У Браўншвейгу – з любоўю да Стоўбцаў

Источник материала:  
03.05.2018 — Разное

У Браўншвейгу – з любоўю да Стоўбцаў

У апошнія гады ў нашым горадзе сярод знаўцаў, збіральнікаў гісторыі роднага краю і нераўнадушных да свайго горада людзей асаблівую вагу набыло імя Наталлі Фосс. Што ж зрабіла гэтая асоба, якая жыве за мяжою, для стаўбчан, каб так аддаць ёй сваё сэрца? Яна выкупляе на аўкцыёнах фотаздымкі з асабістых архіваў немцаў, якія ваявалі на нашай зямлі ў час Вялікай Айчыннай вайны. На гэтых здымках – наш горад ваеннага часу, многія мясціны цяжка пазнаць, таму што зніклі даўнейшыя пабудовы, і даводзіцца прыбягаць да дапамогі старажылаў, каб яны маглі ўспомніць і прыгадаць месцы. Гэтыя фотаздымкі ваеннага часу экспанаваліся на выставах у нашым горадзе, у прыватнасці, у раённай дзіцячай бібліятэцы, размешчаны на сайтах і выклікаюць жывы інтарэс, абуджаюць высокія патрыятычныя пачуцці, якія аб’ядноўваюць нас у любові да малой радзімы, да свайго горада. У мяне таксама інтарэс да Наталлі Фосс і яе добрай справы настолькі высокі, што ўзнікла жаданне зрабіць завочнае інтэрв’ю з ёю. Дапамагла мне ў гэтым знакаміты краязнаўца нашага роднага краю настаўніца гімназіі № 1 Людміла Назаранка. Людміла Станіславаўна дала мне адрас электроннай пошты Наталлі Фосс. І вось на свой электронны адрас я атрымала ад яе адказы на зададзеныя мною пытанні. Прапаную гэтае інтэрв’ю ўвазе чытачоў «Праменя».

– Наталля, абдымаю вас сваім сэрцам. Што спадзвігнула вас скупляць здымкі ваеннага часу, на якіх горад Стоўбцы і яго ваколіцы?

– Я ўпэўнена, што нічога такога значнага не зрабіла, каб пра мяне пісаць у газеце. Мне няёмка адчуваць такую ўвагу да сябе, аднак пакараюся перад вашай просьбай. Сама я родам са Стоўбцаў, закончыла стаўбцоўскую сярэднюю школу № 2. У мяне былі выдатныя настаўнікі, якія сумелі залажыць у маёй свядомасці высокія пачуцці да сваёй радзімы. Мы з аднакласнікамі заўсёды з удзячнасцю і любоўю ўспамінаем іх падчас вечароў сустрэчы з выпускнікамі. Мне заўсёды падабаўся вучэбны прадмет гісторыя, і гэтае захапленне засталося на ўсё жыццё. Пасля вучобы ва ўніверсітэце паехала працаваць у Бабруйск, тут пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Некалькі гадоў пражылі ў Казахстане, дзе муж працаваў мантажнікам. Самымі яркімі на ўсё жыццё ўражаннямі засталіся паездкі ў Самарканд і Бухару. У 1986 годзе мы пераехалі жыць у Браўншвейг. За 30 гадоў я палюбіла гэты горад і разумею сваю дачку, якая з Браўншвейга нікуды пераязджаць не хоча. Гэта цудоўны горад. Многія аб ім не чулі, аднак з гэтых мясцін была нявестка Пятра І. Адсюль распаўсюдзіўся па ўсёй Германіі футбол. На жаль, мне не ўдалося працаваць па спецыяльнасці. Да таго ж, былі праблемы і іншага характару, неабходна было расціць дваіх дзяцей: муж большай часткай працаваў па ўсім свеце, і трэба было займацца домам. Так што я засталася дамашняй гаспадыняй, аднак падпрацоўваю ў вучэбным цэнтры і сама аплачваю свае хобі: кнігі, танцы, фітнэс. Гэта каштуе немалых грошай, аднак цяпер у мяне столькі добрых знаёмых, сяброў!

– Як прыйшла думка купляць фотаздымкі?

– Думка купляць фотаздымкі прыйшла сама сабою. У групе «Стоўбцы» на «Аднакласніках» убачыла некалькі ваенных фота, і… пайшло-паехала. Трэба сказаць, што многія фотаздымкі змагла адшукаць па наводцы. Самы першы – мост праз Нёман. Такога моста мы яшчэ і не бачылі, а тут нямецкія захопнікі са сваёй тэхнікай. Людміла Назаранка паказала здымак Аркадзю Змачынскаму, старажылу Стоўбцаў, ён нават пазнаў некаторыя пабудовы. Гэта было здорава! Вышукваць фота на аўкцыёне – занятак, які патрабуе шмат часу, і вельмі эмацыянальны. Не ўсё падпісана, і не ўсё дакладна. Напрыклад, зноў мост, які прадавец падпісаў, як мост у Францыі. Давялося параўноўваць з тым, які ўжо ў нас ёсць. Маецца фотаздымак, з якім мне вельмі не хацелася развітвацца. Ён маленькі, дрэннай якасці, ды і адразу не зразумееш, што гараць Стоўбцы, і на заднім плане – касцёл. А вось фота з нашымі ваеннапалоннымі – у мяне быў проста шокавы стан, так як салдацікі знаходзіліся на трохвугольніку прама перад домам на вуліцы Багінскага, дзе мы жылі некалькі гадоў. На жаль, удалося купіць толькі адно фота, я звярталася да прадаўца, і ён мне адказаў, што хтосьці другое фота ў яго ўжо купіў. Вы заўважылі, што пра фотаздымкі я магу шмат і нераўнадушна гаварыць, таму што з кожным з іх звязана якаясьці гісторыя. А як крыўдна было мне, калі нехта перахапіў фотаздымак з палоннай жанчынай у калоне мужчын, якіх вялі ад вакзала міма аўтадарожных майстэрняў. Аднак гэта аўкцыён, і ніколі не ведаеш, удасца табе што-небудзь купіць ці не. Я сваімі знаходкамі задурыла галаву знаёмым. Аднак як жа часам цікава атрымліваецца! Вось пісьмо, адпраўленае ў час вайны палявой поштай са Стоўбцаў у Германію ў горад Гослар. А мне праз 80 гадоў дапамагае перакласці яго прыяцель з гэтага горада і гаворыць, што пазначаная на ім вуліца існуе да цяперашняга часу.

– Якія водгукі былі, калі фота сталі размяшчацца ў інтэрнэце?

– Розныя, у асноўным, станоўчыя. Аднак хтосьці і абураўся: «Зноў гэтыя фашысцкія морды!», і больш грубыя словы можна было пачытаць. Аднак я не звяртала на гэта ўвагі. Тры гады з жыцця горада проста не выкрасліш. Якіясьці фотаздымкі як бы ілюструюць успаміны нашых старажылаў, што вельмі важна для нас. Калі на аўкцыёне будуць выстаўлены якіясьці дакументы ці фота, звязаныя са Стоўбцамі, мне прыйдзе паведамленне, і я пастараюся іх набыць. Пакуль зацішша, нічога новага не паяўляецца. Аднак, як мне напісаў адзін спадар, наследнікі могуць у якісьці момант пачаць разбіраць і прадаваць спадчыну, і ўсё зменіцца ў адно імгненне. Так здарылася з цэлай серыяй фотаздымкаў нашага чынуначнага моста і Новага Свержаня. Гэта быў сапраўдны сюрпрыз. Тым больш, што ў Новым Свержані прайшла частка майго дзяцінства, і запомнілася ўсё, як было на гэтых нямецкіх фота. На здымках жа не толькі нямецкія захопнікі, але і родныя ландшафты, і царква, і касцёл. І Нёман. Я палопала сябе па плячы, што ўдалося захапіць гэтую серыю, таму што цэны потым папаўзлі ўверх. Так што набяромся цярпення і пачакаем.

– Фота, сабраныя вамі, уяўляюць найвялікшую каштоўнасць. Прадчуваю, што справа вяртання гісторыі нашчадкам вас ужо не пакіне.

– Я рада, што ў мяне з’явілася такое захапленне. Цяпер я «капаюся» ў стаўбцоўскай гісторыі, я люблю гэтым займацца. Наш горад невялікі, аднак у яго гісторыя цікавая і багатая. А ў мяне ёсць магчымасць купіць фота-арыгіналы, хоць, праўда, і не заўсёды ўдаецца. Гэтае захапленне мне дазволіла не толькі праз інтэрнэт, але і ўжывую пазнаёміцца з нераўнадушнымі, цікавымі людзьмі. Аднойчы мой аднакурснік здзівіўся: «Як, ты жывеш у цэнтры Еўропы і не была ў Вене?!» Не, у Вене не была, хацелася б і ў Прагу таксама. Мы з мужам шмат паездзілі па Германіі, тут ёсць што паглядзець. Да пенсіі засталося яшчэ два гады, тады, думаю, можна будзе і пападарожнічаць. А пакуль, як толькі падыходзіць час летніх канікулаў, патрэбна пакаваць чамадан і адпраўляцца па маршруце Гановер – Мінск – Стоўбцы. Я паехала са Стоўбцаў у 1972 годзе, з таго часу прыязджаю сюды амаль кожны год. Дзякую ўсім маім старым і новым сябрам, якія знаходзяць час са мною сустрэцца. Зносіны з імі для мяне вельмі важныя. Якая Вена, калі мне больш цікава прайсціся па Новым Свержані і параўнаць яго з тым, што на здымках 1943 года. Ці прагуляцца па брукаванцы ў Міры, палюбавацца на мурал. Дайсці з Людмілай Назаранка нарэшце з экскурсіяй да вакзала (трэці год ніяк не дойдзем, так шмат іншага цікавага сустракаем на шляху). І вядома ж, паўдзельнічаць у чым-небудзь, задумкі ўжо ёсць. Я люблю свой родны горад.

–             Дзякуй, Наталля, выказваю вам салідарнасць у патрыятычных пачуццях.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: Наталля Фосс: “Вось мой першы набыты здымак (ёсць яшчэ адзін,дзе нямецкі салдат стаіць на беразе Нёмана – там, куды мы хадзілі летам купацца); палонныя савецкія салдаты на Мінскай вуліцы (як бы было б добра, каб з’явілася тут памятная дошка); вось ён, наш касцёл, які адразу і не разгледзіш (тут адсутнічаў указальнік на Стоўбцы).

←Бэби-бум: 7 звездных младенцев-2018

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика