Трывожыць сэрца ўспамін
Красавік. Слаўны веснавы месяц. Але менавіта красавіцкі дзень 1986 года для многіх падзяліў жыццё на дзе часткі. Радасць і кветкі ў родным куце, а потым – новае жытло, хваробы, боль і горкія ўспаміны. Час не лечыць, а толькі крыху прытупляе частку болю. Ужо тады ядзерная хваля вынесла прысуд чалавецтву. З’явілася новае слова: “чарнобыльцы”. Наша вёска Заполле стала другой Малой Радзімай для вялікай колькасці людзей з выселеных раёнаў. У мяне таксама свае балючыя ўспаміны. У той жудасны дзень я, шчаслівая і ўзнёслая, бегла на ўрокі ў адной са школ горада Гомеля. Ішлі апошнія падрыхтоўкі да турыстычнага злёту. Любімая работа, новая кватэра, муж. Ужо шосты месяц пад сэрцам жыў сынок. А далей… Далей раскажуць нашыя з ім вершы.
Голас маці:
Я правяла апошні свой урок,
Бягу дамоў шчаслівая бясконца.
Бо ведаю: пад сэрцам ты, сынок.
А дзесьці ўжо разявіў пашчу стронцый.
Зялёны Гомель раптам пачарнеў.
Не вабіць больш пясчаны бераг Сожа.
Здаецца, што заціх птушыны спеў.
Куды ж падзецца, Міласэрны Божа?
Блішчыць раса на шчочках у клубніц,
І ападаюць на зямлю маліны.
Не зразумець вучоных таямніц.
А сэрца млее кожную хвіліну.
Усе нібыта так, як і раней:
Гарачы чэрвень, раніцы ў росах.
Паперка ў магазіне ля дзвярэй,
Што малако ўжо толькі для дарослых.
А на вакзале, нібы ў вайну
Сядзяць на вузляках старыя і дзеці.
У якую ім падацца старану, –
Не ведаюць ні ў першы дзень, ні ў трэці.
Мой дом каля дарогі кальцавой.
І кожны дзень адно і тое бачу:
У аўтобусах жанкі і дзеці… Божа мой!
Куды вязуць іх? Я бясконца плачу…
Хто раптам радасць адабраў у нас?
Якая тая незямная сіла?
Прабач, мой сын, што ў гэты цяжкі час
Цябе на белы свет я нарадзіла.
Сэрца нібы адчувала бяду. У нашым шматпавярховым маладзёжным доме хварэлі ўсе немаўляты. Калі сыну споўнілася 2 гады, дактары цвёрда параілі змяніць месца жыхарства. Чэрвеньшчына добра нас прыняла. Але ланцужок іншых праблем цягнуўся. У 11 год сын напісаў свой першы верш пра Чарнобыль.
Голас сына:
Чорны боль!
Колькі гора і бед
Ты з сабою прынёс у гэты свет?
Хмарай чорнай, слязой з небыцця
Разбурыў, зруйнаваў лад жыцця.
Над атручанай, горкай зямлей
Кружыць воранам атамны рой.
Хто адкажа:” Ці будзе той дзень,
Калі гора пакіне людзей.
І ад чыстай расы спакваля
Ачуняе ад гора зямля?”
Голас маці:
Бежанцы крылатыя з выраю ляцяць.
З-пад аблок над хатамі
Радасць іх чуваць.
Пералёты доўгія прытамілі ўсё ж.
Галасы шчаслівы адчаго ж?
Восенню рабінавай пакідалі тут
Пад Мытвой і Лінавам усірацелы кут.
Людзі ацураліся з веку родных хат.
Страшыць радыяцыі чорны чад.
А вясна нявесціцца нібы напаказ.
Лотаць сонцам свеціцца і шапоча вяз:
Паглядзі, бярозанька, палюбуйся зноў
Не забылі “бежанцы” родных паплавоў.
Голас сына:
Цішыня, Навокал ні душы.
Толькі вецер вые побач недзе.
Ні адной машыны на шашы.
А чаго? І хто сюды паедзе?
Тут у вокнах не відаць святла,
Смех дзіцячы не гучыць па школах.
Тут без чалавечага цяпла
Сонейка здаецца невясёлым.
Горад сумны. Горад быццам спіць.
Чорны боль лунае над прасторам.
Прыпяць вечным помнікам стаіць
Атаму! Слязам! Людскому гору!
Голас маці:
Блакіт бяздонны над буслянкамі.
У карунках яркіх вокны хат.
Вясна над Сожам і Лабжанкаю.
Буслы, вяртайцеся назад.
Узнясіце радасць над палеткамі.
Крылом краніце небасхіл,
Каб засмяялісь пожні кветкамі,
Каб знік гаркава-чорны пыл.
У аркестры трэляў красавіцкіх
Чуваць акорды ручаёў.
Без вас сумуюць Днепр і Прыпяць.
Буслы, вяртайцеся дамоў!
Не заблудзілісь! Не спужаліся!
Дамоў спяшаліся здалёк.
Шчаслівай песняй прывіталіся:
Мы тут, Радзіма! Клёк! Клёк! Клёк!
Хутка ў нашых храмах зноў загучаць малітвы:
Господи, Иисусе Христе, Боже наш! Призри на всех, пострадавших от ядерной катастрофы в земле нашей, не дай им остаться без крова и надежды…, даруй им мужество и веру…
Голас маці:
Чорнае слова, як чорнае сонца
На небасхіле Радзімы маёй.
Тчэ павуціну смяротную
стронцый,
Не разарваць чалавечай рукой.
Вёскі палескія з горам абвенчаны,
Сталі раскіданым чорным гняздом.
Хмыз і быльнёг на падворках знявечаных…
Рэхам спалоханым коціцца гром.
У падаконнік зламаны бярэзіна
Мёртва ўчарэпілась корнем-кляшнёй.
Цягнецца ўвысь, гнецца ветрам гарэзлівым,
Быццам радніцца не хоча з зямлёй.
Пуста ў буслянках, не чуецца клёкату.
Вусцішна-жудасна ноччу і днём.
Чахне зямля без руплівага клопату.
Дротам калючым, нібыта агнём
Радасць закрэслена. Горка бясконца.
Божа Магутны! Любоўю сваёй
Чорныя словы і чорнае сонца
Змый з небасхілу Радзімы маёй!
Далучайцеся, людзі, да малітвы за дзяцей і ўнукаў, за бацькоў і суседзяў, за будучыню Радзімы нашай, за будучыню ўсёй Зямлі!
Наталля Сівак (Зольнікава),
в. Заполле