«СК» у 1972-1973 гадах: «Лакомка» і Дом культуры
Падарожжа ў часе разам са старымі нумарамі юбіляркі «СК» працягваецца, і сёння мы прыбываем на прыпынак «1972-1973». У гэты час кампанія Atari выпусціла першую паспяховую відэаігру, а ў Сіднеі адкрыўся яго знакаміты оперны тэатр. У СССР выходзіць на экраны фільм «Иван Васильевич меняет профессию», а таксама з’яўляецца аповесць «Дядя Фёдор, пёс и кот», якая пазнаёміла свет з Прастаквашына.
У 1972 годзе Мсціслаў прымаў дэлегацыю з Манастыршчынскага раёна Смаленскай вобласці. Сярод гасцей былі медработнікі, настаўнікі, работнікі культуры, хлебаробы. Пасля гэтага нашы спецыялісты наведаліся на Манастыршчыну. Суседзі змаглі пазнаёміцца і падзяліцца каштоўным вопытам, а сама сустрэча запомнілася надоўга і стала пачаткам цеснага супрацоўніцтва.
Вялікая работа ў газеце вядзецца на глебе «ўкаранення новых грамадзянскіх абрадаў», робіцца акцэнт на ажыццяўленне афіцыйных і ўрачыстых рэгістрацый шлюбаў і нованароджаных без рэлігійнага падтэксту. Часта на газетных старонках новыя цырымоніі вельмі падрабязна апісваліся, рабіліся нават рэпартажы са шлюбаў.
Пачалося будаўніцтва вучэбнага гарадка сельскага прафтэхвучылішча №22: інтэрната, вучэбнага, бытавога карпусоў, будынка для практычных заняткаў. Дарэчы, у сценах ПТВ адбыўся канцэрт «Песні над Сожам», дзе выступалі артысты Гомельскай дзяржаўнай філармоніі. Сярод іх на сцэне быў і толькі што ўтвораны вакальна-інструментальны ансамбль «Сябры». Канцэрт у Мсціславе стаў адным з першых іх выступленняў. Асабліва слухачы адзначылі выкананне спевакоў Анатоля Ярмоленкі і Мікалая Целяпнёва.
Жыхары горада і раёна вельмі любілі газіраваную ваду, якую выраблялі ў цэху безалкагольных напояў хлебазавода.
Найбольшай папулярнасцю карысталіся «яблычны», «грушавы», «саяны», «мандарынавы», «апельсінавы» і «лімонны» з-за свайго выразнага смаку. А ўлюбёным магазінам гарадскіх школьнікаў у тыя гады была «Лакомка». На кожным перапынку і пасля заняткаў там заўсёды было шмат дзяцей, якія прыходзілі паласавацца цукеркамі, пірожнымі і пернікамі.
Першая сярэдняя школа ўрачыста адзначыла 100-гадовы юбілей як адна са старэйшых беларускіх агульна-адукацыйных школ. У газеце нават згадваецца дакумент з Вільнюскага архіва, у якім пазначана дата заснавання школы — кастрычнік 1872 года.
У СШ №3 быў створаны першы ў раёне метадычны кабінет.
Вопыт настаўнікаў школы стаў перадавым і яго распаўсюдзілі па ўсёй краіне. Цікава, што арганізатарам кабінета стаў Яфім Ясэпкін — былы рэдактар раённай газеты.
Завершана будаўніцтва раённага Дома культуры.
На месцы плошчы перад ім раней былі будынкі мэблевага, салявога і гаспадарчага магазінаў, але іх знеслі для ўтварэння адзінага архітэктурнага ансамбля. А 23 лютага 1973 года побач з сённяшнім РЦКіНТ адкрыўся ўнівермаг «Мстиславль». Універмаг стаў карыстацца вялікай папулярнасцю сярод гараджан і вяскоўцаў.
У в. Пячкоўка пабудавалі 13 дамоў, а ў в. Старыя Віхраны з’явілася некалькі калодзежаў, у в. Сапрынавічы 9 сямей адзначылі наваселле.