Вясна: час рамантаваць дарогі
З надыходам вясны першым растаяў асфальт — і доля праўды ў гэтым жарце даволі вялікая. Выбоіны і няроўнасці, якія з’яўляюцца на дарогах пасля зімы — адвечны галаўны боль вадзіцеляў і прадстаўнікоў дарожных службаў. Як вырашаюцца праблемы на дарогах нашага гарадскога пасёлка, у майстра па добраўпарадкаванні УКП ЖКГ Сяргея Аляксандравіча Шымана пацікавілася карэспандэнт раённай газеты “Кліч Радзімы”.
— У другой палове красавіка на дарогах райцэнтра актыўна пачаліся рамонтныя работы, — паведаміў Сяргей Аляксандравіч. — На дадзены момант аднаўляецца аўтадарожнае пакрыццё на ўчастку “цэнтральны мост”, неабходныя рамонтныя работы праведзены і на перакрыжаванні перад цэнтральным мостам, а таксама на ўчастку дарогі па вуліцы Чырвоная Горка. Акрамя гэтага, на дарогах усяго гарадскога пасёлка, як і ў мінулыя гады, актыўна ажыццяўляецца ямачны рамонт дарожнага палатна. На названых участках задзейнічаны рабочыя брыгады ДРБУ-131. Новыя тратуары і бардзюры ў хуткім часе з’явяцца на вуліцы Маладзёжнай. Будаўнічыя работы на гэтым аб’екце праводзяць дарожнікі з ДБУ-26. Цякучы рамонт дарожнага палатна, якога так чакалі жыхары райцэнтра, будзе працягвацца.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.