У бягучым годзе споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Паўлюка Пранузы, паэта-франтавіка, перакладчыка, члена Саюза пісьменнікаў, ганаровага грамадзяніна горада Нясвіжа, патрыёта сваёй радзімы. Яго імя носіць цэнтральная раённая бібліятэка Нясвіжа.
Павел Кузьміч Прануза нарадзіўся на гомельскім Палессі — у вёсцы Вылева Добрушскага раёна. Спачатку вучыўся ў мясцовай школе, затым — у Добрушскай дзесяцігодцы. Менавіта там і спазнаў хлапчук сапраўднае паэтычнае слова. Дзякуючы таленавітаму настаўніку беларускай мовы і літаратуры Аляксандру Сцяпанавічу Барысаўцу, Паўлюк пачаў складаць уласныя вершы. Ён вельмі марыў убачыць сапраўднага паэта, і гэта мара ажыццявілася. На папяровую фабрыку, дзе працаваў яго бацька, прыяз- джалі пісьменнікі. Так юнак пазнаёміўся з Петрусём Броўкам, Міхасём Лыньковым, Кузьмой Чорным. Гэтыя сустрэчы і падштурхнулі хлапчука да ўласнай творчасці.
Вялікую ролю ў станаўленні маладога паэта адыграла вучоба на філалагічным факультэце Гомельскага педагагічнага інстытута, дзе Паўлюк Прануза пазнаёміўся і пасябраваў з маладымі паэтамі Кастусём Кірэенкам, Міколам Сурначовым, Леанідам Гаўрылавым. І ўсё б добра, але пачалася вайна. Дзяржаўныя экзамены прыйшлося здаваць пад гул варожых самалётаў, з вінтоўкай у руках, ахоўваючы склады з гаручым і ловячы лазутчыкаў. Далей быў самы цяжкі экзамен у жыцці — экзамен на мужнасць, адвагу, любоў да Радзімы…
У гады ваеннага ліхалецця Паўлюк Прануза служыў у зенітнай артылерыі, быў намеснікам камандзіра гарматы. У складзе войск Бранскага, Цэнтральнага і Першага Беларускага франтоў прымаў удзел у баях на Курскай дузе, у Беларусі, Польшчы, Германіі, у Берлінскай аперацыі. Павел Кузьміч успамінаў: «Калі спасылацца на дакументы, дык усяго нашай дывізіяй за вайну было пройдзена 5170 кіламетраў, збіты 504 самалёты — за 911 дзён і начэй». Ён штыком распісаўся на сцяне рэйхстага. «На сцяне ўжо не было месца, дзе магла б дастаць рука. Нейкі баец падсунуў мяне да сцяны, паказаў уверх і прыпадняў. Я накрамсаў: «Слава пераможцам!». Гэта быў мой самы светлы і радасны дзень у жыцці».
П.К. Прануза ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Славы III ступені, медалямі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.».
У сям’і
Аб тым, якім Павел Кузьміч быў у сям’і, аб яго працы, творчасці, захапленнях і іншых эпізодах жыцця я даведалася з вуснаў яго малодшай дачкі Алены Лявіцкай.
— Тата быў цудоўным сем’янінам, старанным, гаспадарлівым, усё рабіў для сям’і. І прыгатаваць умеў, і ў агародзе рупіўся: градкі ўскапаць, пасадзіць і ўраджай сабраць. Агуркі, памідоры, капусту ў бочачкі засольваў. Не ведаю, як ён гэта рабіў, дзе браў рэцэпты, але атрымлівалася вельмі смачна, — успамінае Алена Паўлаўна. — Любіў прыроду, дрэвы паабразаць у садзе, кветкі пасадзіць, любіў працаваць на зямлі, увесь свабодны час аддаваў гэтай справе. І лес яго прыцягваў. Часта хадзіў па грыбы. Устане ў пяць гадзін раніцы і пайшоў. Усё, што ні папросіш, ва ўсім дапамагаў. Клапаціўся пра сям’ю: маму — Таццяну Міхайлаўну, і нас, дачок, у мяне яшчэ старэйшая сястра Вера ёсць. Стараўся, каб нечым парадаваць. Пасля выхаду на пенсію бацькі з сястрой пераехалі жыць у Мінск. А на лета заўсёды прыязджалі ў Нясвіж, дапамагалі гадаваць унукаў. Тата ніколі не сядзеў без справы, канапа, тэлевізар — гэта не пра яго. Яму трэба было калі не пісаць, то абавязкова нешта іншае рабіць. Нават у пажылым узроце прасіў у мяне, каб дала якую-небудзь работу ў агародзе, хоць ужо і са зрокам у яго было не вельмі добра. Колькі мог, столькі і корпаўся. Пакуль усе спяць раніцай, устане, бульбы пачысціць. Яму было прыемна прынесці хоць маленькую карысць.
Нягледзячы на выпрабаванні лёсу, Павел Кузьміч быў добрым, спакойным, стрыманым, з пачуццём гумару чалавекам. З усімі меў добрыя стасункі, з суседзямі, сябрамі. Вельмі камунікабельны і гасцінны, цікавы суразмоўца, ён любіў гасцей, якія часта бывалі ў іх дома, любіў размаўляць пра паэзію.
Алена Паўлаўна з сумам адзначыла той факт, што патрэбна часцей гаварыць з бацькамі, цікавіцца аб іх жыцці, і ім самім гэта прыемна. У маладосці, на жаль, у нас не хапае на гэта часу, а калі ён знаходзіцца, і ёсць што спытаць, то ўжо няма ў каго…
Педагагічная
дзейнасць
Дэмабілізаваўшыся, паэт па накіраванні трапіў у Нясвіж. Выкладаў у педагагічным вучылішчы, а пасля — у сярэдняй школе № 3, да самага выхаду на пенсію. Павагай і аўтарытэтам карыстаўся Паўлюк Прануза як сярод настаўнікаў, калег па пяры, так і сярод вучняў. Вось, напрыклад, у артыкуле газеты «Во славу Родины», якая віншавала паэта з 80-годдзем у 1998-м, я прачытала словы адной настаўніцы: «Мы ўсе былі ўлюбёныя ў Паўлюка Пранузу». Пісьменнік Уладзімір Ліпскі адзначаў: «Павел Кузьміч — пажыццёвы Педагог, мудры, далікатны, празорлівы…». І гэтыя мудрасць, далікатнасць, жыццёвы вопыт паслужылі добрым прыкладам як у выхаванні асабістых дзяцей, так і вучняў. П.К. Прануза ніколі не павышаў голасу на школьнікаў, не прыніжаў іх годнасці, стараўся падтрымаць. Вучоба не ўсім аднолькава давалася. І калі здаралася, што нехта з іх не вывучыў урока, то настаўнік не ставіў дрэннай адзнакі, а знаходзіў выйсце, задаўшы, напрыклад, пытанне пра беларускага паэта ці пісьменніка, пра сустрэчы з якімі, іх жыццё расказваў школьнікам вельмі многа. Бо ў кніжках пра гэта не пісалі. І за правільны адказ хваліў: «Малайчына!». А калі наадварот — то падбадзёрваў: «Не хвалюйся, шафёрам будзеш, мяне калі падвязеш».
На паэтычнай хвалі
Павел Кузьміч пісаў на працягу ўсяго жыцця. На самыя розныя тэмы: любоў да Радзімы, Бацькаўшчыны, мірная праца, каханне. Але вызначальнай тэмай у паэзіі П. Пранузы заставалася тэма вайны. З-пад пяра аўтара выйшла больш за дваццаць кніг як для дарослых, так і для дзяцей. Будучы настаўнікам па прафесіі, ён не мог не пісаць для падрастаючага пакалення. Паэт праз усё жыццё пранёс любоў да дзяцей. Як расказала Алена Паўлаўна, Павел Кузьміч вельмі любіў сваіх унукаў, пісаў ім вершы, і яны спрабавалі, гледзячы на дзядулю. Унучка падавала ідэю, а ўнук рыфмаваў. Такая ў іх была сумесная творчасць. Менавіта яны далі дзядулю частку тэм. Нейкія сітуацыі, выразы — і атрымліваўся новы верш.
— Маме прысвячаў вершы, — гаворыць Алена Паўлаўна. — Тата заўсёды насіў з сабой паперу, ручку ў кішэні. Яго натхняла ўсё. Мог ісці па вуліцы, па лесе, нейкая думка прыйшла — стаў, запісаў і схаваў. А пасля дома ў пакоі пісаў, карэкціраваў. Мы ў той час стараліся не заходзіць, каб не перашка-джаць. Здаралася, ноччу ўставаў, занатоўваў нейкія думкі. Мог некалькі дзён не пісаць, а пасля — адразу дзень-два, не адрываючыся.
У час вайны, у 41-42-м, зрабіў маленькі зборнічак, 2-томнік. Ад рукі ў ім пісаў, чарнілам, алоўкам, але і зараз усё чытаецца. Там і вершы, і заметачкі на рускай, беларускай мовах. Праз усю вайну пранёс іх з сабой у кішэні. А яшчэ паміж баямі любіў чытаць сваім таварышам вершы са зборніка Янкі Купалы, фельетоны Кузьмы Чорнага.
Паўлюк Прануза вельмі любіў Нясвіж. Яму, яго шматвекавой гісторыі і культуры прысвяціў шмат вершаў.
Ён пераклаў на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, латышскіх, літоўскіх, польскіх, балгарскіх паэтаў. Яго творы пера-кладзены на рускую, украінскую, асецінскую, армянскую, літоў-скую, малдаўскую мовы. Вершы паэта пакладзены на музыку кампазітарам Д. Камінскім.
Эпізоды вайны
Пра вайну Павел Кузьміч гаварыў вельмі мала, практычна нічога не расказваў. Некалькі фраз — і мяняў тэму. Пра адзін выпадак паведаміў: «Ішла бамбёжка, узарваўся снарад, а побач гара была, за якой мы хаваліся. Усе жывыя, а адзін мой сябар — на- смерць. Асколачак праляцеў праз гару — і ўсё…».
У Паўла Кузьміча было лёгкае раненне ў твар. Але па дапамогу не звяртаўся, абышлося.
— Тата вельмі перажываў, шкадаваў свайго добрага, таленавітага інстытуцкага сябра Міколу Сурначова, які загінуў за тыдзень да Перамогі на фронце. Усю вайну яны падтрымлівалі сувязь, перапісваліся. Тата сабраў творы сябра і выдаў у памяць аб ім зборнік, — гаворыць Алена Паўлаўна. — Яшчэ крышку пра вайну расказвала мая мама, Таццяна Міхайлаўна. Яна была партызанскай сувязной, збірала дадзеныя, насіла запіскі ў лес і пакідала ў дупле. Трэба было быць вельмі асцярожнай. Але подзвігам гэта яна не лічыла, а гаварыла: «Якое там геройства…».
Калі фашысты наступалі, гара-джане (мама таксама была з Добруша) хаваліся спачатку ў лесе. Ноччу, узяўшы з сабой жывёлу, мірныя людзі выходзілі па адной вуліцы, а захопнікі ўваходзілі ў горад па суседняй. Было ціха і страшна. Ні адна карова не зарыкала, ні адно дзіця не заплакала. Пазней іх сям’я вярнулася дадому. Толькі ў хаце ўжо пасяліліся чужынцы, а сям’і дазволілі жыць у хляве. Так і жылі, стараліся лішні раз на вочы не пападаць ворагам. Яны ўстанавілі сваю ўладу…
Павел Прануза ў складзе 3-й гвардзейскай дывізіі Рэзерву Галоўнага камандавання ў 1943-м вызваляў ад фашыстаў Добруш. Затым — Лоеў, Рэчыцу. Летам 1944-га — Нясвіж, Сноў, Баранавічы, Слонім…
— Я была ў Берліне, стаяла ля рэйхстага, а вочы засцілалі слёзы. Бо страшна ўявіць, што прыйшлося перажыць нашым воінам, — падвяла вынік гутаркі Алена Лявіцкая.
Такім было жыццё Паэта. Ён вытрымаў экзамен на мужнасць, адвагу і любоў да Радзімы. Навучыўся берагчы кожны дзень, умеў даражыць сяброўствам, быў чуйным да падзей і да людзей. Ён быў, ёсць і застанецца: у гісторыі беларускай літаратуры, у памяці сваіх вучняў, у сэрцах родных, блізкіх і тых, хто яго ведаў. Чалавек, які каваў перамогу для нашай светлай будучыні, Чалавек з вялікай літары, імя якога — Павел Кузьміч Прануза.
Вольга КАНДРУКЕВІЧ.
Фотаздымкі з сямейнага архіва Лявіцкіх.