Пад аварыйным мостам у Лунінецкім раёне аднавілі рух цягнікоў
Фота: МНС
Пад аварыйным мостам у Лунінецкім раёне аднавілі рух цягнікоў. Дзеля гэтага ўсталявалі часовыя апоры, якія падтрымаюць канструкцыі пуцеправода, паведамляе прэс-служба Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС.
Аварыйная сітуацыя адбылася на мосце ў суботу, 28 красавіка — у 14.35 у МНС паступіла паведамленне аб нахіленні аўтамабільнага пуцеправода, размешчанага на 363-м км аўтадарогі М10 мяжа Расіі — Гомель — Кобрын. Інцыдэнт здарыўся падчас правядзення рамонтных працаў: на адной з жалезабетонных апораў з’явілася расколіна, таму мост пахіліла.
Мост мае 2 паласы, яго працягласць — 70 метраў, шырыня — 14 метраў. Пад ім праходзяць дзве чыгуначныя галінкі — па адной у кожным кірунку.
Рух аўтатранспарта праз мост перакрылі, спынілі таксама цягнікі, якія ішлі пад пуцеправодам. Пасажыраў чыгункі ад станцыі Люша да станцыі Дзятлавічы перавозілі аўтобусамі. У ноч на нядзелю былі ўсталяваныя часовыя апоры, што дазволіла зноў пусціць цягнікі. Аўтамабілі пускаюць аб’язнымі шляхамі.
Спецыялісты працягваюць абследаванне канструкцыяў моста.