У Лідскім раёне прайшло свята, прымеркаванае да Міжнароднага дня сям'і (фота)
Любiць, дараваць, усё рабіць разам – атрымліваецца вось такі дэвіз па шлюбным жыцці, калі ўзяць па адным сакрэце сямейнага шчасця ад кожнай з трох сем'яў, якія прымалі ўдзел у тэматычнай конкурснай праграме "У сям'і вытокі ўсіх асноў”.
Гэта было сапраўднае свята. Тры сям’і з Бердаўкі: Жамойда-Суравягіных, Сенькавец, Тучкоўскіх – аспрэчвалі сваё права на званне самай дружнай, актыўнай, крэатыўнай. Спачатку ўвага журы і гасцей была прыцягнута да сямейных выставак, якія давалі ўяўленне аб свеце захапленняў канкурсантаў: вышыўка, коўка з металу, цестапластыка, напісанне вершаў – усяго не пералічыць. Ды і часу на гэта не было, бо гукі музыкі хутка паклікалі ў залу: на сцэне Бердаўскага Цэнтра культуры і вольнага часу разгортвалася асаблівае дзейства – конкурс “Візітная картка”. Удзельнікі расказвалі, з чаго пачынаўся іх маленькі свет, як гадаваліся дзеці, дзяліліся сакрэтамі шчасця, адлюстроўвалі духоўны свет сваёй сям’і. Не менш цікавымі былі і астатнія конкурсы: дзеці паказвалі творчыя здольнасці, таты – здольнасці цырульніка (рабілі сваім дочкам прычоскі), мамы – фларыстычныя (складалі букеты з палявых кветак), усе разам – камандныя.
На працягу тэматычнай конкурснай праграмы "У сям'і вытокі ўсіх асноў” панавала атмасфера добразычлівасці. І хаця адчувалася хваляванне канкурсантаў, сем’і былі ўпэўнены ў сваіх сілах, таму што разам можна справіцца з любой задачай. Тым больш што ні пераможцаў, ні тых, хто прайграў, у конкурсе не было. Кожная сям'я была адзначана сваім дыпломам: самай дружнай журы прызнала сям’ю Жамойда-Суравягіных, актыўнай – Сенькавец, крэатыўнай – Тучкоўскіх.
Мерапрыемства праходзіла сумесна з актывам Беларускага саюза жанчын. Раённая арганізацыя прадаставіла ўсім удзельнікам падарункі, гледачам накрыла дэгустацыйны стол ад Лідскага малочна-кансервавага камбіната.
– Сям'я – гэта ячэйка грамадства, дзе ў першую чаргу адбываецца выхаванне падрастаючага пакалення, – адзначыла ў інтэрв’ю журналісту “Лідскай газеты” старшыня Лідскай раённай арганізацыі БСЖ Святлана Івуць. – На прыкладзе ўзаемаадносін, на гэтым падмурку будуецца будучае жыццё моладзі. Стараемся прымаць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, акцыях, як раённых, так і рэспубліканскіх, якія тычацца сем’яў. Дапамогу тым, хто патрабуе, аказваем на тыя ўзносы, якія мы збіраем у нашай арганізацыі.
…Калі эмоцыі ўлягліся, хваляванне ад удзелу ў конкурсе засталося ў мінулым, журналіст "Лідскай газеты" вярнуўся да галоўных дзеючых асоб свята – сем'яў, – каб задаць усяго адно пытанне: як стварыць і, галоўнае, зберагчы моцную сям'ю? Універсальнага адказу на гэтае пытанне не знойдзеш ні ў якім падручніку. Але нашы героі прапанавалі свае варыянты, заснаваныя на іх жыццёвым вопыце.
Муж і жонка Сенькавец разам ужо 33 гады, абодва працуюць у Бердаўскай сярэдняй школе, выхоўваюць чацвярых дзяцей. Лічаць, што ў сям'і на першым месцы павінна быць разуменне.
– Дзяцей у нас шмат, таму стаяць “у позе”, падоўгу дзьмуцца адзін на аднаго некалі. Узнікла непаразуменне – абмеркавалі, выслухалі адзін аднаго, знайшлі кампраміс, даравалі і далей жывём. Важна не аддзяляцца ад таго, каго кахаеш, усё рабіць разам: і працаваць, і адпачываць, – упэўненыя Іван Васільевіч і Надзея Уладзіміраўна Сенькавец. – Разводаў сёння шмат таму, што сучасныя людзі не маюць такой жыццёвай загартоўкі, якая была ў нас. Моцнага духам чалавека цяжкасці гартуюць, а не руйнуюць.
Муж і жонка Тучкоўскія разам 19 гадоў, Іван Юзэфавіч працуе вадзіцелем у пажарнай часці, Лія Уладзіміраўна – сацыяльны работнік, разам выхоўваюць пецярых дзяцей. Лічаць, што моцная сям'я не можа будавацца без любові і даверу.
– Трэба заваёўваць адзін аднаго кожны дзень, быць заўсёды абноўленымі і цікавымі, – кажуць муж і жонка Тучкоўскія. – Нельга дзяліць хатнія абавязкі на мужчынскія і жаночыя, усё павінна быць сумесным. Гэта тычыцца і адпачынку, і візіту да сяброў. Для дзяцей трэба быць прыкладам ва ўсім, любіць іх, але і не песціць моцна, абавязкова прывучаць да працы. Сумесная праца збліжае, выключае недастатковае разуменне, а часам, калі было месца сварцы, нават прымірае.
Муж і жонка Жамойда-Суравягіны разам 24 гады, абодва працуюць у бердаўскім сельгаспрадпрыемстве, выхоўваюць траіх дзяцей. Лічаць, што сям'я трымаецца на прабачэнні.
– Як бы банальна гэта ні гучала, але трэба ўступаць адзін аднаму, шукаць кампраміс у любым пытанні, забываць пра сваё асобнае "я" і больш думаць пра "мы". Сям'я не церпіць эгаістаў, – упэўнены Сяргей Аляксандравіч і Марына Станіславаўна. – А яшчэ мужу і жонцы нельга забываць адзін пра другога. Бо дзеці вырастаюць, ствараюць свае сем'і, а вы – тыя, хто сустрэўся і пакахаў адзін аднаго шмат гадоў таму, – застаяцеся.
Вось такія сакрэты шчасця трох розных сем’яў з аднаго аграгарадка Бердаўка. Магчыма, дзякуючы ўсім гэтым мудрасцям колькасць моцных сем'яў у Лідскім раёне год ад года будзе толькі павялічвацца.