Стаўбцоўскія фестывалі. Са скрыпкамі, мандалінамі – на «Сымона-музыку»

Источник материала:  
01.05.2018 — Разное

Стаўбцоўскія фестывалі. Са скрыпкамі, мандалінамі – на «Сымона-музыку»

У нашым раёне нямала конкурсаў, якія звязаны з імем нашага славутага земляка Якуба Коласа. У ліку іх і адкрыты абласны фестываль-конкурс юных музыкантаў «Сымон-музыка». У гэтым годзе ён прайшоў 26-ы раз і сабраў 164 удзельнікаў з Мінска, Магілёва, Мінскай, Гродзенскай, Брэсцкай абласцей і з Расійскай Федэрацыі.

Юныя музыканты прыехалі на двухдзённы конкурс у Стоўбцы са сваімі баянамі, акардэонамі, гармонікамі, дудкамі, жалейкамі, цымбаламі, домрамі, балалайкамі, гітарамі і іншымі народнымі інструментамі, са скрыпкамі і віяланчэлямі. Пакінулі свае справы на гэты час і прыбылі на фестываль-конкурс выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Мінскага, Маладзечанскага музычных каледжаў, гімназіі-каледжа імя І. В. Ахрэмчыка, Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі. У ліку іх былі такія аўтарытэты ў свеце музыкі, як прафесар Мірон Була, саліст Белдзяржфілармоніі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Уладзіслаў Плігаўка, канцэртмайстар сімфанічнага аркестра Аўстрыі Генрых Фукс. Яны ўвайшлі ў склад журы і з любоўю ацэньвалі юных музыкантаў, будучае беларускага мастацтва, як сказаў ва ўступным слове на ўрачыстым адкрыцці фестывалю ў раённым Цэнтры культуры старшыня журы Мірон Була.

За права быць прызнанымі лепшымі выканаўцамі на народных і струнна-смычковых інструментах змагаліся і 20 юных музыкантаў з нашага раёна.

Высокімі ўзнагародамі – дыпломамі І ступені – адзначаны сольныя выступленні акардэаніста Аляксандра Уласіка, баяніста Ціхана Ланкевіча (выкладчык Л. С. Крамко), Дзмітрыя Хвалея (выкладчык С. В. Крамко). Дыпломы ІІІ ступені журы прысудзіла гітарыстцы Марыі Гарох (настаўнік Ю. Ю. Зачэпа), цымбалістцы Ганне Сапожнікавай (выкладчык А. В. Бар’ясь, канцэртмайстар В. М. Ляхоўская), баяністцы Паліне Міткевіч (выкладчык Г. У. Несялоўскі), скрыпачцы Кацярыне Аляшкевіч (выкладчык А. М. Імамутдзінава, канцэртмайстар Л. М. Новікава), скрыпачу Елісею Козелу (выкладчык Т. Л. Кот, канцэртмайстар Л. М. Новікава). Усе яны – вучні Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, якая разам з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі выступіла арганізатарам гэтага фестывалю-конкурсу, што мае добрую рэпутацыю сярод выкладчыкаў і выхаванцаў школ мастацтваў і музычных школ рэспублікі і кожны год збірае шмат юных музыкантаў, пашыраючы геаграфію ўдзельнікаў. Конкурс папулярызуе народную музыку, выхоўвае ў юных музыкантаў любоў да нацыянальнай культуры і стымулюе вучняў удасканальваць сваё выканальніцкае майстэрства на музычных інструментах.

На здымках: Аляксандр Калантай – у вобразе Сымона-музыкі; Людміла Новікава акампаніруе скрыпачцы Ганне Бегіян; З уступным словам – Мірон Була; конкурснае выступленне; сола Ксеніі Стонька; на праслухоўванні.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

←Радыё “Стоўбцы” за 1 мая 2018 г.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика