Такое пазітыўнае слова – усынаўленне
Выказванне «чужых дзяцей не бывае» яскрава характарызуе дзейнасць службы аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Аб тым, як дапамагае дзяржава дзецям, што засталіся без апекі бацькоў, жыць і выхоўвацца ў паўнацэнных сем’ях, расказвае галоўны спецыяліст аддзела Алена Гамза.
–У 2017 годзе ў нашым раёне без бацькоўскай апекі засталіся 13 хлопчыкаў і дзяўчынак, – расказвае Алена Станіславаўна. — Прычым, толькі адно дзіця стала сіратой па прычыне смерці бацькоў. 12 дзяцей засталіся сіротамі пры жывых бацьках, у выніку пазбаўлення іх бацькоўскіх правоў. Магчыма, для кагосьці лічба 12 і не здасца такой значнай, аднак патрэбна бачыць, што за гэтай лічбай стаяць 12 дзіцячых лёсаў, 12 дзетак, якія не маюць магчымасці назваць самых дарагіх людзей мамай і татам, 12 маленькіх чалавечкаў, якім, можна сказаць, здрадзілі тыя, хто дараваў ім жыццё.
– Алена Станіславаўна, якая работа праводзіцца спецыялістамі аддзела, каб дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі, не аказаліся ў казённых сценах інтэрнатных устаноў?
– У нашым раёне добра развіты сямейныя формы ўладкавання дзяцей, дзякуючы чаму ўсе дзеці, якія атрымалі сіроцкі статус, вызначаны на выхаванне ў замяшчаючыя сем’і. Аднак больш за ўсё пашанцавала тым дзеткам, якія набылі свае сем’і дзякуючы працэдуры ўсынаўлення (удачарэння). Такім чынам, дзеці, якія згубілі сваіх кроўных бацькоў, назаўсёды набылі новых маці і тату. З 13 такіх дзяцей у мінулым годзе семярых усынавілі ці ўдачарылі. А наогул за апошнія тры гады ў нашым раёне ўсыноўлены трынаццаць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. У ліку іх шэсць хлопчыкаў і сем дзяўчынак. Прычым, да года – толькі адно дзіця, сем дзетак – ва ўзросце да трох гадоў, чатыры – ад чатырох да шасці гадоў, адзін – ва ўзросце дзесяць гадоў.
– Алена Станіславаўна, ці маюць сем’і ўсынавіцеляў нейкія перавагі ў адносінах да полу?
– Часцей кандыдаты ва ўсынавіцелі прыходзяць з жаданнем прыняць у сям’ю маленькую блакітнавокую дзяўчынку ва ўзросце да года. Аднак пры знаёмстве з дзецьмі, будучыя бацькі, як правіла, з першага погляду вызначаюць сваё дзіця, і для іх ужо не мае розніцы ні пол дзіцяці, ні ўзрост – бацькоўскім сэрцам яны адчуваюць больш, чым розумам. Дзіцячая душа – тонкая. Дзіця мае патрэбнасць у любові, прызнанні, адабрэнні, яму неабходна для развіцця цеплыня зносін з блізкімі людзьмі. Усё гэта яны набываюць у сем’ях усынавіцеляў.
Прыемна агучыць такую статыстыку: колькасць усыноўленых хлопчыкаў і ўдачароных дзяўчынак прыблізна аднолькавая. Дзеці ў аднолькавай меры маюць патрэбнасць быць абагрэтымі любоўю.
Святлана ЖЫБУЛЬ