў.

Экскурсавод, краязнаўца і аматар падарожжаў Таццяна Хвагіна адзначыла юбiлей
Таццяна Хвагіна нарадзілася 27 красавіка 1953 года ў Баранавічах. Спачатку выпускніца філалагічнага факультэта БДУ па размеркаванні працавала педагогам у Віцебскай вобласці. Але затым вярнулася ў Баранавічы і, можна сказаць, выпадкова трапіла на курсы экскурсаводаў пры Баранавіцкім бюро падарожжаў і экскурсій. Праз некаторы час стала зразумела, што Таццяна Аркадзьеўна аказалася на сваім месцы. Яе талент і здольнасці заўважылі, пасля васьмі гадоў натхнёнай працы прапанавалі ўзначаліць Пінскае бюро падарожжаў і экскурсій. На той момант яно знаходзілася не ў вельмі добрым стане. Таццяна пагадзілася пераехаць, і так сталася, што ўсім сэрцам прыкіпела да гэтых чароўных мясцін, лёс аказаўся звязаны менавіта са сталіцай Палесся. У 1986-1991 гадах Т.А. Хвагіна працавала дырэктарам Пінскага бюро падарожжаў, і задачу – зрабіць Пінск папулярным турысцкім цэнтрам, а даручанае бюро – паспяховым – выканала і перавыканала. Аб’ёмы паслуг былі ўтроены, кожная гасцініца рэгіёну (у Пінску, Лунінцы, Століне, Ганцавічах) была бітком набіта турыстамі. З 1987 па 1990 гады Пінскае бюро падарожжаў і экскурсій прызнавалася лепшым у сваёй катэгорыі.

Цяжка ўзгадаць чалавека, які б зрабіў так многа для развіцця экскурсійнай і турыстычнай справы на Піншчыне, як Таццяна Хвагіна. Яна, улюбёная ў Палессе, у гісторыю і культуру Беларусі, імкнецца перадаць свае шчырыя пачуцці, свае глыбокія веды не толькі жыхарам нашай краіны, але і замежным гасцям.

Па словах Таццяны Аркадзьеўны, для Пінска і Палесся ўсё даводзілася рабіць наноў – іншы рэгіён, іншыя гістарычныя падзеі і персоны, палеская прырода і этнаграфія, помнікі і памятныя месцы. Яна сур’ёзна занялася даследчай краязнаўчай працай, да якой прыцягнула і пінскіх экскурсаводаў. У выніку быў створаны шэраг экскурсій, сярод якіх «Пінск – горад дзевяці стагоддзяў», «Узоры і песні Палесся», «Па старажытнай Тураўскай зямлі». Так, Таццяна Аркадзьеўна распрацавала дзясяткі экскурсійных маршрутаў па Беларусі, ў тым ліку па палескаму краю! Кожны, хто хаця б раз трапіў на яе экскурсію, абавязкова атрымае новыя веды і ўражанні, запамятае «цікавосткі», якімі шчодра дзеліцца гэтая энергічная, абаяльная, добразычлівая жанчына.

Экскурсавод, краязнаўца і аматар падарожжаў Таццяна Хвагіна адзначыла юбiлей
Т.А. Хвагіна часта выступае ў перыядычным друку, расказвае не толькі пра краязнаўства, але і пра актуальныя праблемы развіцця турызму. За гады працы ёю было падрыхтавана і выпушчана вельмі шмат кніг, буклетаў, альбомаў і даведнікаў, у тым ліку «Пінск – чароўная казка Палесся», «Холокост на Пинщине» (у сааўтарстве з Э. Злобіным), «Пинский район – жемчужина Полесья», «Барановичи и окрестности», «От Беловежской пущи до полесских болот» (у сааўтарстве з А. Вараввай). Яны напісаныя жывой і маляўнічай мовай, дапоўнены яркімі ілюстрацыямі, з цікавасцю чытаюцца і карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод турыстаў, экскурсантаў і спецыялістаў экскурсійнай справы.

У 1990-я гады з распадам СССР прыём турыстаў у Пінску практычна спыніў-ся, экскурсіі не праводзіліся, а экскурсаводы не былі запатрабаваныя. Т.А. Хва-гінай на грамадскіх пачатках прышлося адраджаць экскурсійную дзейнасць у рэгіёне. У 1996 годзе яна была адным з ініцыятараў стварэння Беларускага грамадскага аб’яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, узначаліла яго Пінскае аддзяленне. Тады ж арганізавала першыя ў постсавецкі перыяд і бясплатныя курсы па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы экскурсаводаў. У 1999-2000 гадах падрыхтавала 25 экскурсаводаў, што ў той перыяд было вялікай рэдкасцю. Сама збірала будучых экскурсаводаў, шукала спонсараў, памяшканне, выкладала, праводзіла практычныя заняткі, вучэбныя экскурсіі і распрацоўвала новыя экскурсійныя маршруты. Свой багаты вопыт яна перадавала і маладому пакаленню – некалькі гадоў працавала ў Палескім дзяржаўным уні-версітэце. Яна і зараз вядзе актыўную грамадскую работу, клапоціцца пра распрацоўку і папулярызацыю новых турыстычных маршрутаў, актывізацыю ўязнога і ўнутранага турызму, выступае за захаванне гістарычных помнікаў і мясцін.

Экскурсавод, краязнаўца і аматар падарожжаў Таццяна Хвагіна адзначыла юбiлей
На творчай сустрэчы з Таццянай Хвагінай прысутнічалі родныя, сябры, калегі юбіляра, экскурсаводы Пінскага аддзялення экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, студэнты ПалесДзУ і аграрна-тэхнічнага каледжа імя А.Я. Кляшчова. Мерапрыемства праходзіла ў незвычайнай форме. Вядучая, студэнтка Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандра Барысенка, задавала Таццяне Аркадзьеўне цікавыя пытанні. Падчас дыялогу прысутныя даведаліся аб працоўнай дзейнасці, падарожжах у розныя краіны, незвычайных выпадках, якія адбываліся з гераіняй сустрэчы. Таццяна Аркадзьеўна падзялілася і сваёй творчасцю – прачытала некалькі вершаў.

Экскурсавод, краязнаўца і аматар падарожжаў Таццяна Хвагіна адзначыла юбiлей
Т.А. Хвагінай падзякавалі за цеснае супрацоўніцтва, павіншавалі і ўручылі грамату намеснік старшыні Пінскага райвыканкама Д.Г. Палхоўскі і галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ю.П. Кісель. На мера-прыемстве выступілі старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў М.А. Чыр-скі, кандыдат філасофскіх навук, экскурсавод А.В. Дарагенскі, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі М.І. Ляшук і А.І. Шушко. З віншаваннямі таксама выступілі Павел Ляхновіч, Алена Ігнацюк, Мікалай Лаўровіч, Жанна Верыч і іншыя літаратары. Ад работнікаў бібліятэк дырэктар Пінскай РЦБС А.І. Анташук уручыла юбіляру сувенір – прыгожы ручнік, вышыты бібліятэкарам Жыдчанскай сельскай бібліятэкі Н.Р. Масяйчук.

У завяршэнне творчай сустрэчы прагучалі песні ў выкананні фальклорна-этнаграфічнага калектыву «Крыніцы» Пінкавіцкага СДК.

Наталля МІЛЕЎСКАЯ.
Фота аўтара.

←У каждого своя правда. Как визит директора гомельской школы в семью стал достоянием общественности

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика