Пяцьдзясят восем вёсак і пасёлкаў Веткаўскага раёна скончылі сваю гісторыю з аднолькавай фармуліроўкай: “Адселена (адселены) у свувязі з аварыяй на ЧАЭС

Источник материала:  
26.04.2018 — Разное

Пяцьдзясят восем вёсак і пасёлкаў Веткаўскага раёна скончылі сваю гісторыю з аднолькавай фармуліроўкай: “Адселена (адселены) у свувязі з аварыяй на ЧАЭС

НА ЗДЫМКЕ: аўтар матэрыяла з жыхаркамі пасёлка Падкаменне Марыяй Іванаўнай Клімянковай і Фёклай Іванаўнай Костачка.

У гэтым шэрагу вёска Старое Закружжа, а таксама паселішчы Амяльное і Падкаменне.

Па пісьмовых крыніцах, Старое Закружжа вядома з п. ХIX ст. як паселішча Вылеўскай воласці Беліцкага павета Магілёўскай губерніі. У 1926 г. перасяленцамі з гэтай вёскі былі заснаваны паселішчы Амяльное і Падкаменне. Адбывалася гэта наступным чынам: “Калісь у сяле яны жылі — у Закружжы. А тады ўжо... Цесната да ўсё, ну і сталі бальшыя сёлы біць на пасёлкі, хто хоча. Як рэвалюцыя стала, тэй багаты быў, і сказалі: “Сяленія дзелаць. На пасёлкі біць”. І ўсі ж хочаць, што зямлі... То ж зямлі давалі памалу... вот перясялілісь”.

Праца па вывучэнню мясцовай культуры была распачата супрацоўнікамі Веткаўскага музея народнай творчасці напачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Не спынілася яна і пасля адсялення вёсак, паколькі мы маем магчымасць сустракацца з жыхарамі гэтых вёсак, якія цяпер жывуць у Ветцы і іншых населеных пунктах раёна.

У 1992 годзе спынілі сваё існаванне вёскі з адметнымі традыцыямі: песнямі, абрадамі, вераваннямі. Асаблівымі, не падобнымі на песні іншых вёсак лічуць былыя жыхары Старога Закружжа і яго паселішчаў: “Дзеўкі пяюць. Як бабы, так і дзеўкі. Тыя песні. Не саўпадаюць песні. Што ў Закружжы пяюць і ў Пацёсах. Мы  кажды знаім сваі песні”. Ну, як падкаменскія і амяленскія, дак адзінакавыя былі. Мы свадзьбы… Ты жывеш на Амяльном… Жаніўся… Браў з Падкамення… Пяюць… І на работу мы ўмесці хадзілі — Падкаменне і Амяльноя... выдзіш... ряўкі — і другая хата, куры перябягалі… ты крайні жыў на Амяльном, а я на Падкаменні… Куры бегаяць і туды, і туды — блізка ж. І ўмесці пелі і гулялі. І ў Закружжы пачці адзінакава”.

Гэтая культура дасталася ім у спадчыну. Пра гэта гавораць пастаянныя ўдакладненні маіх субяседніц, кшталту: “Матка казала”, “баба казала”, “свякруха казала”, “старыкі расказвалі”. Стасункі са старымі людзямі былі для іх самай сапраўднай школай мясцовай культуры. Мае суразмовіцы любяць успамінаць, як яны сустракаліся з імі, слухалі іхнія аповеды, вучыліся ў іх: “Німа дзядоў, як калісь былі. Пра калісяшняя, то пра ваўкоў, то як калісь вужоў бачылі, усё такоя гаворяць, пуцёвая, ні мацюкоў німа... Ціперака, дак ета як за пазор счытаяць, што дзеўкі кала дзядоў. А мы калісь: “Баба, вон дзяды сядзяць, пойдзіма пасядзіма”. Баба: “Ну, ідзіця”. Прыдзіма, яны пра сваё гаворяць... так інцярэсна: другі кажа, як сам дзелаў плуг... а мы сядзіма і слухаім, а ціперяка маладзёж курыць, выпіць піва...”

Адна з маіх самых любімых суразмовіц Варвара Аляксандраўна Грэцкая распавядае, што большасць сваіх песен яна пераняла ад сваёй бабулі па бацькоўскай лініі Алёны Максімаўны і матулі Пелагеі Пятроўны Грэцкай. У сваю чаргу, спасылаючыся ў сваіх аповедах на сваю бабулю, Варвара Аляксандраўна ўзгадвае, што бабуля таксама спасылалася ў сваіх аповедах на сваіх “бабу” і “прабабу”: Калі прыняць ва ўвагу, што некаторае з таго, што ведае Варвара Аляксандраўна, ведаюць яе ўнукі, можна сказаць, што нават у аглядныя намі часы дадзеная традыцыя існуе ўжо для сямі пакаленняў.

У Старым Закружжы вучылі, што для кожнай песні ёсць свой час і месца: “У нас так пелі: напрымер, вясна — веснавыя песні, у Каляды сваі песні пелі, на свадзьбе спецыяльна такія ё песні. Ужо на свадзьбе — не жніўную, ні шчэдравую не запяеш, і пра маслінку ўжо не прапяеш”. Вучылі таму, што песняй можна выказаць шанаванне святу: “Баба, ужо які празнік, яна будзя сядзець, ці прядзе, ці тчэ, і ціхонька пряпяе песню. Перва Богу памоліцца, устаня ўраньня, тады ўжо гаворя: “Дзеўкі, сёдні ж нада тую-тую песню прапець”. Вучылі таму, што песняй можна выплакаць долю: “Дзеўка ўжо выходзя замуж. І дзеўкі, падругі, сабіраяцца і пяюць дзеўкі пасад. Там такія слава: “Некаму стаяць ўканцы стала, прасіць Госпада Бога шчаслівыя долячкі...” І такіх песен, можа, многа. І Алёна наша гаворя на мяне: “Плач! Выплаківай сабе долю!” Вучылі таму, што не своечасова спетая песня лічыцца грахом: “Калісь было грэх! І ўсё. Не ў сваё ўрэмя песню пець — ужо грэх. Вот, была Піліпаўка. Матка мая мне казала ў Піліпаўку: “Глядзі не танцуй ў Піліпаўку і песен не пей. А то долі не будзя. Будзіш без долі!” Вот, і прыдзіш на гуляння. Тут і танцаваць цібе просяць і пець. А ты так карёжышся, “то тоя баліць, то тоя”. І ўжо думаіш: “Нада счасця высідзіць”. Не нада ў Піліпаўку пець і танцываць”.  І яшчэ: “Ціпер я ня знаю, а калісь бацька памрэ ці матка, да шасці  нядзель, штоб ня пелі, ня танцавалі”.

Выказванні гэтых жанчын пра свае песні напоўнены глыбокімі хваляваннямі за іх лёс. Вельмі прыгожа, на маю думку, сказала Варвара Грэцкая: “Я з душы песні пазвалівала. Што ў міне на душэ было, песні якія, ты запісаў. Вот ані ў міне на душэ былі, я іх знала, а ціпер ты... можа, яшчэ які найдзіцца пачытая ці што-нібудзь... З душы іх усе зняла, мне і добра, што я людзям як падарак падарыла”.

Амаль усі запісы, што прыводзяцца ў гэтай публікацыі, былі зроблены ўжо пасля адсялення вёсак. 

Гэтая публікацыя падрыхтавана па аповедах Праскоўі Сяргееўны Кужэльнай, Соф’і Кірылаўны Ксянзовай, Ганны Андрэеўны Аўчыннікавай і Марыі Аляксееўны Аўчыннікавай са Старога Закружжа, Варвары Александраўны Грэцкай з Амяльнога, Паліны Дзімітреўны Карасёвай, Фёклы Іванаўны Костачка і Таццяны Іванаўны Варачкінай з Падкамення.

Падрыхтаваў Генадзь ЛАПАЦІН.

Яндекс.Метрика