Вайна загартоўвала характар

Источник материала:  
09.05.2018 — Разное

Вайна загартоўвала характар

У Перакопаўшчыне ветэрана працы і ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Юльяна Міхайлавіча Мамоньку добра ведаюць мясцовыя жыхары. Чалавек ён памяркоўны, паважлівы да аднавяскоўцаў. Любіць пажартаваць і лічыцца добрым гаспадаром. Юльян Міхайлавіч ужо не мае ранейшай сілы сачыць за домам і цалкам сябе абслугоўваць, таму апошнія пяць гадоў зімою жыве ў сталіцы – дочкі забіраюць бацьку да сябе. Але вясною ён абавязкова вяртаецца дадому, на сваю малую радзіму, дзе нарадзіўся і вырас, дзе прайшло юнацтва, дзе прыйшло каханне. Тут яго карані, яго бацькаўшчына. Менавіта ў ваколіцах роднай вёскі яму і дыхаецца лягчэй, і век доўжыцца. За 92 гады многа розных падзей адбылося ў жыцці гэтага чалавека – радасных і сумных. А самая жудасная і дагэтуль незабытая – ваеннае ліхалецце.

– Цяжка пра гэта ўспамінаць, але пастараюся, – і ветэран павёў нетаропкую гаворку. – Прызвалі мяне на фронт у васямнаццацігадовым узросце, пасля таго, як савецкія войскі вызвалілі наша мястэчка ад немцаў. І накіравалі ў танкавы полк радавым стралком. Хлопец я быў шустры, смелы, таму неўзабаве мяне перавялі ў разведчыкі. Некаторы час вучылі, як весці сябе ў тыле ворага і розным спецыяльным сілавым прыёмам. Першае ваеннае заданне ў складзе групы выконваў на тэрыторыі Польшчы. Нашы наступалі, і трэба было не толькі разведаць абарону праціўніка на даным рубяжы, а і любой цаной «дастаць» языка. Каб з заданнем справіцца, трэба было быць вельмі асцярожнымі, каб не выдаць сябе падчас пераходу праз лінію фронта. Да таго ж, нейтральная паласа была літаральна «нашпігавана» мінамі, што ўскладняла пастаўленую перад намі задачу. Але мы з ёю справіліся, падкаравулілі немца і даставілі ў штаб. Толькі не кожная аперацыя праходзіла гладка. Нярэдка нас абстрэльвалі, забівалі маіх таварышаў і шалёныя кулі. Вайна загартоўвала мой характар.

Падчас аднаго з заданняў, на падыходзе да сталіцы былога трэцяга рэйха, Мамоньку раніла ў вока і ён трапіў у шпіталь. Падлячыўшыся, Юльян Міхайлавіч зноў вярнуўся ў сваю часць, дзе працягваў хадзіць у разведку. Звесткі, якія дастаўлялі разведчыкі, садзейнічалі паспяховаму выкананню баявых аперацый нашых войскаў. За мужнасць і адвагу радавы Юльян Мамонька мае ваенныя ўзнагароды. Доўгачаканую перамогу сустрэў у Берліне. Аднак дадому вярнуўся толькі ў 1946 годзе, бо і пасля капітуляцыі нямецкіх войскаў вайна яшчэ не закончылася, неабходна было ліквідоўваць фашыстаў, якія не хацелі здавацца.

У мірны час Юльян Міхайлавіч Мамонька добрасумленна працаваў у калгасе трактарыстам. Ажаніўся, пабудаваў хату. Мае чатырох дзяцей, сямёра ўнукаў і дзесяць праўнукаў. Кіраўніцтва гаспадаркі не забывае пра свайго работніка, яго віншуюць са святамі і заўсёды прапаноўваюць дапамогу.

На здымку: Юльян Міхайлавіч Мамонька з дачкой Ганнай.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

←Поздравление Областного и Гродненского городского исполнительных комитетов, Областного и Гродненского городского Советов депутатов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика