В Шумилино прошла военно-патриотическая игра «Зарница»
На мінулым тыдні на гарадскім стадыёне ў Шуміліне прайшла ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца”, прысвечаная 100-годдзю Узброенных Сіл Рэспублікі Беларусь і 50-годдзю правядзення гульні. За перамогу змагаліся дзевяць каманд са школ раёна, прычым у складзе каманд былі як сябры БРСМ, так і піянерскай арганізацыі.
“Зарніца” – гульня, якая прайшла выпрабаваннем часам, – адзначыла на ўрачыстым адкрыцці намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. – У яе з задавальненнем гулялі і 50 год назад, і сёння гуляюць. Кожная “Зарніца” дорыць удзельнікам безліч станоўчых эмоцый. Упэўнена, што і сёлетняя гульня будзе не выключэннем”. Са стогадовым юбілеем беларускай арміі павіншавалі ўдзельнікаў начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна АРВК Андрэй Собін і намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце 276-га асобнага батальёна аховы і абслугоўвання (аэрадрома) Сяргей Літвінаў.
Камандзіры атрадаў здалі рапарты Андрэю Собіну аб гатоўнасці да ўдзелу ў гульні, і “Зарніца” пачалася.
Асноўны этап “Зарніцы” – ваенізаваная паласа. Лепш і хутчэй за ўсіх з заданнямі справілася каманда Шумілінскай СШ №1, дапоўнілі прызавую тройку раённая гімназіі і Кардонская школа.
Цікавымі атрымаліся спаборніцтвы “Да абароны Айчыны гатовы!”. І калі штурханне гранаты і стральба з пнеўматычнай зброі для школьнікаў віды добра знаёмыя, то разборка і зборка аўтамата – справа новая. Тым больш, што судзіў гэты від Сяргей Літвінаў. “Упершыню трапіў на “Зарніцу” ў Шуміліна, – падзяліўся намеснік камандзіра. – Уражанні толькі станоўчыя. Для школьнікаў гульня – сапраўднае свята. На мой погляд, кожная з дзевяці каманд заслугоўвае перамогі. Што тычыцца конкурсу па разборцы і зборцы аўтамата, то лепшы час паказалі прадстаўнікі Шумілінскай СШ №1, другое месца раздзялілі Кардонская і Мішневіцкая школы”.
І яшчэ адзін конкурс “Аты-быты, ішлі салдаты з песняй на парад” судзіў кадравы афіцэр. Удзельнікі “Зарніцы” добра ведаюць, як судзіць конкурс строю і песні Андрэй Собін. Тут павінны быць добрая падрыхтоўка, дакладныя каманды і дакладнае і сінхроннае выкананне загадаў камандзіра. Інакш максімальных балаў не атрымаеш. “Добра ўдзельнікі падрыхтаваліся, – ацаніў начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна АРВК. – Першае месца аддадзена камандзе Шумілінскай СШ №1, другое – Обальскай СШ і раённай гімназіі”.
Удзельнікі ваенна-патрыятычнай гульні добра зарэкамендавалі сябе і ў візітнай картцы атрадаў «50 кадраў “Зарніцы”», і ў конкурсе баявых лісткоў «Змагацца і шукаць, знайсці і не здавацца», і ў віктарыне «100 на 50», і ў конкурсе інсцэніраванай песні «З агеньчыкам у душы і верай у перамогу».
Сёлетнімі пераможцамі раённай ваенна-патрыятычнай гульні “Зар-ніца” стала каманда «Камета» Шумілінскай СШ №1 (камандзір Даніла Арол), другое месца ў «Нашчадкаў» Обальскай СШ (Аляксандр Наважылаў), трэцяе – у «Вікторыі» Мікіціхінскай СШ (Кірыл Карбоўскі).
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №37 ад 15.05.2018 г.