З аптымізмам па жыцці
Людміла Андрук 70 гадоў пражыла ў Петрыкаве. Некалі чытачы раёнкі ўжо знаёміліся з гэтай Жанчынай (менавіта з вялікай літары) на старонках газеты.
Пяцьдзясят гадоў таму ўпершыню ўбачыў Людмілу Іванаўну на гарадскім стадыёне з дзіцячай каляскай у руках. Яна была жонкай Андрэя Андрука – тады, бадай што, галоўнага спартыўнага дзеяча ў раёне. А праз некалькі гадоў я стаў працаваць разам з Андрэем Дзмітрыевічам у раённым савеце ДССТ “Ураджай”.
У 1948 годзе Людміла Іванаўна пасля заканчэння Гомельскага фінансавага тэхнікума прыехала ў Петрыкаў у якасці ўпаўнаважанага сельгасбанка. Сустрэла тут свой лёс, засталася на ўсё жыццё. Выйшла замуж за футбаліста і стала цікавіцца заняткам мужа, дапамагаць і падтрымліваць.
Пасля нараджэння першынца Уладзіміра Людміла Іванаўна атрымала запрашэнне на працу ў фінансавы аддзел райвыканкама, дзе і працавала наступныя 46 гадоў, амаль да сямідзесяцігоддзя. На ўсіх пасадах яна мела высокі аўтарытэт, яе паважалі і цанілі. Пра тое сведчаць шматлікія ўзнагароды, яе партрэты на раённай і абласной галіновых дошках гонару.
Пра справы дамашнія – асобная гутарка. Жанчына вельмі любіць працаваць у садзе, агародзе, кветніку. Сваімі ўраджаямі шчодра дзеліцца з сябрамі і знаёмымі.
З Людмілай Іванаўнай можна завесці гутарку на любую тэму, перавесці размову на добры лад.
Са шкадаваннем гаворыць жанчына, што два гады таму яе выбіла з жыццёвай каляіны цяжкая траўма. І толькі аптымізм і сіла волі дапамаглі стаць на ногі. А таксама дачка Таццяна, якая прыехала з Гомеля, каб даглядаць маці, усе дзеці разам. Падтрымка суседзяў, родных і знаёмых таксама былі важнымі для Людмілы Іванаўны.
У 2009 годзе жанчына пахавала мужа. Але не пакінула яго справу. Па яе прапанове ў раёне быў заснаваны і штогод праводзіцца розыгрыш кубка па футболе, прысвечаны памяці Андрэя Андрука. Дзеці знакамітага спартсмена набываюць падарункі для прызёраў спаборніцтваў, а кубак турніру застаецца пераходным.
Толькі летась Людміла Іванаўна з-за хваробы не змагла прыняць удзел у розыгрышы кубка, уласна не ўручала прызы пераможцам. Рабіць гэта абавязкова лічыць важнай місіяй.
Ствараць дабро, дарыць радасць і ўсмешку – галоўнае ў жыцці Людмілы Андрук. Магчыма, гэта дапамагае ёй жыць і змагацца з цяжкасцямі.
Сёння ў доме Людмілы Іванаўны збярэцца многа гасцей: дзеці, сем унукаў, сем праўнукаў і два прапраўнукі. Жанчына адзначае свой дзевяностагадовы юбілей. Сёння ёй дораць кветкі, якія яна так любіць.
Моцнага Вам здароўя, шчасця, дабрабыту, усяго таго, што Вы заслужылі, паважаная Людміла Іванаўна. З юбілеем!
Аляксей КАЮКАЛА.
Ліст з нагоды
Сёння адзначае свой дзень нараджэння цудоўная жанчына – Людміла Андрук. Людміла Іванаўна – жанчына прыгожая ва ўсіх адносінах: добрая, спагадлівая, клапатлівая маці і бабуля, майстрыха на ўсе рукі.
Са сваім мужам Андрэем Дзмітрыевічам Людміла Іванаўна пражыла доўгае шчаслівае жыццё, выхавалі цудоўных дзяцей. Дачка Наталля жыве з сям’ёй у Маскве, Таццяна – у Гомелі, а сын Уладзімір – тут, у Петрыкаве. Ён кожны дзень наведвае матулю, дапамагае. Людміла Іванаўна гаворыць, што яе Уладзімір – і рыбак, і повар.
У Людмілы Андрук шмат родных ва ўсіх куточках Беларусі. Ёсць сярод іх і пісьменнік, і прафесар медыцыны. Людміла Іванаўна ганарыцца сваімі роднымі, а яны ўсе любяць яе, любяць збірацца за яе гасцінным сталом.
Чаго толькі не давялося перажыць Людміле Іванаўне за сваё жыццё! Ніколі не сцерці з памяці гады ваеннага ліхалецця, пасляваеннага разбурэння, аднаўлення гаспадаркі. Вельмі цяжка было. Але жыццё і маладосць бралі сваё. Атрымала адукацыю, працавала, стала жонкай і маці.
І цяпер, у свае 90, Людміла Іванаўна – чалавек няўрымслівы, не можа сядзець без працы. У 2016 годзе яна ездзіла ў Пскоўскую вобласць на адкрыццё мемарыяльнай дошкі, прысвечанай памяці воінаў-танкістаў. Сярод імёнаў загінулых значыцца і імя яе брата Леаніда Іванавіча Таранава, які быў камандзірам танкавага ўзвода і загінуў на пскоўскай зямлі.
Людміла Іванаўна не можа сядзець без справы. Нават калі глядзіць тэлевізар, вышывае ўзоры на сурвэтках, якіх, як і абрусаў, яна вышыла мноства. Частку іх жанчына падаравала родным і сябрам, некаторыя ўпрыгожваюць хату.
А за вокнамі бушуе вясна! Сад Людмілы Іванаўны патанае ў белай квецені вішань і абрыкосаў. Кветкі цюльпанаў калыхаюцца пад подыхам ветрыку рознакаляровымі хвалямі, напаўняючы ўсё наваколле цудоўным водарам.
Сёння родныя і блізкія збяруцца на яе дзень нараджэння ў гэтым садзе. І будуць гучаць віншаванні і пажаданні, а яе душа будзе перапоўнена шчасцем ад таго, што вакол – родныя людзі, мора кветак і вера ў тое, што жыццё пражыта недарэмна.
Хочацца пажадаць паважанай Людміле Іванаўне, каб яна яшчэ доўга-доўга радавала сваіх блізкіх дабрынёй, клопатам, спагадай. Хай заўсёды ў яе вокны свеціць сонейка, а ў садзе пануе кветкавы водар.
З павагай Любоў СЛУЧАК.
