Сад на шпалерах? Гэта ля Вужыкаў…
Сады розных відаў уласнасці на Камянеччыне займаюць 250 гектараў. Адзін з іх – побач з вёскай Вужыкі. Пяць год таму назад тут былі пасаджаны першыя гектары саду (уладанні фермерскай гаспадаркі “Бугаграінвест”, на чале якой Юрый Фядковіч). Сёння яблынямі заняты 32 гектары.
Невялікія дрэўцы, шпалеры, кропельнае паліванне і другія складаемыя сучасных тэхналогій інтэнсіўнага садаводства. Адлегласць між радамі дазваляе свабодны праезд тэхнікі, аднак у радах яблыні ўсяго ў 1,3 метра адна ад адной. Такая схема пасадкі дазваляе змясціць на 1 га пару тысяч дрэў. Шчыльнасць аптымальная і – максімальная колькасць святла дрэвам, зніжаная рызыка хвароб дзякуючы добрай цыркуляцыі паветра, высокая ўраджайнасць і зручнасць збору яблыкаў. Па водгуках спецыялістаў, культура догляду гэтага саду і арганізацыя працы ў ім можа быць прыкладам для іншых садаводаў.
Як расказаў начальнік участка Аляксандр Бей, сад на шпалерах патрабуе асаблівага догляду. Аднак і аддзячыць за клопат здольны высокім ураджаем. Каб яблыні не “ператаміліся” і наступны год быў таксама ўраджайным, пасля цвіцення, калі завязь дасягае памераў грэцкага арэха, лішкі яе знімаюць з галін. Затое таварнасць яблыкаў, што засталіся даспяваць, амаль гарантаваная. “Амаль”, бо сад патрабуе яшчэ нямала ўвагі на працягу лета.
Гэтымі днямі тут заняты да дзесяці чалавек з навакольных вёсак. Падчас збору яблыкаў людзей патрабуецца больш. Механізаваны збор ураджаю не практыкуецца.
Летась было сабрана амаль паўтары тысячы тон яблыкаў. Увосень частка ўраджаю “едзе” ў рознічны гандаль, а яблыкі больш позніх тэрмінаў даспявання – у спецыялізаванае сховішча, што ў Астрамечаве. Адпускная цана розніцца ў залежнасці ад таго, наколькі таварны выгляд мае яблык. Яго смак таксама цікавіць пакупніка.
Апошнія “вужыкаўскія” яблыкі мінулагодняга ўраджаю былі адпраўлены са сховішча ў гандлёвую сетку сёлета ў лютым. А пажадана мець іх да новага ўраджаю. І ёсць магчымасць пашырыць плошчу саду – праз дарогу яшчэ некалькі дзясяткаў гектараў зямлі (цяпер заняты кукурузай і рапсам), што належыць фермерскай гаспадарцы. Гаворка зноў жа пра яблыневы сад, бо набыты вопыт імкнуцца скарыстаць напоўніцу.
Век саду інтэнсіўнага тыпу нядоўгі – дзесяць гадоў. Вядома, што пасля гэтага тэрміну яго прадуктыўнасць зніжаецца. Прагматычная эпоха новых тэхналогій не прадугледжвае клопат пра сад, які мінаваў сваю вяршыню ўраджайнасці. Таму праз вызначаны час на месцы цяперашніх дрэў з’явяцца другія, маладыя, што радуюць ураджаем ці не на другі год пасля пасадкі. І зноў – новы цыкл жыцця саду.
* * *
Сёння ў Вужыках 9 домаўладанняў, 14 жыхароў, з іх двое – дзеці да 1 года. Адметна, што летась для будаўніцтва жылых дамоў у вёсцы выдзелены два ўчасткі, сёлета – адзін. Бывае, прыглядаюцца да былых сядзіб сваіх прадзедаў іх нашчадкі, таксама з мэтай збудаваць на месцы старой хаты новую. У абрамленні квітучага саду вёска нібыта памаладзела.
Галіна НОВІК.
Фота Станіслава ГРЫЦУКА.
Воўчынскі сельсавет.