Дэпутаты прымножылі лясное багацце
Месячнік па добраўпарадкаванню і навядзенню парадку на зямлі дэпутацкі корпус традыцыйна пачаў з пасадкі дрэў, далучыўшыся такім чынам да рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу-2018», якая сёлета прымеркавана Году малой радзімы і ўзнаўленню лясоў, пашкоджаных у выніку масавага распаўсюджвання насякомых-шкоднікаў.
Пад дэвізам «Пасадзі дрэва – зберажы і прымнож лясное багацце» самыя актыўныя і неабыякавыя да сваёй малой радзімы дэпутаты на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар высадзілі каля 6 тысяч саджанцаў хвоі. А гэта амаль гектар тэрыторыі ў Хойніцкім лясніцтве.
Работнікі лясгаса загадзя падрыхтавалі тэрыторыю, растлумачылі тэхналогію пасадкі саджанцаў з дапамогай лесапасадачнай рыдлёўкі «Меч Колесава». Дарэчы, гэты інструмент прыдумаў яшчэ ў 1883 годзе дырэктар Харкаўскага земляробчага вучылішча А.А. Колесаў для пасадкі саджанцаў хвоі.
Хочацца ўбачыць вынік сваёй працы – падросшыя дрэўцы.
Вольга БЕЛАШ. Фота аўтара.