На магілёўскім заводзе "Электрарухавік" разлілі 6 кг іртуці
Фота: mchs.gov.by
Надзвычайнае здарэнне адбылося на магілёўскім заводзе "Электрарухавік" 24 красавіка. У гэты дзень у 14.50 мясцовым ратавальнікам паведамілі, што на прадпрыемстве разлілася ртуць, паведамляе прэс-служба МНС.
На месцы здарэння супрацоўнікі МНС выявілі, што разліў срабрыстага рэчыва адбыўся, калі ў цэх па вытворчасці электрарухавікоў пагрузчык перавозіў металічны кантэйнер з металаломам. Шарыкі срабрыстага рэчыва разліліся на плошчы 15 квадратных метраў.
Ратавальнікі абследавалі і агарадзілі месца выяўлення, правялі дэмеркурызацыю месца здарэння. Пасля гэтага яны замерылі канцэнтрацыю пароў іртуці ў цэху. Перавышэнняў гранічна дапушчальнай колькасці зарэгістравана не было.
Паведамляецца, што пацярпелых пры інцыдэнце няма, тэхналагічны працэс прадпрыемства не парушаны.
Работнікі МНС забралі для ўтылізацыі 6 кг іртуці і ртуцеўтрымальных адкідаў.