Дзесяцікласніца Агароднікаўскай сярэдняй школы Вікторыя Дземідовіч стала пераможцай рэспубліканскай прадметнай алімпіяды
“Не магу не вучыцца. Сумленне не дазваляе”, – кажа выдатніца Віка Дземідовіч з Сакалова. Усё робіць дасканала не таму, што хоча быць найлепшай, а таму, што так прывыкла з маленства. Па ўсіх прадметах дзясяткі, а па беларускай мове і літаратуры яшчэ і ганаровыя ўзнагароды. Так, Вікторыю можна шчыра павіншаваць: на сёлетняй рэспубліканскай алімпіядзе па гэтых прадметах дзяўчынка стала ўладальніцай дыплома І ступені!
Заключны этап праходзіў на вясновых канікулах у Мазыры, куды дзесяцікласніца Агароднікаўскай сярэдняй школы адправілася ў складзе каманды Брэсцкай вобласці. Усе тры туры інтэлектуальных спаборніцтваў пераадолела паспяхова: напісала водгук на літаратурны твор, выканала комплексную работу і выступіла на патрыятычную тэму перад журы. Эмацыянальна, пранікнёна выказалася ў апошнім туры пра Радзіму, даражэй за якую няма нічога на свеце.
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем, –
працытавала вядомыя радкі з верша Рыгора Барадуліна. Для яе дом – любімая сям’я, утульная школа, родная вёска, яна гатова самааддана працаваць на іх карысць.
Мама Вікі Святлана Аляксееўна – настаўніца беларускай мовы і літаратуры, намеснік дырэктара школы, менавіта яна рыхтавала дачушку да алімпіяды. Гэта былі не толькі школьныя заняткі, але і шматлікія дамашнія. Вывучэнне мовы і літаратуры стала для іх хобі і нават стылем жыцця, і цяперашняе дасягненне – вяршыня іх намаганняў. У мінулым годзе на заключным этапе алім-піяды Віка была адзначана дыпломам ІІІ ступені, і гэта таксама высокая ацэнка. Так трымаць!
* Пахвальным водгукам на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры адзначана вучаніца 10 класа гімназіі г. Белаазёрска Ганна Акавітая, рыхтавала яе настаўніца Таццяна Мікалаеўна Пунько.
Фота Сцяпана ЦЮШКЕВІЧА.