Пабудавана любоўю

Источник материала:  
14.05.2018 — Разное

Пабудавана любоўю

Прыгожая сям’я стаўбчан Віктара і Софіі Цярэшкаў у цэнтры ўвагі – іх наведвала нават сталічнае тэлебачанне. Для святочнага нумара з нагоды Дня сям’і іх кандыдатуру нам прапанавалі ў раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе Софія Цярэшка працуе бухгалтарам.

Чым жа гэтая сям’я такая прыкметная? Прыгажосцю адносін, хрысціянскім светапоглядам, адказнасцю перад грамадствам і перад Богам за выхаванне дзяцей.

Стаж сямейнага жыцця ў Віктара і Софіі складае 14 гадоў. Шчаслівай падзеяй для іх стала вяселле роднага брата Віктара, дзе яны знайшлі адно аднаго і не гублялі. Віктар быў ваеннаслужачым тэрміновай службы, закаханыя пісалі пісьмы, што правярала і мацавала іх пачуцці.

У іх шчаслівым шлюбе нарадзіліся чацвёра дзетак – два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Старэйшы Максім – вучань 7 класа СШ № 3 і вучань фартэпіяннага аддзялення Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Пяцікласніца Паліна паспяхова займаецца яшчэ і ў студыі выяўленчага мастацтва «Раніца». Першакласнік Кірыл пакуль спасцігае сваю першую навуку ў пачатковай школе і таксама любіць узяць аркуш і аловак. Марыі ў красавіку споўнілася два годзікі. Старэйшыя дзеці наведваюць нядзельную школу пры Свята-Уваскрэсенскім храме. Гэта дапамагае бацькам выхоўваць іх у праваслаўнай веры. І самі яны імкнуцца жыць хрысціянскім жыццём, удзельнічаюць у царкоўных Таінствах.

На пытанне, на чым грунтуецца фундамент іх сям’і, Віктар і Софія аднадушна адказваюць – на любові, даверы, уменні пацярпець адно аднаго, уступіць, не настойваць на сваім. Софія гаворыць, што апошняе слова – за мужам, таму што ён – галава сям’і, і гэты аўтарытэт у яго заслужаны. Дамачадцы яго шануюць, клапоцяцца аб ім. Віктар Анатольевіч працуе ў аддзеле па надзвычайных сітуацыях, узначальвае пажарны аварыйна-выратавальны пост № 15 у Любкаўшчыне. У яго пазменная работа, начныя дзяжурствы. І дома адпачываць яму няма калі. Разам са сваім бацькам Анатолем Генадзьевічам сваімі рукамі пабудавалі дом. Усе работы выканалі самі. Віктар і Софія не ўпускаюць момант выказаць удзячнасць за тое, што дзяржава аказала вялікую фінансавую падтрымку шматдзетнай сям’і з выдзяленнем крэдыту, які пагашаўся з нараджэннем кожнага дзіцяці і цяпер зведзены да нуля.

Добрым удзячным словам яны гавораць пра маці Віктара Зінаіду Уладзіміраўну, якая аказвае ім пастаянную дапамогу, і пра маці Софіі Алену Пятроўну, якая прыняла сям’ю дачкі ў свой дом, клапоціцца пра ўсіх, забываючы пра сябе, многія гады яны жывуць разам, усё дзелячы паміж сабою. Віктар і Софія цэняць малітвенную падтрымку Алены Пятроўны ва ўсіх жыццёвых абставінах.

Дружная сям’я Цярэшкаў у чаканні вялікай падзеі – вось-вось яны ўселяцца ў свой дом, створаны ўласнымі рукамі. Наваселле яшчэ больш змацуе іх сямейны ачаг, аб’яднае, падорыць надзеі, планы, радасць. Яны заслужылі ўсё гэта мець, будуючы не толькі дом, але і – з адказнасцю – сваю сям’ю, што патрабуе старанняў, сіл, мудрасці і ахвярнасці.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

←Фотогалерея

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика