Мы ведаем, куды ідзём і чаго хочам
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.
Бяспека – у еднасці народа
Бяспека краіны – у еднасці народа, моцнай унутранай і знешняй палітыцы дзяржавы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.
Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што ў свеце зноў робіцца стаўка на сілу, у тым ліку ваенную, як спосаб забеспячэння і пашырэння сваіх інтарэсаў. «Чуваць галасы аб вяртанні халоднай вайны, нават больш – ледзяной. Гэта выбухованебяспечная сітуацыя. Яна з усёй відавочнасцю дэманструе, наколькі няўстойлівым можа быць мір», – адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перад тварам пагрозы цьмянеюць любыя дасягненні цывілізацыі, любыя матэрыяльныя даброты і амбіцыйныя асабістыя поспехі. «Таму разумеем: наша бяспека – у еднасці нашага народа, у моцнай унутранай і знешняй палітыцы дзяржавы», – заявіў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што адказнасць за мір і парадак ляжыць на кожным жыхары Беларусі – пачынаючы з уласнай сям’і, дома, горада або вёскі і заканчваючы краінай. «Калі мы разам – толькі тады мы сіла. І зможам процістаяць любым выклікам», – упэўнены беларускі лідар.
Быць адкрытымі для лепшага
«Наша задача – быць адкрытымі для лепшага. Мэта – расці хутчэй, чым іншыя, і такім чынам скарачаць адставанне ад развітых краін. У гэтым залог якасных змяненняў, якія нам патрэбны і якія дадуць магчымасць павышаць узровень дабрабыту грамадзян Беларусі адносна іншага свету», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, гэтая тэма была галоўнай на пасяджэнні ўрада, дзе разгледжаны вынікі 2017 года. «Мы не рабілі ніякай тайны, мае строгія ацэнкі і прынцыповыя вывады даведзены да грамадства», – адзначыў ён.
Мы будуем дзяржаву для народа
«Галоўная мэта застаецца нязменнай – мы будуем дзяржаву для народа», – падкрэсліў кіраўнік краіны.
Паводле яго слоў, цяпер на першы план выходзіць задача ўмацаваць эканоміку і прымножыць дабрабыт грамадзян. Свет не стаў прасцейшым, ён стаў цікавейшым, даў роўныя магчымасці і шанцы. Умець скарыстацца імі – пытанне будучыні краіны, яе незалежнасці і паспяховасці, як сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Якой будзе Беларусь заўтра – залежыць ад кожнага з нас! Пры гэтым трэба памятаць, што працвітаючай можа быць толькі тая краіна, дзе існуе баланс адказнасці дзяржавы і грамадства за выкананне сваіх абавязкаў. Дзе кожны клапоціцца не толькі аб сабе, але і аб Радзіме. Дзе любыя выклікі і пагрозы не расколваюць грамадства, а аб’ядноўваюць, дапамагаючы выстаяць у сучасным свеце», – заявіў ён.
«Калі мы будзем працаваць дастойна, сумленна, то сумеснымі намаганнямі зможам дабіцца пастаўленых мэт і зрабіць жыццё беларускага народа лепшым. І мы зробім гэта, таму што ведаем, куды ідзём і чаго хочам», – сказаў Прэзідэнт.
Аб эфектыўнасці эканомікі
«Шчыра кажучы, год таму мы былі настроены на больш сціплыя вынікі, чым атрымалі. Эфектыўнасць, з якой працавала краіна, і карпатлівая праца беларускага народа далі станоўчы вынік. Сумеснымі намаганнямі негатыўныя тэндэнцыі апошніх гадоў мы, быццам бы, пераадолелі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У Беларусі, як канстатаваў Прэзідэнт, нізкі ўзровень інфляцыі, аднаўляюцца аб’ёмы экспарту, паляпшаецца структура плацежнага балансу. «Грошай столькі, колькі мы зарабляем, і для вырашэння праблем друкарскі станок не ўключаем, – звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. – Бюджэтныя сродкі расходуюцца толькі па мэтавых праграмах і пад канкрэтныя задачы – гэта дае магчымасць мець узважаную курсавую палітыку».
«Галоўнае цяпер – надаць пазітыўным змяненням незваротны характар. Гэта – краевугольны камень эканамічнай палітыкі, тое, што дасць магчымасць захаваць эканамічную стабільнасць, а значыць, мір і парадак у грамадстве», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Наш унутраны патэнцыял дае магчымасць, каб эканоміка расла незалежна ад таго, колькі каштуе нафта і які яе аб’ём мы перапрацуем, якая кан’юнктура на калій або прадукты харчавання», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў і паслуг павінна быць такой, каб знешнія фактары ўплывалі на развіццё краіны мінімальна, падкрэсліў Прэзідэнт.
«Гэтая задача – пытанне не аднаго дня, хоць аб яе вырашэнні мы гаворым ужо з дзясятак гадоў. Патрэбны рэзультат, – патрабуе кіраўнік дзяржавы. – Сярэднетэрміновая мэтавая ўстаноўка даведзена да ўсіх. Яна застанецца нязменнай – дасягненне да канца наступнай пяцігодкі ВУП не менш як $100 млрд».
Павялічваць долю расходаў на сацыяльныя патрэбы
«Патрабую ад урада штогод павялічваць долю расходаў, што накіроўваюцца на сацыяльныя патрэбы. Менавіта так мы можам стымуляваць нараджальнасць, дапамагаць шматдзетным сем’ям, пажылым людзям – усім тым, хто рэальна мае патрэбу ва ўвазе дзяржавы», – сказаў беларускі лідар.
Даходы бюджэту ў асноўным фарміруюцца за кошт сродкаў, якія прама ці ўскосна плаціць насельніцтва (падаходны падатак, мытныя пошліны, акцызы, ПДВ). «Але гэта мадэль багатых краін», – адзначыў Прэзідэнт.
Беларускі лідар дадаў, што тыя, хто павінен напаўняць бюджэт, – прадпрыемствы, якія з’яўляюцца актыўнымі спажыўцамі яго рэсурсаў (тут і дзяржаўная падтрымка, і бюджэтныя пазыкі). «Трэба вярнуць грошы насельніцтву», – запатрабаваў ён.
Пра бізнес
«Усёй выканаўчай вертыкалі трэба будзе вырашыць задачу аказваць усебаковую дапамогу бізнесу ў стварэнні новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў, якія забяспечаць пазітыўную дынаміку развіцця кожнага рэгіёна краіны», – сказаў беларускі лідар.
«Цяпер праводзіцца вялікая работа па актуалізацыі заканадаўства з улікам нормаў дэкрэта «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Яшчэ раз папярэджваю кожнага распрацоўшчыка: не смейце скажаць ні дух, ні літару прынятых рашэнняў. Калі недзе сумняваецеся, лепш лішні раз парайцеся», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Сёння глыбокая перапрацоўка ўласнай сыравіны, драўніны, сельскагаспадарчай прадукцыі так і застаецца на ўзроўні планаў, нягледзячы на велізарныя капітальныя ўкладанні. Хоць на гэтым можна зарабіць дзясяткі мільярдаў. Неабходна хутка асвойваць новыя напрамкі. У нас вырысоўваюцца контуры ІТ-краіны, сфарміраваны ўнікальныя ўмовы ў кітайска-беларускім парку, зроблена высокая стаўка на малы і сярэдні бізнес», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён упэўнены, што дынамічнае развіццё традыцыйных і новых галін дасць магчымасць Беларусі заняць дастойнае месца ў глабальных працэсах і не застацца ў ролі пасіўнага ўдзельніка.
Як паведамлялася, у пасланні абазначаны таксама задачы забяспечыць трансфер ідэй у Беларусь, зрабіць краіну прывабнай для багатых людзей з усяго свету. Стабільныя, камфортныя, прадказальныя ўмовы вядзення бізнесу павінны стаць нацыянальным брэндам.
«Трэба ўключаць малы і сярэдні бізнес у экспартны напрамак. Асабліва гэта датычыць сферы паслуг. Турызм, медыцына, спорт – гэта тыя галіны, дзе мы фактычна топчамся на месцы, хоць ёсць усе магчымасці для дынамічнага нарошчвання іх экспартнага складніка. Даручаю ўраду наладзіць сістэмную работу па гэтым пытанні. І не забудзьце пра імпартазамяшчэнне. У бліжэйшыя месяцы вы будзеце даваць справаздачу Прэзідэнту па гэтым пытанні», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь экспартуе дзве трэці вырабленага прадукту. «А значыць, наш дабрабыт – на знешніх рынках.
Адпавядаць рэчаіснасці
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пытанне магчымай карэкціроўкі Канстытуцыі пастаянна абмяркоўваецца ў СМІ. «Прычым даходзіць да таго, што асобныя «гарачыя галовы» заяўляюць, быццам не сёння дык заўтра Прэзідэнт назначыць рэферэндум па змяненні нормаў Асноўнага закона, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Я ніколі не дзейнічаў несумленна ў адносінах да нашых людзей. І ніколі на гэта не пайду. Я ведаю, адкуль я прыйшоў і як я перамог на прэзідэнцкіх выбарах. Я абяцаю: ніколі не парушу сваю клятву, чаго б мне гэта ні каштавала».
«З народам іграцца нельга», – прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што ў выпадку правядзення рэферэндуму аб ім будзе загадзя, паводле закону, сказана. «Асабіста я пакуль ні пра які рэферэндум нават не думаў, – дадаў Аляксандр Лукашэнка. – Нам цяпер не да рэферэндумаў. Нам трэба ў гэтай бурнай, хаатычнай, небяспечнай сітуацыі ў свеце выстаяць».
Свой пункт гледжання наконт гэтага Прэзідэнт ужо выказваў на сустрэчы з судзейскім корпусам. Тады гаварылася, што да вырашэння гэтага пытання ў Беларусі прыйдуць, але з цягам часу. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нарматворчасць – жывы і дынамічны працэс, такі ж, як і само жыццё. У гэтым плане Канстытуцыя, як і любы іншы нарматыўны акт, будзе ўдасканальвацца.
З таго часу, як быў прыняты Асноўны закон, у краіне многае змянілася. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў судовую рэформу 2013 года. Пасля яе ў Беларусі няма Вышэйшага гаспадарчага суда, аднак згадванне аб ім засталося на старонках Канстытуцыі. «З’явіліся новыя дзяржаўныя інстытуты. На прынцыпова іншы ўзровень выйшлі эканамічныя адносіны. Многае з таго, што было зроблена, цяпер неабходна адлюстраваць у Канстытуцыі. Але нормы Асноўнага закона павінны не проста адпавядаць рэчаіснасці, а крыху апярэджваць яе, працаваць на перспектыву», – сказаў Прэзідэнт.
Аб карупцыі
«Самым згубным чынам на стан эканомікі, ды і не толькі гэтай сферы, уплывае карупцыя. Хабарніцтва здольна падарваць аснову любой дзяржавы. Менавіта яно стварае глебу для росту ценявой эканомікі і падрывае давер людзей да дзяржавы. У нашай краіне не павінна быць месца карупцыі. Барацьба з ёй на ўсіх узроўнях была і будзе самай рашучай і празрыстай», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што беларускія СМІ рэгулярна паведамляюць аб гучных арыштах і пакараннях службовых асоб за такія злачынствы. «У простага чалавека нават можа скласціся ўражанне, быццам усе вакол жулікі і зладзеі. Вядома ж, гэта не так. У сістэме кіравання шмат сумленных, прыстойных людзей. Такіх – абсалютная большасць, інакш проста немагчыма было б працаваць. І тое, што нашы грамадзяне бачаць на тэлеэкранах, чытаюць на старонках газет, толькі паказвае адкрытасць улады ў пытаннях барацьбы з гэтым злом. Людзі павінны разумець, што ніякія сітуацыі не замоўчваюцца і незакранутых няма і не будзе», – звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Апошнія кадравыя перамены – яркі прыклад таго, сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Аб геапалітыцы
У Пасланні Прэзідэнт адзначыў істотныя праблемы міжнароднага жыцця, абстаноўкі ў свеце.
«Мы адчуваем гонар за сваю краіну. Паважаючы ўсе нацыі і дзяржавы, маем поўнае права патрабаваць такой жа павагі да сябе. Беларусь – еўрапейская краіна з добрай эканомікай, якая развіваецца, спакойнай грамадска-палітычнай сітуацыяй, міжканфесійным мірам і сумленнай, адказнай знешняй палітыкай. Мы нікому не ствараем праблем, а толькі дапамагаем іх вырашаць, калі нас аб гэтым просяць», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
БелТА