На варце якаснай сувязі
Асноўная задача, якая сёння стаіць перад калектывам Пастаўскага вузла электрасувязі, — забяспечыць якаснымі тэлекамунікацыйнымі паслугамі ўсіх жыхароў раёна. У сваёй дзейнасці прадпрыемства робіць стаўку на палітыку актыўнага расшырэння і паляпшэння існуючых прапаноў. На чале з Іосіфам Вікенцьевічам Тамашэвічам над гэтым штодня шчыруюць усе без выключэння работнікі: інжынеры, электраманцёры, вадзіцелі. Усяго калектыў налічвае 50 чалавек.
Не першы год адказвае за спраўнасць абсталявання для правядзення відэа-канферэнцсувязі і сістэм відэаназірання, ліквідуе складаныя пашкоджанні інжынер электрасувязі Андрэй Баль. Яго калега, інжынер станцыйнага ўчастка Сяргей Сініца, абслугоўвае камутацыйнае абсталяванне сельскіх АТС, сочыць за метралагічным забеспячэннем вузла сувязі, праводзіць электрафізічныя вымярэнні і высакавольтныя выпрабаванні. Электраманцёры лінейных збудаванняў электрасувязі і праваднога вяшчання Мікалай Харко і Уладзіслаў Юркаўлянец задзейнічаны на эксплуатацыйна-тэхнічным абслугоўванні і рамонце кабельных ліній сувязі, абслугоўванні размеркавальных прылад лінейнай кабельнай гаспадаркі, падключэнні паслуг абанентам і наладцы абсталявання (тэлефонаў, мадэмаў, тэлевізійных прыставак). Ну а вадзіцель аўтамабіля Аляксандр Крывенькі забяспечвае своечасовую дастаўку тэхнічнага персаналу да абанентаў і аб’ектаў электрасувязі.
Па выніках работы за мінулы год фотаздымак А. Баля занесены на Дошку гонару Віцебскага філіяла РУП «Белтэлекам». А. Крывенькі і М. Харко атрымалі Ганаровыя граматы, а С. Сініца і У. Юркаўлянец — Падзякі дырэктара абласнога прадпрыемства.
Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ