Рупліўцы атрымалі ўзнагароды

Источник материала:  
07.05.2018 — Разное

Свята працы ладзіла ў мінулую суботу раённае аб’яднанне прафсаюзаў, Савет ветэранаў, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама.

Рупліўцы атрымалі ўзнагароды
На свята запрасілі прадстаўнікоў прафсаюзных арганізацый працоўных калектываў раёна, ветэранаў працы, актывістаў прафсаюзнага руху, працоўныя дынастыі. З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася старшыня Чэрвеньскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Коціна. Яна адзначыла, што прафсаюзы заўсёды вырашалі задачы, якія дыктуе жыццё, працягваюць захоўваць і ўмацоўваць традыцыі працоўных дасягненняў. Прафсаюзы – рэальная сіла, здольная змагацца за інтарэсы працоўных і быць верным саратнікам дзяржавы ў вырашэнні сацыяльных і эканамічных задач.
— Задач і планаў у прафсаюза шмат, — зазначыла Вольга Коціна. – Разам мы зможам іх выканаць. Жадаю, каб у кожнага была любімая справа, каб жыццё было напоўнена яркімі падзеямі, цікавай работай і творчасцю. Няхай у кожным доме і ў нашай Радзіме будзе згода, мір і ўзаемаразуменне. Здароўя ўсім і добрага настрою.
Падчас урачыстасці ўшанавалі працоўныя дынастыі. Работнікаў лясной гаспадаркі – Юрыя Фёдаравіча Гомана, які ў 1957 годзе пачаў працаваць лесаводам саўгаса “Раванічы”, затым працаваў у Раваніцкім лясніцтве. Працягваюць дынастыю ў гэтым жа лясніцтве яго сын Анатоль Юр’евіч і ўнук Юрый Анатольевіч, цяперашні дэпутат Раваніцкага сельсавета.
Педагагічную дынастыю сям’і Бабіч, пяцёра прадстаўнікоў якой звязалі свой лёс са школай. Агульны працоўны педагагічны стаж іх налічвае 150 гадоў! Пачатак дынастыі паклала Вольга Міхайлаўна Бабіч, працягваюць яе сын Георгій Георгіевіч Бабіч, яго жонка Вера Іванаўна і іх дзве дачкі, якія працуюць настаўнікамі ў Мінску.
Сям’ю Кастаненка, якая працуе ў Чэрвеньскім райспажыўтаварыстве: Віктар Мікалаевіч – трактарыстам, Алена Віктараўна – кладаўшчыком і іх дачка Таццяна Крук – эканамістам.
Ад раённага аб’ядання прафсаюзаў прадстаўнікі дынастый атрымалі Дыпломы і падарункі.
Са словамі віншаванняў да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся старшыня Чэрвеньскага раённага савета ветэранаў Іван Ладуцька. Ён таксама павіншаваў са святам ветэрана працы Веру Міхайлаўну Лашкову, якая больш за 40 гадоў адпрацавала мулярам-тынкоўшчыкам, пазней брыгадзірам у ПМК-237. Яе працоўны шлях працягвае сын Віталь Дзмітрыевіч, які працуе ў гэтай жа ўстанове мантажнікам сантэхнічнага абсталявання.
Усё сваё свядомае жыццё аддала працы на Чэрвеньскім малочным заводзе Марыя Феліцыянаўна Вольская. Пасля заканчэння школы ў 1970 годзе яна прыйшла на завод. Потым, скончыўшы Слуцкае вучылішча, прадоўжыла работу на заводзе. Працавала майстрам, потым начальнікам вытворчага цэху. У 1986 годе за добрасумленную працу ўзнагароджана ордэнам Працоўнай славы трэцяй ступені.
Веры Лашковай і Марыі Вольскай ад раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Коціна ўручыла Граматы за шматгадовую добрасумленную працу, адказныя адносіны да прафесійных абавязкаў і захаванне працоўных традыцый Чэрвеньшчыны.
Для ўдзельнікаў свята настаўнікі і вучні Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў падрыхтавалі святочны канцэрт.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара

←Особенности обучения китайскому языку с нуля

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика