На лаўрах не спачываем
Па выніках мінулага года адкрытае акцыянернае таварыства «Пастаўскі малочны завод» занесена на абласную Дошку гонару. А як завод працуе сёлета? Карэспандэнт «Пастаўскага краю» Фаіна Касаткіна папрасіла расказаць пра гэта дырэктара таварыства Георгія Касцяня.
— Безумоўна, усяму калектыву прыемна, што прадпрыемства заслужыла права быць занесеным на абласную Дошку гонару, а магчыма, трапіць і на рэспубліканскую (прынамсі, аблвыканкам хадайнічае пра гэта, а Дошка будзе адкрыта да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь). Але мы не спачываем на лаўрах, а ставім перад сабой усё новыя задачы і ажыццяўляем іх. Гэты год для завода больш складаны, чым папярэдні, і найперш з рэалізацыяй прадукцыі. Па-ранейшаму львіную яе долю экспартуем у Расійскую Федэрацыю. Але недальнабачна абмяжоўвацца толькі расійскім рынкам. Усім вядома, што паміж беларускімі вытворцамі і расійскімі службамі, якія кантралююць якасць прадукцыі, час ад часу ўзнікаюць непаразуменні, а то і сур’ёзныя канфлікты. Праўда, да нас прэтэнзій пакуль не было, але хто ведае, што можа адбыцца ў далейшым. Таму мы актыўна шукаем новых партнёраў. У красавіку ў складзе дэлегацыі Рэспублікі Беларусь я пабываў ва Узбекістане. Арганізавалі мы там і дэгустацыю сваіх сыроў. Яны спадабаліся, бо якасць сапраўды вельмі высокая. Заключылі дагавор на пастаўку і ўжо адгрузілі першую партыю вагой паўтары тоны. Вядзём перамовы і па рынках збыту ў Кіргізіі і Таджыкістане. Спадзяёмся, што яны будуць паспяховымі.
Чатыры гады назад завод мадэрнізаваны, але мы працягваем укараняць навацыі. Правялі тэхнічнае перааснашчэнне вытворчай лабараторыі, папоўнілі базу аўтапарка двума новымі малакавозамі і пяццю ізатэрмічнымі фургонамі для перавозкі гатовай прадукцыі. На чарзе — устаноўка новай лініі па нарэзцы і ўпакоўцы сыроў, якую плануем увесці ў дзеянне ў канцы чэрвеня. Частка абсталявання (а яно замежнай вытворчасці) ужо закуплена і завезена ў цэх. Калі чатыры гады назад мы ставілі першую такую лінію, знаходзілася нямала скептыкаў, якія сцвярджалі, што гэта немэтазгодна. Практыка паказала адваротнае — наразныя сыры карыстаюцца большым попытам, а прадпрыемству больш эканамічна выгадна іх рэалізоўваць. Таму пры штосутачным выпуску 20 тон сыроў плануем наразаць да 15 тон.
Добры попыт на элітныя сыры. Летась асвоілі гатункі «Тызенгаўз» і «Пармезан Гранд», «Вільна», «Мармурны». На чарзе — аналагі італьянскіх брэндаў «Пармезан», «Грана Падана» і галандскага «Маасдама», класічных з «вялікімі вачамі». Яшчэ дзве навінкі — «Пекарына» і «Армейскі».
Для таго каб знізіць сабекошт прадукцыі, плануем за бліжэйшыя два з паловай гады пабудаваць уласную рабатызаваную ферму на дзве тысячы галоў дойнага статка. Пад яе ўжо выдзелены зямельны ўчастак ля вёскі Чашуны Курапольскага сельсавета. Праекціроўшчыкі зараз займаюцца там геалагічнымі пошукамі. Каштарысны кошт фермы — 25 мільёнаў долараў. Гэта вялізныя сродкі. 80 працэнтаў ад названай сумы пракрэдытуе пад 5,25 працэнта гадавых Банк развіцця. Вярнуць крэдыт мы павінны будзем на працягу 15 гадоў.
У наступным месяцы спаўняецца год, як наша прадпрыемства стала кіруючай кампаніяй у адносінах да ААТ «Камайскі-агра», у якое ўклалі за гэты час больш за 2,5 мільёна рублёў. Паставілі за мэту адрадзіць былую славу гаспадаркі (колішняга калгаса «Дружба»), і першыя, але ўпэўненыя крокі да гэтага ўжо зроблены — умацавалася дысцыпліна, палепшылася становішча ў жывёлагадоўлі, паспяхова праводзяцца веснавыя палявыя работы. Немалаважна тое, што людзі паверылі ў перспектыву і стараюцца на сваіх рабочых месцах. Праўда, кадравая праблема вырашана не поўнасцю. Гаспадарцы патрэбны начальнікі вытворчых аддзяленняў, інжынеры, механікі. Добрыя ўмовы для работы і жыллё ёсць. Спадзяёмся, што знойдзем і патрэбных спецыялістаў.
Падтрымліваем не толькі «Камайскі-агра». Сёлета больш за 4 мільёны рублёў завод пералічыў у абласны фонд падтрымкі сельгасвытворцаў. Гэтыя грошы вельмі спатрэбіліся б і нам самім, але мы абавязаны былі выканаць распараджэнне аблвыканкама. Гаворачы ў цэлым пра фінансавае становішча прадпрыемства, трэба прызнаць, што сёлета яно значна горшае, чым было ў мінулым годзе. Але гэта не прычына для таго, каб апускаць рукі. Будзем прымаць усе меры да таго, каб нарошчваць вытворчасць прадукцыі, пашыраць рынкі збыту, ажыццяўляць усе свае праекты.