Прафесія натхняе на самаразвіццё. Сёння – Міжнародны дзень ветэрынарнага ўрача
Каб атрымліваць задавальненне ад сваёй прафесіі, яе трэба любіць. Гэта простае правіла дапамагае Вераніцы Міцкевіч закрываць вочы на нейкія нязручнасці, недахоп медпрэпаратаў і абсталявання для паўнацэннага аказання дапамогі жывёле. Як выказваецца сама дзяўчына: для любога ветэрынарнага ўрача галоўная ўдзячнасць – гэта выздараўленне жывёлы пасля хваробы.
Пра Міжнародны дзень ветурача Вераніка, несумненна, ведае і прафесію абрала невыпадкова. У 2012 годзе скончыла Віцебскую ветэрынарную акадэмію. Працоўную дзейнасць пачынала ў адным з сельгаспрадпрыемстваў Буда-Кашалёўскага раёна. Затым перавялася ў петрыкаўскую райветстанцыю вядучым урачом-вірусолагам, чым займаецца і сёння. На 0,5 стаўкі выконвае справу ветурача, аказваючы паслугі насельніцтву, лечачы іх гадаванцаў. За дзень да нашай сустрэчы Вераніка Мікалаеўна рабіла аперацыю 14-гадовай кошцы. Не так даўно дзяўчына выпусціла ў дзікую прыроду пугача, які пражыў у яе дома некалькі месяцаў. Драпежніка прынёс на выратаванне аднакласнік: паведаміў, што птушку збіла машына і ёй патрэбна дапамога. Вераніка не толькі лячыла бедака, але і лавіла мышэй, прымусова карміла, каб птушка не страціла жыццёвыя сілы. Калі не ўдавалася злавіць мыш, то харчаванне разнастайвала курыным мясам з магазіна.
У большасці сваёй малады ўрач вывучае ў бакаддзеле інфекцыі, да якіх схільная сельгасжывёла ў нашым раёне. А яшчэ выконвае кастрацыі, апрацоўку ран, вакцынацыі і іншыя непрадбачаныя маніпуляцыі. Цяпер, напрыклад, наступіў сезон піраплазмозу. Таму Вераніка Мікалаеўна раіць апрацоўваць дамашніх кошак і сабак ад кляшчоў. Для гэтага ў продажы ёсць спецыяльныя лекі. Але калі ўсё ж клешч прысмактаўся, то можна самастойна “выкруціць” яго ці звярнуцца да спецыяліста.
Дзяўчына распавядае пра сваю дзейнасць з такім натхненнем і эмоцыямі, што становіцца радасна – вось яна, тая моладзь, на якой яшчэ будзе трымацца свет, гатовая ў любы момант аказаць дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу, але не можа пра гэта папрасіць.
Вераніка Мікалаеўна адзначыла, што ёсць на Петрыкаўшчыне спецыялісты, якія з такім жа натхненнем працуюць даволі працяглы час і маюць цудоўны вопыт. Добрыя словы яна выказала на адрас ветурачоў Таццяны Герасіменка з пціцкага сельгаспрадпрыемства, Ганны Анісімавец з ляскавіцкага. Стараецца і набывае вопыт малады спецыяліст Соня Кулік у КСУП “Грабаў”. Карыфеямі ў гэтай галіне можна назваць Анатоля Дубіну, які працуе ў Навасёлках, і галоўнага ветурача раёна Сяргея Ачапоўскага. Вераніка адзначыла, што з такім кіраўніком працаваць прыемна і лёгка. Сяргей Іванавіч не толькі дае добрыя парады, але і “выбівае” медпрэпараты для гаспадарак, аказвае дапамогу ў правядзенні дэзінфекцыі вытворчых памяшканняў. Зразумела, што не кожнай гаспадарцы па сілах разлічыцца за аказанне такіх паслуг.
Дзяўчына расказала, што тры гады працавала ў прыватнай ветэрынарнай клініцы ў Санкт-Пецярбургу. Зразумела, ёсць з чым параўноўваць. Там цудоўная аснашчанасць, ёсць усё для аказання ветдапамогі: лабараторыя для аналізаў, апараты УГВ, МРТ і гэтак далей. Таму Вераніка не ўтойвае, што вернецца туды ў хуткім часе. А пакуль павышае сваю кваліфікацыю, чытаючы ветдаведнікі, праглядваючы ў інтэрнэце майстар-класы і вэбінары.
Поспехаў, Вераніка! І заставайся такой жа пазітыўнай і натхнёнай!
Інга ГІЛЕНКА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.