Яшчэ адзін голас вайны
Памяць патрабуе цішыні… Супярэчлівае сцверджанне, асабліва калі адносіць яго да памяці аб Вялікай Айчыннай. У гэтай вайны, як і ў любой іншай, – мноства галасоў. Прапаноўваю вам паслухаць адзін з іх, каб ведаць гісторыю роднага краю з першых вуснаў.
Марыя Мікалаеўна Калупановіч, якая жыве ў Прусцы Велівейскай адна, ласкава згадзілася падзяліцца сваімі ўспамінамі аб тых трагічных гадах, надзвычай яскравымі, нібыта гэта было толькі ўчора. Прынамсі, згадкі аб вайне нярэдка захоўваюцца вельмі добра, бо ТАКОЕ забыць нельга…
Шасцігадовая на той час Марыя добра запомніла тыя далёкія сёння летнія дзянькі, калі ўпершыню пачула ад дарослых страшныя ў сваёй незразумеласці словы: “Будзе вялікая вайна”. Аб гэтым сведчылі варожыя самалёты, якія штодзень кружылі над дахамі хат, і бамбёжкі, ад адной з якіх у вёсцы згарэлі тры клуні. Мясцовыя мужчыны накіраваліся было ў Пруску Валгінову, далей ад вайны, але хутка вярнуліся дадому, бо ўбачылі: там яшчэ горш.
У двары дома, на лавачцы ля якога мы гутарым з Марыяй Мікалаеўнай, немцы размясцілі тады сваю кухню. Адзін з іх, успамінае бабуля, зайшоў неяк у хату і немаведама нашто пасек фікус, што патрапіў яму на вочы. Маці Марыі Мікалаеўны так і не зразумела нечаканай ўспышкі варожай злосці, радавалася, што выплюхнуў яе немец на расліну, а не на дзяцей (у сям’і былі яшчэ два хлопчыкі).
Пазней ворагі забралі ў Калупановічаў парсюка, якога закалолі тут жа, згатавалі тлустую, смачную страву і ўсё ж такі, як ні дзіўна, выдзелілі гаспадарам трохі, каб паспрабавалі.
У свой час пачаліся ў вёсцы і пошукі партызан. На шчасце, людзі загадзя даведаліся аб гэтым і паспелі да загаду сабрацца разам у адным месцы, зладзіць сабе схованку. У пограб набілася 20 чалавек, узгадвае Марыя Мікалаеўна. Двое старых паглядзелі на тую цеснату ды вырашылі капаць яшчэ і яму-схованку, вызначыліся з месцам і… Варожы снарад упаў якраз туды, дзе меліся капаць. Старыя, дзякаваць Богу, не пацярпелі.
Калупановічы, між тым, выкапалі сабе схованку пад раскідзістай ліпаю, якая і сёння ўзвышаецца над сядзібай. У ёй потым давялося хаваць старэйшага брата Марыі Мікалаеўны Дзіму, які выглядаў старэйшым за свой узрост. Тады партызаны забіралі мужчын у лес і ўжо пачалі прыглядацца да хлопчыка. У схованцы яго накрылі дошкамі, а малодшыя дзеці (другі брат жанчыны нарадзіўся ў 1941-м) сядзелі на іх зверху, каб старэйшага не заўважылі.
У вёску тады па чарзе заходзілі то немцы, то партызаны, мясцовыя жыхары аддавалі ім ежу…
Аб набліжэнні жаданай Перамогі вяскоўцы даведаліся, калі немцы нечакана з’ехалі. Адзін з мужчын вылез тады са схованкі і вачам ды вушам не паверыў: нікога не было. Аднак досыць доўгі час людзі баяліся, што ворагі вернуцца.
Марыя Міхайлаўна ўзгадвае таксама і такі момант. Аднойчы праз Пруску Велівейскую для злучэння з Чырвонай Арміяй ішлі партызаны, неслі свайго параненага сябра. Маці Марыі Мікалаеўны пашкадавала іх ды прапанавала галодным цэлы прыпол хлеба. Мужчыны падыходзілі да яе па чарзе і бралі строга па адным кавалку, каб усім хапіла. Паранены ў нагу партызан увесь час стагнаў ды прасіў сяброў забіць яго, каб не пакутаваць. Памёр ён, калі падышлі да ракі, там і быў пахаваны.
З радасцю дзялілася маці маёй суразмоўцы і яблыкамі, якіх Калупановічы мелі шмат (муж пасадзіў многа дрэў у 40-м).
– Яшчэ помню адну гісторыю, – расказвае Марыя Мікалаеўна. – Была ў нашай вёсцы мая цёзка па прозвішчы Вольга Міхайлаўна. Яе аднойчы немцы вырашылі расстраляць разам з дзецьмі 1933-га і 1935 гадоў нараджэння. Вывелі, паставілі. Яна малых сваіх рукамі абняла… І раптам ворагі дазволілі жанчыне адпусціць дзяцей. “Не, – адказала яна. – Калі забіваеце, забівайце ўсіх”. Немцы павагаліся і… адпусцілі траіх.
Вайна мінула, але Марыя Мікалаеўна расказвае пра яе так, што міжволі пераносішся ў тыя падзеі, перажываеш іх, як свае. І думаеш: толькі б гэта ніколі больш не паўтарылася…
P. S. А на развітанне бабуля расказала нам яшчэ гісторыю, дзеля якой і было здзейснена наша падарожжа ў Пруску Велівейскую. Яна заслугоўвае асобнага артыкула ў газеце.
Настасся НАРЭЙКА.
Фота аўтара.