«Мова нанова». У Слуцку адкрыюцца бясплатныя курсы беларускай мовы
Першыя заняткі пройдуць у Слуцку ў чацвер, 10 мая. Удзельнікі, каб пайсці на месца заняткаў, сустрэнуцца ў 18.30 каля помніка Анастасіі Слуцкай (ГДК).
Першыя ўступныя ўрокі правядуць заснавальнікі «Мова нанова» Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская. Яны раскажуць пра сваю дзейнасць, гісторыю, сайт і як праходзяць сустрэчы. Акрамя іх, выступіць запрошаны госць музыка Андрусь Такінданг з гурта «Рэха». Пра гэта «Кур'еру» паведаміў Глеб Лабадзенка.
Пастаяннымі вядучымі курсаў у Слуцку будуць Аліна Нагорная і Алеся Белая.
«У Слуцку заўсёды не хапала чагосьці цікавага. Гэта беларускі горад, у якім практычна няма беларускай мовы. Я часта была слухачкай заняткаў у Баранавічах, Мінску і Гомелі і бачыла, наколькі гэта класна, папулярна і цікава для людзей. Так у мяне з’явілася ідэя інтэрактыўна вучыць людзей беларускай мове ў родным горадзе», — распавяла Аліна Нагорная.
«Мова нанова» — гэта бясплатныя курсы беларускай мовы ў 16 гарадах Беларусі, у тым ліку і ў Салігорску. Навучанне роднай мове адбываецца з дапамогай інтэрактыва: гульні, гутаркі, выступлення артыстаў, прагляда відэаролікаў. Курсы афіцыйна зарэгістраваныя ў Беларусі.