На сувязі з гісторыяй і сучаснасцю

Источник материала:  
06.05.2018 — Разное

На сувязі з гісторыяй і сучаснасцю

Сёлета прафесійнае свята сувязістаў асвечана юбілейнай датай – 25 красавіка споўнілася 80 гадоў Мінскаму філіялу РУП «Белтэлекам».

– Гэта наша абласная арганізацыя, пад непасрэдным кіраўніцтвам якой мы працуем. Доўгі час яна называлася Мінскім абласным упраўленнем сувязі, – падкрэслівае начальнік Стаўбцоўскага занальнага вузла электрасувязі Міхаіл КАСАБУЦКІ.

– Міхаіл Іванавіч, з юбілеем! У сферы сувязі вы працуеце не адзін дзясятак гадоў. Увесь час – на Стаўбцоўшчыне, сваёй малой радзіме, таму можаце расказаць гісторыю, грунтуючыся на асабістыя ўспаміны. У іх будзе шмат цікавага і, адначасова, незвычайнага для сучаснікаў. Сувязь у апошнія гады развіваецца імкліва, прагрэсіўна, каб даць спажыўцу тое, што ён патрабуе. І рэарганізацыі адбываюцца па-ранейшаму. У мінулым годзе адбылося ўзбуйненне Стаўбцоўскага вузла электрасувязі…

– Так, Стаўбцоўскі вузел электрасувязі стаў занальным і абслугоўвае адразу тры раёны – Стаўбцоўскі, Дзяржынскі і Уздзенскі. Калі прыгадаць ранейшыя значныя рэарганізацыі, то 1-га студзеня 1996 года адбылося раздзяленне на ўзроўні абласных упраўленняў сувязістаў і паштавікоў. З 300 работнікаў 132 адышлі да электрасувязі. Сёння ў раёне працуюць 60 сувязістаў, і гэта – дзякуючы дасягнутаму ўзроўню сувязі. Больш за 20 гадоў таму на Стаўбцоўшчыне было 8,5 тысячы тэлефонаў і 12 тысяч радыёкропак. Не было інтэрнэту, мабільнай сувязі… Сёння ў раёне – больш за 18,5 тысячы тэлефонаў, каля 9,5 тысячы і сямі тысяч – абанентаў інтэрнэту і інтэрактыўнага тэлебачання адпаведна. Мы прапануем каля 70 разнастайных паслуг, у тым ліку паслугу «Разумны дом» – простае і эканамічнае рашэнне, якое дазваляе кліенту пастаянна быць у курсе таго, што адбываецца ў яго доме, кватэры або офісе. Цікавая пакетная прапанова «ЯСНА». Даны брэнд аб’ядноўвае ў сабе тры асноўныя паслугі, неабходныя для сучаснага чалавека: інтэрнэт, тэлефонную сувязь і тэлебачанне.          

– Якія актуальныя задачы стаяць перад сувязістамі?

– Наша галоўная задача – забеспячэнне кожнага спажыўца якаснай і даступнай сувяззю. Для гэтага на бягучы год прадугледжана вялікая будаўнічая праграма. Вырашаем пытанне тэлефанізацыі ўсіх шматкватэрных дамоў у Стоўбцах па оптыкавалаконных лініях сувязі. Акрамя таго, такія ж лініі будуем па заказе арганізацый і прадпрыемстваў, але з пэўным бонусам – за кошт Белтэлекама. На даны момант у гэтым кірунку цесна супрацоўнічаем з лясгасам. Таксама ў бягучым годзе пачнём будаўніцтва яшчэ некалькіх значных аб’ектаў, якія будуць пераходнымі на 2019 год: гэта будаўніцтва сеткі абаненцкага доступу GPON на ОПТС у мікрараёне Паўночны-2 у Стоўбцах, аптымізацыя сетак у мікрараёне Паўднёвы і завяршэнне работ па закальцоўванні мясцовай сеткі, для чаго неабходна пракласці 14 км кабелю на ўчастку паміж Зарэччам (Рубяжэвіцкі сельсавет) і Рубяжэвічамі. На кожны з аб’ектаў рыхтуецца праект, ідзе ўзгадненне з зацікаўленымі ведамствамі.    

Сярод занальных вузлоў Мінскага філіяла мы займаем лідзіруючыя пазіцыі. За апошнія гады абнавілі ўвесь свой транспарт. Вялікі ўклад у развіццё арганізацыі ўносяць начальнік станцыйнага ўчастка Сяргей Лапко, начальнік лінейна-тэхнічнага ўчастка Віктар Цецераў, начальнік участка продажаў Таццяна Салавей. Заслужыў добрыя водгукі ў калектыве малады электрамеханік Павел Пазняк. Займаемся добраўпарадкаваннем і сваёй тэрыторыі, і прылеглай. У нас ёсць і энтузіяст гэтай справы – вадзіцель Міхаіл Шэпцефраць, які пасадзіў міні-сад і даглядае яго. Робіць гэта да пачатку рабочага дня, пасля яго… Да 425-годдзя Стоўбцаў плануем устанавіць малыя архітэктурныя формы.

– Гэты год – юбілейны для вашай арганізацыі, юбілейны і для нашага горада. У ім жывуць і ветэраны сувязі. Што вы падрыхтавалі для іх?

– Сваіх ветэранаў мы не забываем. У нас іх больш за 50 чалавек. Кожнага павіншуем з 80-годдзем Мінскага філіяла. Згодна з калектыўным дагаворам, тройчы на год (да Новага года, прафесійнага свята і Дня пажылых людзей) мы аказваем ім матэрыяльную дапамогу. Заслужаным ветэранам сувязі кампенсуем аплату паслуг сувязі. Іх у нас трое: Міхаіл Трафімчык, які працаваў кабельшчыкам-спайшчыкам і за сваю працу адзначаны медалём «За працоўную доблесць» ІІІ ступені, Галіна Нічыпаровіч, былы аператар сувязі з ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені і былы электраманцёр Мікалай Курыла, узнагароджаны ордэнамі Працоўнай Славы ІІ і ІІІступеняў. Асаблівая пашана – нашаму ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Івану Віктаравічу Булашу, былому электраманцёру. Напрыканцы мінулага года мы віншавалі яго з 95-годдзем.    

– Вашы пажаданні сувязістам усіх пакаленняў.

– Калектыву занальнага вузла электрасувязі, усім ветэранам сувязі і іх сем’ям жадаю моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, міру. Любіце жыццё і заставайцеся на сувязі са светам і са сваімі блізкімі, дарыце адзін аднаму радасць!  

НА ЗДЫМКУ: начальнік занальнага вузла электрасувязі Міхаіл Касабуцкі сярод работнікаў сэрвіснага цэнтра.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

←"Пять раз в день мне было мало". Нужно ли лечить сексуальную зависимость?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика